Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Байдэн: «Напад на Ўкраіну стане катастрофай для Расеі»


Джо Байдэн

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн спрагназаваў, што Расея пачне ваенны наступ на Ўкраіну, але тады Масква сутыкнецца з сур’ёзнымі эканамічнымі наступствамі.

«Я ня вельмі ўпэўнены, што Пуцін вырашыў, што ён зьбіраецца рабіць. Мяркую, што ён увойдзе. Ён мусіць нешта рабіць», — сказаў Джо Байдэн на прэс-канфэрэнцыі, прымеркаванай да свайго першага году ў Белым доме.

Байдэн упэўнены, што напад на Ўкраіну стане «катастрофай для Расеі», нанясе Маскве велізарныя чалавечыя, эканамічныя і палітычныя страты.

«Нашы саюзьнікі і партнэры гатовыя нанесьці сур’ёзную шкоду Расеі і расейскай эканоміцы», — сказаў ён, маючы на ўвазе санкцыі супраць энэргетычнага сэктару і абмежаваньні, якія зробяць немагчымай для расейскіх банкаў працу з далярамі ЗША, сусьветнай валютай.

Нягледзячы на тое, што расейскае войска больш магутнае за ўкраінскае, Байдэн выказаў здагадку, што расейцы панясуць «цяжкія» страты ў вайне.

«Калі якія-небудзь расейскія вайсковыя сілы перасунуцца праз украінскую мяжу, гэта будзе адноўленае ўварваньне, і гэта будзе сустрэта хуткай, жорсткай і аб’яднанай рэакцыяй з боку Злучаных Штатаў і нашых саюзьнікаў. Прэзыдэнт Байдэн таксама ведае з працяглага досьведу, што расейцы вядуць шырокую агрэсію, якая, акрамя ваенных дзеяньняў, уключае кібэратакі і ваенізаваную тактыку. І сёньня ён пацьвердзіў, што гэтыя акты расейскай агрэсіі будуць сустрэты рашучым, узаемным і адзіным адказам», — сказалі ў афіцыйнай заяве Белага дому.

«Я ведаю, што перад Пуціным сур’ёзны выбар: альбо эскаляцыя, альбо дыпляматыя», — дадаў Байдэн.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG