Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абяцаюць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу ў выпадку агрэсіі Расеі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен вітаюцца на сустрэчы ў Кіеве 19 студзеня 2022 г.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што за апошнія некалькі тыдняў адбылося больш як 100 інтэнсіўных міжнародных кансультацый у розных фарматах, каб папярэдзіць агрэсію Расеі супраць Украіны.

«Расея ўжо трывалы час дэстабілізуе Ўкраіну эканамічна і палітычна. І мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну», — заявіў Энтані Блінкен 19 студзеня ў Кіеве па выніках сваіх сустрэч з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Дзьмітром Кулебам.

Паводле яго, ЗША цягам апошняга году прадставілі Ўкраіне найбольшую дапамогу ў сфэры бясьпекі і абароны, а ў 2022 годзе плянуюць дадаткова выдзеліць 300 мільёнаў даляраў.

«Калі Расея адновіць сваю агрэсію, у такім выпадку мы дадзім дадатковыя матэрыялы Ўкраіне. Усе гэта ўжо сплянавана, і мы будзем спрыяць абароне Ўкраіны», — дадаў Блінкен.

У той жа час ён заклікаў палітычную эліту Ўкраіны не расколваць грамадзтва, бо гэта, на ягоную думку, спрацуе на Расею.

«Наколькі нам вядома, адной з даўніх мэтаў Масквы было пасеяць разлад ва Ўкраіне, каб украінцам было цяжэй працаваць над рэалізацыяй сваіх эўрадэмакратычных памкненьняў. Украіна павінна пазьбягаць любых дзеяньняў, якія дапамогуць цынічным намаганьням Расеі. Не дазваляйце Маскве падзяліць вас. Гэта азначае, што лідэры ўнутры і за межамі ўкраінскага ўраду павінны адкінуць свае рознагалосьсі на карысьць агульных нацыянальных інтарэсаў і працаваць разам, каб падрыхтавацца да цяжкіх дзён», — дадаў ён.

У сваю чаргу, міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба дадаў, што цяпер усе намаганьні накіроўваюцца на дыпляматычнае ўрэгуляваньне супярэчнасьцяў. Але ён перакананы, што «канфлікт будзе вырашаны толькі тады, калі апошні расейскі жаўнер пакіне асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей і Аўтаномнай Рэспублікі Крым».

«Я веру ў нашу здольнасьць пераадолець і гэты складаны момант у нашай гісторыі. Я абсалютна ня маю сумневаў, што так і будзе, і запэўніваю, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, і ўрад Украіны на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, і Вярхоўная Рада, — усе працуюць кожны дзень для ўзмацненьня Ўкраіны і над тым, каб мы прайшлі гэты пэрыяд годна і бясьпечна. Найбольшым дасягненьнем Расеі будзе паніка, зьнявера ўкраінскага грамадзтва і разгойдваньне нас унутры — нашай эканомікі і фінансавай сыстэмы. Таму мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб не дазволіць Расеі дасягнуць гэтай мэты, нават не дастаючы з кішэні зброю», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

«Усе нашыя намаганьні накіраваныя на тое, каб сытуацыя ў краіне заставалася стабільнай, каб фінансавая сыстэма захоўвала сваю моц і прадказальнасьць, каб украінская эканоміка не пакутавала ад праблем у сфэры бясьпекі. І гэтай тэме мы сёньня шмат аддалі ўвагі», — паведаміў украінскі міністар.

Энтані Блінкен пасьля сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны 21 студзеня ў Жэнэве (Швайцарыя) абмяркуе мірнае ўрэгуляваньне сытуацыі зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і паведаміць Украіне пра вынікі гэтых перамоваў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • У Марыюпалі Расея працягвае бамбаваньне заводу «Азоўсталь». Пры бамбаваньнях гінуць людзі. На заводзе засталіся пераважна вайскоўцы полку «Азоў». Як сказалі ў палку, расейцы за час вайны маглі забіць да 25 тысяч марыюпальцаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG