Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве і Ўкраіне адрэагавалі на расейскія войскі ў Беларусі: гэта высокі ўзровень ваеннай пагрозы


Ілюстрацыйная выява. Расейская дэлегацыя на вучэньнях «Захад-2021»

Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што перакіданьне расейскіх войскаў у Беларусь і ўзмацненьне сухапутнага і супрацьпаветранага кампанэнту сьведчаць аб высокім узроўні ваеннай пагрозы зь беларускага кірунку.

«Зьявілася яшчэ адна пагроза, і мы лічым, што гэта павышэньне ўзроўню пагрозы, — гэта разгортваньне груповак войскаў на тэрыторыі Беларусі. У чым пагроза? У тым, што на тэрыторыі Беларусі рагортваецца паўнавартасная групоўка войскаў, якая будзе мець паветраны і сухапутны кампанэнт. Ня выключана, што будзе ўзмоцнена і супрацьпаветраная абарона», — заявіў Вадзім Скібіцкі ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время».

Прадстаўнік украінскай выведкі дадаў, што вайсковыя сілы ўжо правялі разьведку для разгортваньня вялікай групоўкі паветрана-дэсантных войскаў Сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі з удзелам падразьдзяленьняў Узброеных сіл Расеі.

Вадзім Скібіцкі дадаў, што на сёньня паблізу межаў Украіна Расея сканцэнтравала 106 тысяч вайскоўцаў і працягвае нарошчваць іхную прысутнасьць.

«Расея цяпер актыўна перакідвае войскі з Усходняй вайсковай акругі для ўдзелу ў вучэньнях „Саюзная рашучасьць“. Паводле нашай інфармацыі, таксама будуць перакідваць асобныя групы Другой арміі — яны ўвойдуць або на тэрыторыю Беларусі, або застануцца на мяжы на тэрыторыі Расеі. На сёньняшні дзень Расея перакідвае ў эўрапейскую частку Расеі падразьдзяленьні з усіх акругаў — Заходняй, Цэнтральнай і Ўсходняй», — патлумачыў Вадзім Ськібіцкі.

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter заклікаў украінцаў не панікаваць:

«Гады расейскай агрэсіі навучылі: эскаляцыя заўсёды ідзе ў камплекце з інфармацыйным нагнятаньнем. Мэта — зрабіць нас больш слабкімі ўнутры (краіны). Не рэагуйце на „інфастрашылкі“. Войскі і дыпляматыя надзейна абароняць Украіну. Украінцы перамагаюць з гарачым сэрцам, але з халоднай галавой».

У той жа час у сувязі з эскаляцыяй вакол Украіны парлямэнцкая апазыцыя патрабуе тэрмінова склікаць пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Літва: наўпроставая пагроза Расеі з тэрыторыі Беларусі

У Літве перакіданьне расейскіх войскаў у Беларусь таксама разглядаюць як непасрэдную пагрозу сваёй краіне.

«У сытуацыі, што склалася, мы разглядаем увядзеньне расейскіх узброеных сіл у Беларусь ня толькі як фактар, які дэстабілізуе сытуацыю зь бясьпекай, але і як яшчэ большую наўпроставую пагрозу для Літвы», — працытавала Delfi.lt міністра абароны Літвы Арвідаса Анушаускаса.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG