Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры тыдні да вайны. Пасьля яе ні Лукашэнкі, ні Пуціна можа не застацца


Калёна расейскай тэхнікі ў анэксаваным Расеяй Крыме. 2021 год

​​​​​​​Сьнежаньская агаворка Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што рэфэрэндум у лютым адбудзецца, «калі не пачнецца вайна», ледзь ня штодня набывае новыя сэнс і зьмест.

Пра вайну гавораць ужо амаль як пра непазьбежнасьць. Такое ўражаньне, што псыхалягічна да яе ўсе гатовыя: нават тыя, хто цьвяроза ўсьведамляе яе магчымыя катастрафічныя наступствы.

Наша «Воронья слободка» нібы забыла пра ўсе свае папярэднія зьніштажальныя пажары. Вялікая мутная бутля з газай ужо зацягнута бабкай на гарышча, і пытаньне толькі ў тым, калі «Мікіта Прахін» чыркне запалкай. І тады слабодка-такі шугане. Як там у Ільфа і Пятрова:

«Все было ясно. Дом был обречен. Он не мог не сгореть. И, действительно, в двенадцать часов ночи он запылал, подожженный сразу с шести концов».

Амаль як у 1939-м

Тыя нямногія, хто яшчэ памятае перадваенную атмасфэру 1939-га, кажуць, што цяпер усё вельмі падобна. І ўльтыматумы, і бясплённыя перамовы, і ваяўнічыя заявы, і агульная атмасфэра. І калі чытаеш нядаўнюю цытату міністра Лаўрова («Нашай цярплівасьці настаў канец. Мы вельмі цярплівыя; ведаеце, што мы доўга запрагаем. Запрагалі мы вельмі доўга, вось зараз час нам ехаць. Вось чакаем, калі фурман на тым возе нам адкажа канкрэтна на нашы прапановы»), не пакідае дзіўнае ўражаньне, што ўсё гэта ўжо чытаў недзе ў гістарычных дакумэнтах. Калі не глядзець на прозьвішча, то цалкам можа здацца, што гэта не расейскі міністар, а рэйхсміністар Ёахім Рыбэнтроп раздражнёна пасылае апошнія ўльтыматумы на адрас Польшчы ўлетку 1939 году. Маўляў, мы доўга трывалі. Ня будзе «польскага калідора» ў Данцыг — пашкадуеце.

І здаецца, што вось-вось адбудзецца нешта падобнае да гісторыі, якая здарылася 31 жніўня 1939 году ў Гляйвіцы, калі пераапранутыя ў польскія мундзіры эсэсаўцы напалі на памежную нямецкую радыёстанцыю: гэтая правакацыя стала фармальнай падставай для гітлераўскага ўварваньня ў Польшчу.

І вось ужо з усіх савецкіх рэпрадуктараў штодня па некалькі разоў гучыць бадзёрае:

Если завтра война, если враг нападет,

Если темная сила нагрянет, —

Как один человек, весь советский народ

За любимую Родину встанет...

І гэтаму савецкаму чалавеку настойліва даводзяць: хоць вайна і будзе, але хуткая, пераможная, малой крывёй і на чужой тэрыторыі.

А на другім баку мяжы ўстрывожаных польскіх сялян і рамесьнікаў, якія штовечар прыпадаюць да сваіх лямпавых прымачоў, гэтак жа супакойваюць палітыкі: нават калі Нямеччына нападзе, з намі — Францыя і Вялікая Брытанія. Пратрымаемся першыя дні, а там з захаду па ворагу ўдараць саюзьнікі...

Цяпер хоць гэтых ілюзіяў няма. Украінцы ведаюць: пойдуць расейскія танкі на Харкаў і Марыюпаль — ня варта чакаць, што NATO пачне ваяваць за Ўкраіну. Ніхто нікому нічога і не абяцае. Захад не зьбіраецца пасылаць сваіх сыноў за тысячы кілямэтраў ад сваіх межаў, на ўсход, дзе дзіўнаватыя былыя браты высьвятляюць паміж сабой адносіны. Крэмль гэта таксама цьвёрда ведае і разглядае як слабасьць Захаду, як зручны шанец для нападу. І гэта толькі дабаўляе дроў у топку, якая ўжо напоўніцу разгарэлася, і полымя ўжо шугае праз адчыненыя дзьверцы, пагражаючы вось-вось падпаліць хату.

Дрожджы гісторыі

Ну добра, Пуцін заклапочаны сваім месцам у гісторыі. Фантомныя імпэрскія болі не даюць спаць начамі. Неймаверна моцнае імкненьне ўвайсьці ў гісторыю вялікім зьберагальнікам і памнажальнікам імпэрскіх прастораў. Крым здаецца занадта малым дасягненьнем, каб стаць у падручніках побач з Кацярынай ІІ і Аляксандрам І, якія пашырылі імпэрыю на мільёны квадратных кілямэтраў. Калі паставіць на калені Ўкраіну, калі змусіць яе да «пакорлівасьці і братэрства», падагнаўшы танкі пад Кіеў і Адэсу — тады гэта, у ягоным уяўленьні, напэўна, і будзе выкананьнем ягонай вялікай гістарычнай місіі.

А што ж Лукашэнку з усяго гэтага? У гэтай сувязі мне ўспамінаецца такая гістарычная постаць, як вугорскі рэгент Міклаш Хорці, які ў 1938–1939 гадах лісьліва падтакваў Гітлеру, прапаноўваў тэрыторыю Вугоршчыны для агрэсіўных атак вэрмахту, сам падчас вайны не прапускаў магчымасьці адшчыкнуць ад аслабелых суседзяў кавалкі чужых земляў — Закарпацкую Ўкраіну, часткі Славаччыны і румынскай Трансыльваніі. Хоць потым адным зь першых хаўрусьнікаў Гітлера зразумеў, куды вецер дзьме, і ўжо ў 1942 годзе пачаў сакрэтныя перамовы з Захадам. А пазьней ледзь пасьпеў уцячы ад міжнароднага трыбуналу і дажываў свае дні, прытулены партугальскім дыктатарам Салазарам.

Відавочна, разьлік на тое, што калі пачнецца вайна і калі адным з напрамкаў расейскай агрэсіі стане беларуска-ўкраінская мяжа, хто там стане ўспамінаць пра беларускія праблемы, пра нелегітымнасьць Лукашэнкі і ягоныя спосабы ўтрыманьня ўлады? Пераможная вайна магла б апраўдаць усё. Даведзенаму да галечы і поўнага бяспраўя грамадзтву можна паказаць парад перамогі з масавым уручэньнем якога-небудзь бліскучага новапрыдуманага ордэна «За покорение бандеро-фашистской Украины». Якія могуць быць пытаньні да пераможцы? Усе павінны забыць пра ўнутраныя праблемы і шчыльна згуртаваць шэрагі вакол правадыра — абаронцы радзімы.

Іншая справа, што войны рэдка заканчваюцца так, як на тое разьлічваюць галоўнакамандуючыя, якія іх распальваюць.

Пасьля вялікай вайны сьвет ніколі не бывае такім, як перад ёй. Пра «данцыскі калідор» у 1945-м ужо мала хто ўспамінаў. І ўвогуле, гэты калідор забралі — разам з Данцыгам, Кёнігсбэргам, Штэцінам, Брэслаў і яшчэ парай соцень тысяч квадратных кілямэтраў — трацінай былой нямецкай тэрыторыі. Пра лёс галоўнага падпальшчыка вайны і ўспамінаць няма чаго.

Вайна прысьпешвае і каталізуе ўсе працэсы. Для гісторыі гэта такія дрожджы, з дапамогай якіх усё, што ў спакойныя пэрыяды займала дзесяцігодзьдзі, адбываецца за месяцы і тыдні.

Як руска-японская вайна пачатку мінулага стагодзьдзя, якая скончылася для царскага рэжыму рэвалюцыяй. Як Першая сусьветная, якая зьнішчыла ўсе старыя эўрапейскія імпэрыі і славалюбных імпэратараў, якія тую вайну распачалі. Як савецка-польская для нашага рэгіёну, у полымі якой згарэла бальшавіцкая мара пра сусьветную рэвалюцыю. Як савецка-афганская ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя, у выніку якой канчаткова зьнясілеў СССР.

Калі толькі Пуцін сапраўды наважыцца распачаць гэтую вайну і калі Лукашэнка, як ён абяцае, «не застанецца ўбаку» і далучыцца да яе, аўтарытарныя рэжымы і ў Маскве, і ў Менску наўрад ці дажывуць да заканчэньня баявых дзеяньняў. Прынамсі, так сьведчыць гісторыя (якая нікога нічому ня вучыць). І гэта ці не адзіная суцяшальная выснова для тых, хто цяпер пакутуе ад беларускай дыктатуры і расейскай «амаль-дыктатуры».

А ў астатнім... Нейкая фантасмагорыя: Расея на парозе вайны з Украінай, Беларусь гатовая далучыцца. Дзе вы, барацьбіты за мір, пацыфісты, захавальнікі сьвяшчэннай памяці пра мільёны ахвяраў апошняй вайны? Вуліцы і плошчы што ў Маскве, што ў Менску, — бязьлюдныя і спакойныя. Тыя, хто хацеў, мог ці паспрабаваў бы сказаць «Не!» авантурнай мілітарысцкай палітыцы, — ці ў турмах, ці ў эміграцыі.

На добры лад, яны б павінны цяпер енчыць і лемантаваць — маці, якія будуць праводзіць на гэтую нікому не патрэбную вайну невядома дзеля якіх інтарэсаў сваіх сыноў і якія потым асуджаныя атрымліваць целы гэтых сыноў у цынкавых трунах. Але хто ім дазволіць пратэставаць у сёньняшняй Беларусі?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG