Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўлады зьліквідавалі дзіцячы госьпіс і яшчэ чатыры арганізацыі


Ілюстрацыйнае фота

Рашэньне пра ліквідацыю прынялі 12 студзеня, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Агульная колькасьць ліквідаваных рэжымам Лукашэнкі арганізацый набліжаецца да 300.

Стала вядома, што 12 студзеня Віцебскі абласны суд па звароце Ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму ліквідаваў пяць раней зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў: спартовы клуб «Віцьбіч», Таварыства дружбы «Полацак — Фрыдрыхсгафэн», Віцебскі дзіцячы госьпіс, Таварыства пчаляроў-аматараў і аб’яднаньне «Шлях з варагаў у грэкі». Пра гэта даведалася «Віцебская Вясна».

Рашэньне аб ліквідацыі госьпісу, які праіснаваў 22 гады, прыняла судзьдзя Натальля Хількевіч. Таксама яна спыніла юрыдычнае існаваньне грамадзкага аб’яднаньня «Спартовы клюб воднага пола «Віцьбіч».

Судзьдзя Віктар Быстроў пазбавіў статусу юрыдычнай асобы Эка-культурнае і адукацыйнае грамадзкае аб’яднаньне «Шлях з варагаў у грэкі» і грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства пчаляроў-аматараў».

Судзьдзя Тацяна Дзегцярова спыніла юрыдычнае існаваньне Таварыства дружбы «Полацак — Фрыдыхсхафэн».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG