Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Яўген Бароўскі не атрымлівае лячэньня ў калёніі, Уладзімеру Гундару зьмянілі абвінавачаньне

абноўлена

Уладзімер Гундар

Колькасьць палітвязьняў у Беларусі імкліва набліжаецца да 1000. Па стане на ранак 19 студзеня іх 993 чалавекі, пры гэтым толькі за 2022 год зьявіліся 23 новыя.

Уладзімеру Гундару зьмянілі абвінавачаньне

З баранавіцкага актывіста Ўладзімера Гундара, які праходзіць у «справе Аўтуховіча», зьнялі абвінавачаньне паводле арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэксу праз адсутнасьць доказаў. Пра гэта ён сам паведаміў у лісьце да жонкі, піша BPN-info.

Гундару выставілі абвінавачаньні па двух іншых крымінальных артыкулах.

«Што тычыцца абвінавачаньня, то, думаю, яна (адвакатка. — BPN.) табе расказала. Але кораценька і я напішу. Частка 2 артыкула 289 зь мяне зьнятая праз адсутнасьць доказаў. Абвінавачваюся цяпер па ч. 1 арт. 285 (стварэньне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (спроба захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Колькі па іх сьвеціць, ніхто мне не сказаў, і кодэксу не выдаюць», — напісаў Гундар.

Дачка палітвязьня-інваліда пры гэтым сказала, што сям’я даведалася пра зьмену артыкулаў толькі з гэтага ліста.

«Тата ўпэўнены, што мы ўжо пра ўсё гэта ведаем ад адваката, але гэта ня так. Адвакат пад падпіскай і нічога не расказвае. Казала толькі, што прыкладна праз тыдзень пасьля 29 сьнежня з татам сустракалася яе памочніца, якая дапамагае з азнаямленьнем са справай, і было нешта (падрабязнасьцяў таксама не расказала), пасьля чаго ў яе, памочніцы, была досыць дыстанцыйная размова са сьледчым», — сказала дачка Ўладзімера Гундара Інга Стромская.

Паводле яе, тое, што з бацькі зьнялі абвінавачаньне ў тэрарызьме, вядома, добра, «але ў спакоі яго пакінуць ня хочуць».

«Цяпер абвінавачваюць у стварэньні злачыннай арганізацыі. Ну як думаючы чалавек наогул можа ў гэта паверыць?» — сказала яна.

Цяпер Гундару пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Інваліда ІІ групы Ўладзімера Гундара затрымалі ў сьнежні 2020 году ў «справе Аўтуховіча» і ўнесьлі ў сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарызму. На Гундара завялі справы паводле арт. 289 (акт тэрарызму) і 366 (гвалт у дачыненьні да службовай асобы) Крымінальнага кодэксу. Па арт. 366 Берасьцейскі абласны суд 20 траўня 2021 году прысудзіў Гундару 3 гады папраўчай калёніі агульнага рэжыму. За гэты час мужчыну неаднаразова зьмяшчалі ў карцар, на знак пратэсту ён абвяшчаў галадоўку.

На мінулым тыдні абвінавачаньне перакваліфікавалі іншай падазраванай у «справе Аўтуховіча», Вользе Маёравай. Яна чакае прысуду паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне. Раней яе абвінавачвалі па ч. 2 арт. 289 КК, якая прадугледжвае больш мяккае пакараньне.

Палітвязень Бароўскі не атрымлівае лячэньня ў калёніі

Тры тыдні Яўген Бароўскі хварэе, аднак нічога, акрамя ібупрафэну, для лячэньня яму не даюць. Да таго ж адміністрацыя папраўчай калёніі № 15, дзе яго трымаюць, не дазволіла жонцы Яўгена, Вераніцы Бароўскай, перадаць мужу мэдыкамэнты. Цяпер жа ягоны стан цяжкі, сказала Вераніка праваабаронцам.

«Ён тэлефанаваў у жудасным стане, — расказала Вераніка. — У яго нос апухлы, ён страшэнна кашляе і ў яго баліць галава, бо, хутчэй за ўсё, ужо пачаўся гаймарыт...».

Паводле яе, падчас чарговага тэлефанаваньня 16 студзеня Яўген сказаў: «Я, напэўна, проста памру тут, — мне настолькі дрэнна».

Ці быў Яўген па прыбыцьці на абавязковым карантыне, які стандартна павінны праходзіць новапрыбылыя, Вераніка ня ведае.

Яўгена Бароўскага асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму за ўдзел у адным зь нядзельных маршаў 2020 году ў Менску. Сваё пакараньне з 9 ліпеня 2021 году палітвязень адбывае ў магілёўскай ПК-15.

Праваабаронцу Алеся Капуцкага прызналі палітвязьнем

Праваабаронцу Алеся Капуцкага затрымалі 17 сьнежня 2021 году і тры разы запар пакаралі адміністрацыйным арыштам за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Ён у зьняволеньні ўжо больш за 30 дзён.

Як адзначаюць у сваёй заяве праваабаронцы, «заканадаўства аб процідзеяньні экстрэмізму адвольна выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі ў мэтах барацьбы з іншадумствам і свабодай выказваньня меркаваньняў, што зьяўляецца недапушчальным у дэмакратычным грамадзтве». Арышт Алеся Капуцкага яны лічаць перасьледам вядомага ў сваім рэгіёне праваабаронцы за шматгадовую дзейнасьць па абароне і прасоўваньні правоў чалавека і прызнаюць яго палітычным зьняволеным з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня.

На 19 студзеня беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 992 чалавек.

Эдуард Бабарыка застаецца ў СІЗА як мінімум да 14 лютага

19 студзеня на ўзроўні гораду разглядалася скарга адвакатаў Эдуарда Бабарыкі на вынесеную раней пастанову па пытаньні меры стрыманьня. Як і ў выпадку з папярэднімі скаргамі, яе пакінулі без задавальненьня. Гэта значыць, што Эдуарда Бабарыку будуць утрымліваць пад вартай да 14 лютага, калі сьледзтва ці пракуратура не адменяць меру стрыманьня. Абарона працягне дамагацца адмены меры стрыманьня, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Эдуарду Бабарыку прад’явілі новыя абвінавачаньні — яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у распальваньні варожасьці і арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго затрымалі 18 чэрвеня 2020 году.

Палітвязьням Грышкевічу і Шышко прысудзілі абмежаваньне волі і выпусьцілі іх з-пад варты

У Менску асудзілі жыхароў Пружан: Павал Грышкевіч і Аляксандар Шышко абвінавачваліся ў пратэстах у жніўні 2020 году супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Як паведамілі праваабаронцы, судзьдзя Аляксандар Воўк прысудзіў Грышкевічу 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»), Шышко — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем («хімію»).

Абодвух вызвалілі з-пад варты ў судовай залі. У СІЗА палітвязьні правялі тры месяцы.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG