Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Малодшы брат Назарбаева зь сям'ёй вылецеў за мяжу праз Кіргізстан


Пашпарт Балата Назарбаева

Малодшы брат Нурсултана Назарбаева, Балат Назарбаеў, вылецеў за мяжу праз Кіргізстан, паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода са спасылкай на свае крыніцы.

Некалькі памежнікаў, якія не хацелі назваць свае імёны, паведамілі, што Балат Назарбаеў у суправаджэньні пяці-шасьці чалавек перасек мяжу Кіргізстану праз КПП «Ак-Жол», дзе іх сустрэлі людзі, блізкія да ўладаў Кіргізстану. Супрацоўнікі Памежнай службы, якія гутарылі з радыё «Азаттык», папрасілі не пазначаць іх імёны і не запісваць галасы.

Радыё «Азаттык» атрымала копіі пашпартоў грамадзян Казахстану — Балата Назарбаева, Нурсаіна Назарбаева і Баўржана Нургазыўлы, якія сьведчаць, што гэтыя людзі перасеклі мяжу з Кіргізстанам.

У адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра Нурсаіна Назарбаева. Вядома, што Баўржан Нургазыўлы кіруе рынкам «Барыс» у Алматы.

Пашпарт Нурсаіна Назарбаева
Пашпарт Нурсаіна Назарбаева

Казахстанскі актывіст Думан Мухамэдкарым, які прыехаў у Кіргізстан з Кардая праз КПП «Ак-Жол», таксама паведаміў, што, паводле аповедаў людзей, сваякі Назарбаева ўехалі ў Кіргізстан праз той жа памежны пункт:

— Мясцовыя жыхары расказалі мне, што бачылі на свае вочы. Там жа ёсьць хлопцы, якія прадаюць сім-карты, яны паведамілі, што сваякі Назарбаева прайшлі зь дзецьмі на руках. Я папрасіў іх расказаць на камэру, яны адмовіліся, пабаяліся.

Акрамя таго, некалькі супрацоўнікаў аэрапорту «Манас» у Бішкеку паведамілі «Азаттыку», што сваякі Нурсултана Назарбаева вылецелі праз Кіргізстан у Дубай. Яны таксама хацелі застацца невядомымі дзеля бясьпекі. У аэрапорце «Манас» пацьвердзілі, што 6 студзеня з Дубаю ў Бішкек прылятаў прыватны самалёт. З словаў прэс-сакратара аэрапорту Аліі Курбанавай, у іх няма інфармацыі аб пасажырах прыватнага самалёта.

Улады Кіргізстану не зьняпраўдзілі і не пацьвердзілі інфармацыю аб тым, што Балат Назарбаеў вылецеў празь Бішкек.

68-гадовы Балат Назарбаеў — родны брат Нурсултана Назарбаева. Незалежныя СМІ ня раз пісалі, што пасьля таго, як ягоны брат прыйшоў да ўлады, Балат ператварыўся ў аднаго з самых уплывовых і багатых людзей Казахстану.

Балат Назарбаеў па левую руку ад Нурсултана Назарбаева
Балат Назарбаеў па левую руку ад Нурсултана Назарбаева
  • На пачатку году ў Казахстане прайшлі акцыі пратэсту. Спачатку ўдзельнікі мітынгаў на захадзе Казахстану патрабавалі зьнізіць цэны на аўтамабільны звадкаваны газ, а пасьля пачалі гучаць палітычныя лёзунгі. Акцыі пратэсту ахапілі іншыя рэгіёны краіны. З 5 студзеня пачаліся беспарадкі, якія скончыліся сьмерцю дзясяткаў людзей у такіх гарадах, як Алматы і Шымкент. Паводле апошніх зьвестак, у Казахстане па падазрэньні ва ўдзеле ў беспарадках затрыманыя больш за 10 тысяч чалавек. Акрамя таго, вядома, што колькасьць сьмяротных ахвяраў дасягнула 225 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG