Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — расьсьледаваньне ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску


Праверка пасаджанага ў Менску 23 траўня самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега

Свабода атрымала поўны тэкст справаздачы аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году.

Справаздача ІCАО была накіраваная ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі 17 студзеня 2022 году пасьля некалькіх пераносаў тэрміну. Яна стала вынікам расьсьледаваньня, якое пачалося яшчэ ў траўні мінулага году, адразу пасьля інцыдэнту. Аўтары дакумэнту сьцьвярджаюць, што падчас расьсьледаваньня наведалі Літву, Польшчу і Беларусь, а таксама атрымалі неабходныя для расьсьледаваньня дакумэнты ад уладаў іншых краін. У першую чаргу — Грэцыі, Ірляндыі і Ўкраіны.

Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.

Паводле аўтараў дакумэнту, ім удалося атрымаць для расьсьледаваньня ня ўсе зьвесткі, на якія можна было разьлічваць.

Дадаткі да тэксту справаздачы
Дадаткі да тэксту справаздачы

«Нягледзячы на тое, што дзяржавы і юрыдычныя арганізацыі супрацоўнічалі і перадавалі значны аб’ём інфармацыі, некаторая канкрэтная запытаная інфармацыя не была даступная, — гаворыцца ва ўводзінах да справаздачы. — Некаторая крытычна важная інфармацыя была запытаная, але не прадстаўленая камандзе».

Аўтары справаздачы прыходзяць да высновы, што адным з самых важных момантаў расьсьледаваньня інцыдэнту з лайнэрам Ryanair у беларускім небе быў час атрыманьня беларускімі ўладамі першага паведамленьня пра бомбу, нібыта закладзеную на борце самалёта. Паводле справаздачы, у выніку расьсьледаваньня так і не ўдалося высьветліць, ці існаваў на самой справе гэты ліст.

«Паводле зьвестак уладаў Беларусі, у 09:25 UTC (12:25 па беларускім часе) быў атрыманы першы ліст, а ў 09:56:45 UTC (12:56:45 па беларускім часе) быў атрыманы другі ліст, — гаворыцца ў справаздачы ІCАО. — Абодва яны зьмяшчалі ідэнтычную інфармацыю пра пагрозу выбуху. Зь іншага боку, інфармацыя, атрыманая са Швайцарыі праз улады Літвы, паказвае, што толькі другі ліст быў адпраўлены ў аэрапорт „Менск“ у 09:56:45 UTC (12:56:45 па мясцовым часе). FFIT (орган расьсьледаваньня інцыдэнту. — РС) ня змог пацьвердзіць факт атрыманьня першага ліста ў 09:25 UTC (12:25 па беларускім часе), паколькі ўлады Беларусі не прадставілі ні журналаў паштовага сэрвэру airport.by, ні файлаў электроннай пошты з захаванымі паведамленьнямі аб пагрозах».

Паводле справаздачы ІCАО, беларускія ўлады патлумачылі немагчымасьць прадстаўленьня першага ліста з паведамленьнем аб мініраваньні самалёта тым, што выдалілі яго ў сувязі з «палітыкай захаваньня дадзеных у менскім аэрапорце».

«Атрыманьне першага электроннага ліста мае вырашальнае значэньне для тлумачэньня падставы паведамленьня лётнаму экіпажу з боку Менскага РДА (дыспэтчараў. — РС) аб пагрозе выбуху, якое адбылося ў 09:30:49 UTC (12:30:49 па мясцовым часе), — гаворыцца ў высновах справаздачы. — Пры адсутнасьці першага электроннага ліста можна было меркаваць, што інфармацыя аб пагрозе выбуху была атрыманая ўладамі Беларусі іншымі спосабамі, якія FFIT не ўдалося ўстанавіць. Калі першы ліст сапраўды быў атрыманы ў аэрапорце „Менск“, то, з улікам абставінаў, можна было б разглядаць перанакіраваньне рэйса ў аэрапорт „Менск“».

Паводле справаздачы ІCАО, у выніку паведамленьне пра бомбу на борце самалёта Ryanair, які 23 траўня 2021 году сеў у менскім аэрапорце, можна лічыць ілжывым. Такая выснова зробленая на падставе таго, што бомбу не знайшлі ні падчас агляду лайнэра ў Менску, ні тады, калі самалёт агледзелі спэцыялісты пасьля канчатковай пасадкі ў Вільні.

Дадаткі да тэксту справаздачы
Дадаткі да тэксту справаздачы

У дакумэнце таксама згаданыя іншыя лісты з паведамленьнем аб мініраваньні самалёта. Яны былі накіраваныя ў аэрапорты Атэнаў, Сафіі, Бухарэсту, Кіева і Вільні. Усе паведамленьні ідэнтычныя таму, якое прадставілі беларускія ўлады. Аднак экспэрты ІCАО адзначаюць, што ў Кіеве і Вільні паведамленьні знайшліся толькі празь некалькі дзён пасьля інцыдэнту.

Акрамя гэтага, у справаздачы ІCАО гаворыцца, што беларускія ўлады пацьвердзілі факт зьнікненьня дыспэтчара менскага аэрапорту, які вёў перамовы з экіпажам Ryanair. Паводле беларускага боку, дыспэтчар ня выйшаў на працу з адпачынку, які атрымаў неўзабаве пасьля інцыдэнту. Сьведчаньні дыспэтчара аб падзеях 23 траўня ў справаздачы адсутнічаюць.

Рэакцыя Беларусі

Арцём Сікорскі, дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, заявіў, што беларускі бок вывучае даклад ICAO, і выяўляе недакладнасьці, якія патрабуюць карэкціроўкі.

Акрамя таго, дырэктар дэпартамэнту сьцьвярджае, што група экспэртаў ICAO, якая займалася расьсьледаваньнем інцыдэнту з самалётам авіякампаніі Ryanair у небе над Беларусьсю 23 траўня 2021 году, прыняла доказы беларускага боку, што перахопу самалёта, прымусу да пасадкі ці зьмены маршруту не было.

  • Рада Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) зьбярэцца 31 студзеня, каб прыняць рашэньне па выніках дакладу аб прымусовай пасадцы ў Беларусі самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair.
  • У гэты дзень Рада таксама мае разгледзець запыт уладаў Беларусі аб скасаваньні санкцыяў, якія ўвялі пасьля інцыдэнту іншыя дзяржавы і Эўрапейскі Зьвяз.
  • Прымусовая пасадка самалёта, на якім ляцелі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, адбылася 23 траўня 2021 году. Улады Беларусі патлумачылі пасадку паведамленьнем пра тое, што на борце самалёта нібыта была бомба. Пасьля пасадкі Пратасевіча і Сапегу затрымалі.
  • На пачатку чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз забараніў усім беларускіх авіякампаніям палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ. У заяве Эўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку». У высновах таксама асуджалася затрыманьне Пратасевіча і Сапегі.​
  • 2 чэрвеня 2021 году Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.

  • Дадаткі да справаздачы ІCАО аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году, калі затрымалі Рамана Пратасевіча
    Дадаткі да справаздачы ІCАО аб інцыдэнце з самалётам Ryanair 23 траўня 2021 году, калі затрымалі Рамана Пратасевіча

    20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG