Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Эўразьвязу: Расея дагэтуль не дала ўсіх дакумэнтаў для прызнаньня вакцыны «Спутник V»


Амбасадар Эўразьвязу ў Расеі Маркус Эдэрэр на прэс-канфэрэнцыі паведаміў, што Расея дагэтуль не перадала Эўрапейскаму агенцтву па лекавых сродках (EMA) дакумэнты для прызнаньня вакцыны «Спутник V» ад каранавірусу.

«Сытуацыя застаецца нязьменнай. Праца па аўтарызацыі працягваецца, было дзьве інспэкцыі ў першай палове мінулага году, пасьля чаго EMA запытала дадатковыя дакумэнты, якія, наколькі мне вядома, яшчэ не былі атрыманыя», — прыводзіць ягоныя словы агенцтва Интерфакс.

У ЭЗ, паводле амбасадара, спадзяюцца, што гэта будзе зроблена па аналёгіі з Сусьветнай арганізацыяй здароўя (САЗ), якая атрымала неабходныя дакумэнты. «Усе зацікаўленыя ў як мага большай колькасьці вакцын, даступных у сьвеце», — сказаў ён.

Днём раней прадстаўніца САЗ у Маскве Меліта Вуйнавіч у эфіры ютуб-каналу «Соловьев Live» паведаміла, што Расея 30 сьнежня перадала САЗ усе неабходныя дакумэнты па вакцыне «Спутник V». Вуйнавіч разьлічвае, што сёлета ў лютым пройдзе інспэкцыя расейскай вакцыны.

Эўразьвяз прызнае толькі чатыры вакцыны: AstraZeneca, Pfizer/BioNTech, Moderna і Johnson & Johnson. Эўрапейскія краіны могуць вырашаць самі, пускаць ці не пускаць людзей, прышчэпленых расейскай вакцынай «Спутник V» ці кітайскай Sinopharm.

Тэлеканал «Настоящее время» яшчэ летам 2021 году зьвязаўся з ЕМА, дзе пацьвердзілі, што «Спутник V» праходзіць працэс вывучэньня. «Працэс будзе завершаны толькі тады, калі прадстаўленых зьвестак будзе дастаткова для таго, каб падаць афіцыйную заяву на атрыманьне дазволу на рэалізацыю вакцыны, — пакуль такіх зьвестак арганізацыя не атрымала», — адзначылі ў ЕМА. Як падкрэсьлілі ў агенцтве, да таго часу, пакуль дасье ня будзе пададзена поўнасьцю, нельга нічога сказаць аб патэнцыйных тэрмінах рэгістрацыі расейскай вакцыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG