Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч напісаў пра побыт на Валадарцы і тое, што падзяляе сукамэрнікаў


Алег Грузьдзіловіч

Сьледчыя выставілі Алегу Грузьдзіловічу абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Алег Грузьдзіловіч больш за два тыдні знаходзіцца ў сьледчым ізалятары № 1 Менску.

Пра сваю справу

«Пра справу пакуль нічога новага, руху няма, — напісаў ён у адным зь лістоў жонцы. Зрэшты, гэтак і чакаецца, што нейкі час пойдзе на збор доказаў. Абвінавачаньне ўжо выстаўленае, цяпер могуць з часам цягнуць, а потым зноў паўтараць. Але я з гэтым не замарочваюся, тут усе ў такім становішчы».

Пра калядную вячэру ў турме

«Новы год прайшоў, сёньня ўжо 6-га, вечар. Хлопцы гатуюць салату на сьвяточную вячэру. Місак у нас няма ніякіх, толькі конаўкі, але прыстасаваліся дзяліць агуркі, таматы, перац на кавалкі і ўсё загружаць у паліэтыленавы пакет, заправілі тваім аліўкавым алеем. Будзе смачна.
І вось працяг, пішу ўжо 7-га студзеня, сяджу на сваім 2-м ярусе, а хлопцы ўнізе рэжуцца ў нарды. Ужо была прагулка. Праўда, далі цесны дворык, усяго 2,5×2,5, амаль немагчыма было хадзіць. Я танчыў на месцы і мурлыкаў let it snow... як ад цябе навучыўся».

Пра Казахстан

«Даведаўся з „СБ“ пра падзеі ў Казахстане. Гэта табе не РБ, гарачыя хлопцы. Што ж будзе далей?»

Фрагмэнт ліста Алега Грузьдзіловіча
Фрагмэнт ліста Алега Грузьдзіловіча

Пра марнаваньне часу

«Учора было 2 тыдні, як я пад вартай, а сёньня ўвечары перайду рубеж 15 дзён, якія былі ў Баранавічах. То бок выходжу на раней невядомыя дыстанцыі няволі. Нічога, усё нармальна, хаця шкада змарнаванага часу. Столькі можна было б зрабіць, але мушу бібікі біць! Яшчэ Леў Талстой пісаў ува „Уваскрасеньні“, што праблема расейскіх турмаў — „праздность“. Гэта так».

Пра ежу ў турме

«Ядуць свае кашкі, асабліва любяць грэчку, закусваюць салам ці каўбаскай з гароднінай. Потым садавіна. Салодкага неяк менш ядуць — зэфіры попытам не карыстаюцца (дарэчы, захацелася кукурузных шматкоў. Іх можна перадаць).

Зь ядой — вось так. Свой запасьнік мець можна, але з практычных прычын у ім застаецца печыва, цукеркі, гарбата-кава. А мясныя стравы, рыбу, садавіну, гароднін3 захоўваюць бліжэй да халоднага вакна. Туды лазяць арганізавана.

Ну і пірагі, смачныя булкі і г. д. адразу кладуцца на стол і пад бліжэйшую гарбату зьядаюцца. Гэта добра, бо спрыяе міру і сяброўству. Насуперак рознаму бэк-граўнду».

Пра турэмны туалет

«Можна 2 словы пра туалет? Лепш, чым я думаў раней і чым было там, дзе быў раней.

Па-першае, натуральна, унітаз. Па-другое, шырма.

Правілы такія: уключаецца вада ўмывальніка (для гашэньня дрэнных гукаў) і бярэш запалкі ды паліш іх, альбо нават туалетнай паперы кавалачак. Ёсьць правіла, што калі ядуць, то туалетам не карыстаюцца».

Фрагмэнт ліста
Фрагмэнт ліста

Пра сукамэрнікаў

«Гэта ўжо вечар 8-га студзеня. Яшчэ адзін дзень прайшоў, 18-ы. Раскажу крыху пра маіх сукамэрнікаў, наколькі можна. Усяго нас (? — замазана) і гэтая лічба дзеліцца дакладна напалам з улікам цяперашняга часу. Адзін з нашай паловы цяпер езьдзіць у суд, вельмі перажывае, што страціць бізнэс. Яшчэ адзін, мой калега, тут амаль год. А трэці — 3 месяцы. Ён праграміст. Шмат у якіх краінах пабываў, сёньня расказаў, як з жонкай вандраваў па Інданэзіі. У Азіі яму спадабалася, езьдзілі на Балі на байку.

А вось з другой паловы — гэта 328, хлопцы своеасаблівыя. Вось толькі што адзін зь іх спытаў, «а Англія далёка ад Брытаніі?!!» Мы грохнулі ад рогату.
Хлопцы гэтыя, бачу, вырасьлі на фільмах пра вампіраў і кнігах пра ваўкалакаў. Шкада іх, ім сьвецяць вялікія тэрміны. Яны не падаюць знаку, храбрацца, сьмяюцца, бо маладыя, але бачна, што гэта іх знутры вельмі ўсё ж прыгнятае. Бо раптам здараюцца выкіды эмоцый... Але паміж намі, як той казаў, «усё роўна», тым больш мы старэйшыя за іх, да канфліктаў не даходзіць.

Фрагмэнт ліста
Фрагмэнт ліста

Пра тое, што падзяляе сукамэрнікаў

«А вось, што сапраўды падзяляе, гэта тое, што адна палова курыць, другая — не, і ты ведаеш, якая. Але сказаў бы, што асабліва гэта не замінае. Яны кураць у кабінцы-прыбіральні, за шырмай. А там зьверху выцяжка. Увесь дзень у нас адчынена вакно, то бок паветра ў асноўным добрае ці нядрэннае. Калі на прагулку выходзім, таксама спачатку даводзіцца глытнуць крыху дыму, бо адразу запальваюць свае цыгаркі, але потым дым падымаецца і нічога. Сёньня гулялі ў нармальным дворыку 3×5, я зрабіў 150 абходаў. Не было хмар, неба чыстае, але сонца не пабачылі. Яно нізка, а мы ў яме».

Малюнак Алега Грузьдзіловіча ў лісьце жонцы
Малюнак Алега Грузьдзіловіча ў лісьце жонцы

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.ю

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG