Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці зяць Назарбаева таксама пакінуў працу


Цімур Кулібаеў на фота зьлева ад Нурсултана Назарбаева, Астана, 2011 год

Афіцыйна паведамляецца, што ён добраахвотна падаў у адстаўку.

Цімур Кулібаеў, муж Дынары Назарбаевай, сярэдняй дачкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, пакінуў пасаду старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў краіны «Атамекен». Ён выступіў са зваротам да сяброў прэзыдыюму на сайце арганізацыі.

«Ад сёньня я вырашыў скласьці зь сябе паўнамоцтвы абранага старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў „Атамекен“. Хачу падзякаваць дэлегатам зьезду і чальцам прэзыдыюму за аказаны мне давер. Для мяне было вялікім гонарам і адказнасьцю на працягу васьмі гадоў узначальваць найвышэйшы наглядчы орган Нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў.

У нашым прыярытэце заўсёды была абарона правоў бізнэсу. Наладжана праца зь Вярхоўным судом, Генэральнай пракуратурай і антыкарупцыйнай службай. Ва ўсіх рэгіёнах дзейнічаюць Саветы абароны правоў прадпрымальнікаў. За 8 гадоў у НПП паступіла 41 тысяч зваротаў, зь якіх 40% вырашаны станоўча. Па ініцыятыве НВП „Атамекен“ вялася сыстэмная праца для паляпшэньня бізнэс-клімату. Прынята 8 пакетаў заканадаўчых паправак. Праведзена дэкрыміналізацыя эканамічных злачынстваў», — гаворыцца ў звароце.

Учора стала вядома, што старшыня праўленьня дзяржаўнай кампаніі «Казтрансойл» Дзімаш Дасанаў і старшыня праўленьня «КазакГаз» Кайрат Шарыпбаеў пайшлі ў адстаўку. Гэта іншыя два зяці Назарбаева, жанатыя са старэйшай і малодшай дочкамі «елбасы». Іх паўнамоцтвы спынілі датэрмінова, але прычыны звальненьня пакуль не камэнтуюць афіцыйна.

Таксама ў адстаўку адправілі Самата Абіша, які быў першым намесьнікам кіраўніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі.

Сам Назарбаеў ад 28 сьнежня не зьяўляўся на публіцы. У Казахстане паступова выдаляюць ягонае імя з назваў вуліц, устаноў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG