Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Віцебску «падправілі» герб вобласьці з Пагоняй, замянілі белы фон на зялёны


Так герб выглядае цяпер. Фота zerkalo.io

У цэнтры Віцебску з будынка на вуліцы Гогаля былі дэмантавалі герб Віцебскай вобласьці з Пагоняй. Цяпер яго вярнулі, але са зьменамі.

Замест белага вонкавы шчыт герба стаў зялёным. Такім чынам, агульная колеравая гама зьмянілася зь бела-чырвонай з дадаткам залатога і сіняга на чырвона-зялёную. Праўда, зялёны колер адпавядае колеру афіцыйнага сьцяга Віцебскай вобласьці.

Таксама зь нейкіх прычынаў выяву самога герба — вершніка і вянка з дубовага лісьця вакол яго — прыкметна зьменшылі, заўважылі «Народныя навіны Віцебска».

Выява на будынку каля аблвыканкаму зьявілася 12 гадоў таму, калі Пагоня стала гербам Віцебскай вобласьці.

4 студзеня герб зьнялі з будынку. Як патлумачылі «Нашай ніве» ў Віцебскім гарвыканкаме, «ніякай палітыкі ў гэтым няма, неўзабаве герб вернецца на месца». «Яго забралі на рамонт: герб ці то пагнулі, ці то нешта такое зь ім здарылася. Недзе з тыдзень будуць яго аднаўляць», — сказалі тады чыноўнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG