Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас усё выдатна, а будзе яшчэ лепш». Як у Беларусі абмяркоўваюць новую Канстытуцыю


Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Гартаю інтэрнэт-старонкі раённых газэт, цікаўлюся, як людзі абмяркоўваюць праект новай Канстытуцыі. Мушу сказаць, што чытво сумнаватае. Няма нават намёкаў на спрэчкі, дыскусіі ці хаця б нечаканыя прапановы. Затое амаль у кожным абзацы: «падтрымліваем», «ухваляем», «правільнае, своечасовае рашэньне».

У асноўным усё абмеркаваньне зводзіцца да простай формулы: «У нас і было добра, а будзе яшчэ лепш...» І далей пералічваецца, дзе стане лепш — у мэдыцыне, пэнсіях, адукацыі. Асабліва ў трэндзе — «традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці» і «гістарычная памяць».

Пра тых, хто робіць замахі на гэтыя каштоўнасьці (даволі няпэўна, галоўным чынам), — недвухсэнсоўныя намёкі ў адрас Захаду.

Мастоўская раённая газэта: «З боку розных міжнародных фінансавых арганізацый неаднаразова гучалі заклікі адмовіцца ад шэрагу сацыяльных праграмаў, у тым ліку скараціць падтрымку шматдзетных сем’яў, прапрацаваць пытаньне ўвядзеньня платнай мэдыцыны. Дзяржава адмовілася ад укараненьня такіх падыходаў...»

Шчучынская раённая газэта: «Зацікаўлена і вельмі шчыра гаварылі прысутныя пра гістарычную памяць, недапушчальнасьць перакуліць з ног на галаву падзеі Другой сусьветнай. А з боку заходніх структураў сёньня адчувальныя павевы, каб перагледзець тыя падзеі пад іншым сьветапоглядным, а дакладней каньюнктурным вуглом».

Як абмяркоўвалі брэжнеўскую Канстытуцыю

У 1977 годзе, калі вялося маштабнае абмеркаваньне брэжнеўскай Канстытуцыі, таксама немагчыма было нават заікнуцца аб прынцыповых пытаньнях, напрыклад пра кіроўную ролю партыі альбо пра свабодныя выбары ці незалежны суд. Але народ адводзіў душу, закідваючы нечаканыя ідэі. Абмяркоўвалася ў савецкім друку, напрыклад, такая прапанова: вызначыць усім аднолькавыя пэнсіі (у сьвятле ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці і будучага камунізму). Альбо забараніць гандляваць прадукцыяй з прысядзібных участкаў (каб не патураць дробнабуржуазным інстынктам). Ці ўвесьці абавязак выпускаць прадукцыю толькі высокай якасьці (якасьць айчыннага «шырспажыву» тады была такога ўзроўню, што савецкі чалавек шалеў ад абурэньня і злосьці). Ну і далей у тым жа рэчышчы. Абавязкам грамадзяніна СССР, напрыклад, прапаноўвалі зрабіць грамадзкую працу, выхаваньне дзяцей у духу любові да сацыялістычнай Айчыны ці клопат аб уласным здароўі.

Апошняе, дарэчы, у новую беларускую Канстытуцыю якраз і зьбіраюцца ўключыць. Іўеўская «раёнка» пацікавілася, што думае наконт гэтага чалавек ад зямлі, брыгадзір жывёлаводаў Таісія Еўтух. Спадарыня пачала здалёку, але, відавочна, пра тое, што яе сапраўды хвалюе:

«Я са шматдзетнай сялянскай сям’і: у бацькоў было чацьвёра дзяцей. І ў маёй сям’і трое дзяцей. Былі ў жыцьці і складаныя моманты: так атрымалася, што згарэў дом. Замкнула праводка каля поўначы, у доме былі муж з дачкой. Калі б не сусед, маглі б згарэць жыўцом. Сама ў той час была на працы, падмяняла адпачынак. Перажылі гэту бяду. Нам прадаставілі жытло. З мужам працуем на адной фэрме — МТФ „Ганчары“... Я хоць і ня мэдык, але падтрымліваю прапанаваныя папраўкі ў 45-ы артыкул Асноўнага закону: „Грамадзяне абавязаныя прымаць меры па захаваньні і ўмацаваньні ўласнага здароўя“. Колькі разоў мы бачылі, як людзі бессэнсоўна губяць сваё жыцьцё алькаголем, курэньнем, наркотыкамі, маларухомым ладам жыцьця. А дзяржава ж нясе вялікія выдаткі на лячэньне людзей, якое ў нашай краіне бясплатнае...».

Норма, сапраўды, выглядае прыгожа і бясспрэчна. Але што ў выніку можа атрымацца? Калі чалавек ня кінуў курыць альбо любіць кульнуць чарку-другую, дык, выходзіць, ён будзе лічыцца парушальнікам Канстытуцыі? І як у гэтым сьвятле выглядае сама дзяржава — асноўны вытворца і гандляр алькаголем і тытунём?

З такім жа посьпехам можна запісаць, што кожны грамадзянін павінен быць заможным і шчасьлівым і забараняецца быць бедным і няшчасным. Эфэктыўнасьць прыблізна тая ж.

«Моцная ўлада — дар Божы»

Што адметна, імя Аляксандра Лукашэнкі і ягонай ролі ў выпрацоўцы новай Канстытуцыі амаль ня згадваецца. Толькі ў кобрынскай газэце знайшоў я панэгірык у адрас таго, хто ўвасабляе сабой моцную ўладу. Але і тут прозьвішча чалавека, якога аўтары называюць «дарам Божым», нават не называецца:

«У сытуацыі пабудовы дзяржаўных інстытутаў новай краіны, пакутлівага пошуку шляху дзяржаўнага будаўніцтва, які быў бы ўхвалены большасьцю грамадзянаў, моцная ўлада — зарука ўдачы. Чалавек, які ўзяў на сябе адказнасьць, каб увасобіць жаданьні народных масаў, — Дар Божы».

У часы «дарагога Леаніда Ільіча», трэба прызнаць, усё было зусім інакш. Бяз згадкі ягонага прозьвішча падчас абмеркаваньня не абыходзіўся ніводзін выступ. А на адмысловай сэсіі Вярхоўнага Савету ў кастрычніку 1977 году, дзе прымалася Канстытуцыя, імя Брэжнева згадвалася ў кожным выступе ў сярэднім шэсьць разоў. Яго называлі «натхняльнікам і стваральнікам Канстытуцыі, якая ад першага да апошняга радка прасякнутая ягонымі думкамі і пажаданьнямі, па-ленінску глыбокімі і яснымі, даступнымі разуменьню кожнага чалавека». Але ўсіх апярэдзіў у гэтай справе першы сакратар ЦК Кампартыі Латвіі Аўгуст Вос: ён здолеў згадаць імя Леаніда Ільіча 12 разоў на працягу 3-хвіліннага выступу.

Прымаючы брэжнеўскую Канстытуцыю, многія дэпутаты на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР урачыста запэўнівалі, што «і празь вякі гэты дзень будзе ўпісаны чырвоным радком у гісторыю». Насамрэч, гісторыя адпусьціла той Канстытуцыі толькі 14 гадоў.

Як паведаміў два дні таму кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка, на праект новай Канстытуцыі атрымалі больш за 4 тысячы водгукаў і прапаноў. Маштабы, вядома, не супастаўныя з тым, што было ў 1977 годзе, нават з улікам прапорцый паміж БССР і СССР. Тады, паводле афіцыйных зьвестак, у ходзе «ўсенароднага абмеркаваньня» адбылося паўтара мільёна сходаў, у якіх узялі ўдзел 140 мільёнаў чалавек (80% дарослага насельніцтва СССР). Паступіла 400 тысяч паправак і прапаноў. Ці ня самым спрэчным стала пытаньне, як больш дакладна называць Саветы: Саветамі дэпутатаў працоўных ці Саветамі народных дэпутатаў. (Гэта як калі б сёньня распачалі дыскусію, што больш правільна: Усебеларускі народны сход ці Ўсебеларускі сход працоўных?) Тады, дарэчы, сышліся на тым, што больш правільна называць дэпутатаў народнымі. У выніку давялося перарабляць мільёны шыльдаў, блянкаў, пячатак, штэмпэляў ды іншых бюракратычных інструмэнтаў.

Публічна патрабаваць рэальных дэмакратычных свабод ці справядлівых выбараў, наколькі вядома, ніхто са 140 мільёнаў чалавек у СССР не спрабаваў (зразумела, акрамя дысыдэнтаў, але іхных галасоў афіцыйная прапаганда не трансьлявала).

Гэтак жа, як сёньня — ніякай крытыкі, дыскусій і ніякіх канструктыўных прапаноў, датычных прынцыповых пытаньняў новай Канстытуцыі — пра сыстэму ўлады, падзел паўнамоцтваў, рэальныя правы і свабоды людзей.

Прычым пра «ўсебеларускі народны сход» выказваюцца рэдка і пераважна толькі надзеленыя ўладай асобы. Вось, напрыклад, выказваньне пра УНС старшыні Берасьцейскага аблвыканкама Юрыя Шулейкі (цытата з іванаўскай раённай газэты): «Пэўна, гэтая галіна ўлады будзе эфэктыўнай на доўгія дзесяцігодзьдзі. Беларусы гэта абмеркавалі і, напэўна, дадуць гэтаму дабро».

І вы яшчэ сумняваецеся, Юры Вітольдавіч?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG