Жыхар Шаркаўшчыны, якога абвінавачвалі ў забойстве і пратрымалі ў СІЗА 16 месяцаў, праз суд дабіўся выплаты кампэнсацыі, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска». Ён атрымае 6000 даляраў ад дзяржавы.
Мужчыну затрымалі па падазрэньні ў забойстве і спачатку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Шаркаўшчынскага РАУС, а потым — у сьледчы ізалятар. Усяго да суду ён правёў за кратамі 503 дні.
Прысудам Шаркаўшчынскага суду мужчыну прызналі невінаватым і апраўдалі за недаказанасьцю яго ўдзелу ў забойстве. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў.
Пасьля апраўданьня і вызваленьня былы вязень зьвярнуўся з пазовам аб кампэнсацыі шкоды. Ён прасіў спагнаць зь Міністэрства фінансаў Беларусі маёмасную шкоду, зьвязаную са стратай заробку, з улікам індэксацыі ў памеры 6818 рублёў 28 капеек, і выдаткі на адваката ў памеры 8592 рублі 33 капейкі.
16 сьнежня суд Шаркаўшчынскага раёну пастанавіў спагнаць з казны на карысьць мужчыны 15 410 рублёў 61 капейку (гэта каля 6 тысяч даляраў). Акрамя гэтай сумы, дзяржава павінна выплаціць яму яшчэ 650 рублёў — чарговыя выдаткі на юрыдычную дапамогу.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com