Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імкнуўся цынічна сказіць маральныя і прававыя вынікі вайны». Крымінальную справу мастака Алеся Пушкіна накіравалі ў суд


Алесь Пушкін

Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу Алеся Пушкіна, якому інкрымінуюць рэабілітацыю нацызму і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў.

Падчас папярэдняга сьледзтва ўстаноўлена, што абвінавачаны «ўчыніў дзеяньні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасьці беларускіх калябарацыянісцкіх арганізацый», піша сайт Генпракуратуры.

«Абвінавачаны імкнуўся забыцца на ўрокі разбуральнай вайны, цынічна сказіць яе маральныя і прававыя вынікі, паставіць на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, праславіць і апраўдаць іх, а таксама паставіць пад сумненьні рашэньні Міжнароднага ваеннага трыбуналу, якія ня маюць тэрміну даўнасьці», — гаворыцца ў тэксьце.

У пэрыяд з 21 па 24 сакавіка 2021 году Алесь Пушкін, знаходзячыся ў Кіеве, правёў пэрформанс, на якім, як лічаць у пракуратуры, «зьневажаў дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь».

Выбраную раней у дачыненьні да абвінавачанага меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту намесьнік Генэральнага пракурора, накіроўваючы справу ў суд, пакінуў без зьмяненьня.

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.

Сьледчыя пачалі правяраць іншыя мастацкія працы Алеся Пушкіна — цыкль «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гэта партрэты як мінімум двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі. Таксама сьледчыя высьвятлялі ролю Пушкіна ў стварэньні дакумэнтальнага фільму «Праклятыя і забытыя», зьнятага тэлеканалам «Белсат» у 2013 годзе.

Раней да Пушкіна зьвярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG