Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2» падарвуць адносіны з саюзьнікамі


Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс

Прапанаваны сэнатарам-рэспубліканцам Тэдам Крузам законапраект аб санкцыях ЗША ў дачыненьні да газаправоду «Паўночны паток — 2» падарве адносіны Вашынгтону з саюзьнікамі. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс. Па ягоных словах, абмежаваньні ніяк не дапамогуць абараніць Украіну.

Разам з тым Прайс падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты працуюць з партнэрамі над сур’ёзнымі санкцыямі супраць Крамля, калі Масква праявіць агрэсію ў дачыненьні да Кіева.

Законапраект Круза дае Кангрэсу магчымасьць сваім рашэньнем уводзіць санкцыі, ад якіх раней адмовілася адміністрацыя Джо Байдэна — у тым ліку супраць кампаніі-ўладальніка газаправоду.

Паралельна на галасаваньне можа быць вылучаны законапраект сэнатара-дэмакрата Боба Мэнэндэса. Яго прапановы прадугледжваюць такія ж санкцыі, але толькі ў тым выпадку, калі Расея распачне поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.

Раней паведамлялася, што галасаваньне па санкцыях павінна прайсьці ў Сэнаце ЗША да 14 студзеня.

  • Газаправод «Паўночны паток-2» ужо дабудаваны, але яшчэ не запушчаны ў эксплуатацыю. Цяпер ідзе працэс яго сэртыфікацыі, якой пакуль перашкаджаюць нявырашаныя юрыдычныя пытаньні. Злучаныя Штаты, Украіна і шэраг краінаў ЭЗ выступаюць супраць рэалізацыі праекту. Адміністрацыя Байдэна, каб не абвастраць адносіны зь Нямеччынай, вырашыла ўстрымацца ад санкцый, якія непасрэдна закранаюць газаправод.
  • Расея, Нямеччына, Аўстрыя і іншыя ўдзельнікі будаўніцтва газаправоду сьцьвярджаюць, што праект мае выключна эканамічны характар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG