Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЭЗ прапанаваў лічыць газавую і атамную энэргетыку «зялёнымі». Пры пэўных умовах


Ілюстрацыйнае фота.

Эўракамісія прапанавала лічыць газавую і атамную энэргетыку «зялёнымі» пры пэўных абставінах.

Праект дакумэнта разасланы краінам — сябрам ЭЗ, паведамляюць нямецкае агенцтва DPA і газэта Financial Times.

Прапанова зробленая ў рамках прыняцьця праграмы доўгатэрміновага фінансаваньня ЭЗ і выкліча жорсткія спрэчкі, адзначае DPA. Стаўленьне да гэтых відаў энэргетыкі радыкальна адрозьніваецца ў розных краінах ЭЗ.

Прыхільнікі газавай энэргетыкі адзначаюць, што яна чысьцейшая за вугальную, прыхільнікі атамнай — што яна не ўплывае на выдзяленьне вуглякіслага газу.

Электрастанцыі, якія працуюць на прыродным газе, будуць жорстка абмежаваныя ў вытворчасьці парніковых газаў, калі будуць будавацца пасьля 2030 году, вынікае з прапановы. Атамныя праекты будуць лічыцца «зялёнымі», калі атрымаюць дазвол на будаўніцтва да 2045 году.

Праціўнікі лічаць, што, калі гаворка ідзе аб газавых станцыях, «больш чыста» не азначае «чыста», а атамная энэргетыка патрабуе ўтылізацыі небясьпечных адкідаў і мае рызыку небясьпечных аварый.

Адзін з самых сур’ёзных праціўнікаў атамнай энэргетыкі — першая па памеры эканомікі краіна ЭЗ — Нямеччына. 31 сьнежня Бэрлін закрыў тры з шасьці атамных электрастанцый, якія засталіся ў краіне. Астатнія тры плянуецца закрыць да канца гэтага году.

У той жа час другая эканоміка Эўразьвязу, Францыя, вырабляе на атамных электрастанцыях 70 працэнтаў электраэнэргіі і плянуе аднавіць будаўніцтва АЭС, апошняя зь якіх была запушчана амаль 20 гадоў таму.

Для таго каб адхіліць прапанову Эўракамісіі, супраць яе павінна выступіць кваліфікаваная большасьць краінаў-удзельніц. Гэта значыць ня менш за 20 з 27 урадаў, якія прадстаўляюць ня менш за 65 працэнтаў насельніцтва зьвязу, або 353 з 705 дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG