Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць вакцын у сьвеце не абараняюць ад «Омікрону». Існуе рызыка зьяўленьня новых варыянтаў. Дасьледаваньне


Навукоўцы лічаць, што наяўныя вакцыны забясьпечваюць значную абарону ад цяжкіх форм хваробы, але ня могуць цалкам абараніць арганізм ад заражэньня «Омікронам». Наступствы хуткага распаўсюджваньня гэтага штаму непакояць многіх экспэртаў у галіне аховы здароўя.

Сьцісла

  • Як піша The New York Times, усё больш папярэдніх дасьледаваньняў паказваюць, што вакцыны ад COVID-19, якія выкарыстоўваюцца ў большасьці краін сьвету, амаль не абараняюць ад заражэньня высокакантагіёзным варыянтам «Омікрон».
  • Усе вакцыны па-ранейшаму забясьпечваюць значную ступень абароны ад сур’ёзнага цячэньня хваробы, выкліканай «Омікронам». А гэта якраз і зьяўляецца найболей важнай мэтай кампаніі вакцынацыі.
  • Мэдыкі ўжо высьветлілі, што толькі вакцыны Pfizer і Moderna, узмоцненыя трэцяй (бустэрнай) дозай, верагодна, здольныя не дапусьціць інфэкцыю ў арганізм, але гэтыя вакцыны недаступныя ў большасьці краін сьвету.
  • Як паказваюць раньнія дасьледаваньні, іншыя вакцыны, у тым ліку вакцыны ад AstraZeneca, Johnson & Johnson і вакцыны, што вырабляюцца ў Кітаі і Расеі, практычна не спыняюць распаўсюджваньне «Омікрону».
  • А паколькі большасьць краін пабудавалі свае праграмы вакцынацыі на аснове гэтых вакцын, то гэта можа аказаць сур’ёзны ўплыў на ход пандэміі.
  • Няроўнасьць у магчымасьцях краін процістаяць пандэміі амаль напэўна павялічыцца. А навіны пра абмежаваную эфэктыўнасьць вакцын супраць «Омікрону» могуць зьнізіць попыт на вакцынацыю ва ўсім сьвеце, які мяняецца — многія людзі ўжо вагаюцца наконт прышчэпак або заклапочаныя іншымі праблемамі са здароўем.
  • Глябальны ўсплёск выпадкаў заражэньня ў сьвеце, дзе мільярды людзей застаюцца непрышчэпленымі, ня толькі пагражае здароўю ўразьлівых груп насельніцтва, але і павялічвае магчымасьць зьяўленьня яшчэ большай колькасьці варыянтаў вірусу.

Вынікі экспэрымэнтаў з вакцынамі ўражваюць навукоўцаў

Большасьць доказаў да гэтага часу заснавана на лябараторных экспэрымэнтах, якія не ахопліваюць увесь спэктар імуннага адказу арганізму. Таксама пакуль няма ацэнкі ўзьдзеяньня інфэкцыі на папуляцыі ў рэальным сьвеце.

Прышчэпкі Pfizer і Moderna выкарыстоўваюць новую тэхналёгію мРНК, якая нязьменна забясьпечвае лепшую абарону ад заражэньня пры любым варыянце вірусу. Усе астатнія вакцыны заснаваныя на больш старых мэтадах запуску імуннага адказу.

Кітайскія вакцыны Sinopharm і Sinovac, якія складаюць амаль палову ўсіх прышчэпак у сьвеце, забясьпечваюць практычна нулявую абарону ад інфэкцыі «Омікронам». Пераважная большасьць людзей у Кітаі атрымалі гэтыя вакцыны, якія таксама шырока выкарыстоўваюцца ў краінах зь нізкім і сярэднім узроўнем даходаў, такіх як Мэксыка і Бразылія.

Папярэдняе дасьледаваньне эфэктыўнасьці, праведзенае ў Вялікай Брытаніі, паказала, што вакцына Oxford-AstraZeneca ня здольная спыніць інфэкцыю «Омікронам» праз шэсьць месяцаў пасьля вакцынацыі. 90% вакцынаваных людзей у Індыі атрымалі гэтую прышчэпку пад гандлёвай маркай Covishield; яна таксама шырока выкарыстоўвалася ў большасьці краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары, дзе глябальная праграма вакцынацыі Covax распаўсюдзіла 67 000 000 доз гэтай вакцыны ў 44 краіны.

Дасьледнікі прадказваюць, што расейская вакцына Sputnik, якая таксама выкарыстоўваецца ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы, пакажа такія ж дрэнныя паказьнікі абароны ад «Омікрону».

Попыт на вакцыну Johnson & Johnson у Афрыцы рэзка павялічыўся, бо рэжым яе аднаразовага увядзеньня дазваляе лёгка даставіць вакцыну ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў. Але гэтая вакцына таксама паказала нязначную здольнасьць блякаваць інфэкцыю, выкліканую «Омікронам».

«Омікрон» усё роўна паставіць сыстэмы аховы здароўя на мяжу магчымасьцяў

Антыцелы — гэта першая лінія абароны, якую ствараюць вакцыны. Але прышчэпкі таксама стымулююць рост Т-клетак (або Т-лімфацытаў), і папярэднія дасьледаваньні паказваюць, што Т-клеткі ўсё яшчэ распазнаюць варыянт «Омікрон», а гэта важна для прадухіленьня цяжкага захворваньня.

«У першую чаргу вы губляеце абарону ад бессымптомнай лёгкай інфэкцыі, але значна лепш вы захоўваеце абарону ад цяжкіх захворваньняў і сьмерці», — кажа вірусоляг зь Нью-Ёрку Джон Мур. Ён называе вялікай удачай, што «Омікрон» пакуль выглядае менш сьмяротным, чым варыянт «Дэльта».

Але гэтай абароны будзе недастаткова, каб ня даць «Омікрону» выклікаць глябальныя праблемы, — мяркуе дырэктар Цэнтру глябальнай палітыкі аховы здароўя амэрыканскага Цэнтру міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў Стывэн Морысан.

«Сам па сабе маштаб інфэкцыі разбурыць сыстэмы аховы здароўя проста таму, што колькасьць выпадкаў патэнцыйна будзе вялікай», — кажа доктар Морысан.

Тым ня менш доктар Сэт Бэрклі, выканаўчы дырэктар глябальнага альянсу па вакцынах Gavi, заяўляе, што перш чым рабіць высновы аб эфэктыўнасьці вакцын супраць «Омікрону», трэба атрымаць дадатковыя дадзеныя, і што паскораная вакцынацыя павінна заставацца ў цэнтры ўвагі пандэмічных мер у адказ.

Папярэднія дадзеныя з Паўднёвай Афрыкі паказваюць, што з «Омікронам» існуе значна больш высокая верагоднасьць паўторнага заражэньня людзей, што ўжо перанесьлі COVID-19, чым з зыходным штамам і наступнымі яго варыянтамі. Але некаторыя экспэрты лічаць, што краіны, дзе ўжо перажылі жорсткія хвалі COVID-19, такія як Бразылія і Індыя, могуць мець буфэр супраць «Омікрону», а вакцынацыя пасьля заражэньня дае высокія ўзроўні антыцелаў.

Што будзе з тымі краінамі, дзе прышчапляліся не мРНК вакцынамі

Індыя

«Спалучэньне вакцынацыі і ўзьдзеяньня вірусу выглядае мацнейшым, чым простая вакцынацыя», — кажа эпідэміёляг Раман Лакшмінараян. Ён адзначае, што ў Індыі ўзровень вакцынацыі дарослага насельніцтва складае ўсяго каля 40 працэнтаў, але ў некаторых рэгіёнах 90 працэнтаў жыхароў застаюцца адкрытымі для ўзьдзеяньня вірусу.

«Без сумневу, „Омікрон“ захлісьне Індыю, — мяркуе Лакшмінараян, — Але, спадзяюся, Індыя ў некаторай ступені абароненая, дзякуючы вакцынацыі і ранейшым заражэньням».

Кітай

У Кітая няма такога ўзроўню абароны, каб падтрымаць свае слабыя вакцыны. З прычыны агрэсіўных намаганьняў спыніць распаўсюджваньне вірусу ў сваіх межах аказалася, што раней заражэньне зазнала адносна невялікая колькасьць кітайцаў. Паводле ацэнак, толькі 7% людзей ва Ўхані, дзе пачалася пандэмія, былі інфікаваныя.

Лацінская Амэрыка

Вялікая частка насельніцтва краін Лацінскай Амэрыкі прышчэпленыя кітайскімі і расейскімі вакцынамі, а таксама вакцынай AstraZeneca. Прафэсар імуналёгіі Чылійскага ўнівэрсытэту Марыё Разэмблят мяркуе, што больш за 90 адсоткаў чылійцаў атрымалі дзьве дозы адной вакцыны, але пераважная большасьць з іх былі вакцынай Sinovac. Паводле навукоўца, высокі ахоп вакцынацыяй у спалучэньні з раньнімі паведамленьнямі аб тым, што «Омікрон» не выклікае сур’ёзных захворваньняў, прыводзіць да ілжывага пачуцьця бясьпекі.

«Мы павінны прымусіць людзей зразумець, што гэта не працуе так. Калі вы атрымаеце высокую трансьмісіўнасьць, вы атрымаеце насычэньне сыстэмы аховы здароўя хворымі, бо колькасьць інфікаваных будзе большай», — сказаў прафэсар.

Бразылія рэкамэндавала ўсім прышчэпленым людзям атрымаць трэцюю дозу і пачала выкарыстоўваць вакцыну Pfizer для ўсіх бустэраў, але толькі 40 працэнтаў вакцынаваных прыйшлі па дадатковую вакцыну. Вірусоляг з Фэдэральнага ўнівэрсытэту Рыа-дэ-Жанэйра доктар Амількар Тануры з асьцярожным аптымізмам кажа, што высокія ўзроўні папярэдняга заражэньня COVID-19 могуць аслабіць узьдзеяньне «Омікрону», але адзначае, што найбольш уразьлівыя бразыльцы, што былі прышчэпленыя першымі, атрымалі вакцыну Sinovac, і яшчэ дзясяткі мільёнаў атрымалі AstraZeneca.

Падзел сьвету і рэальная пагроза працягу пандэміі праз новыя штамы

Доктар Морысан называе здольнасьць «Омікрону» ўхіляцца абароны, створанай вакцынамі, «сур’ёзнай перашкодай» для краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў, дзе, нягледзячы на любое абмеркаваньне бустэраў, асноўная ўвага па-ранейшаму надаецца забесьпячэньню першымі прышчэпкамі:

«Сьвет дзеліцца на дзьве часткі. Гэта тыя, у каго ёсьць хуткі шлях да бустэраў, і тыя, хто раней меў абмежаваны прагрэс і раптоўна стаў ахвярай новай успышкі».

Усяго 13% насельніцтва Афрыкі атрымалі хаця б адну дозу вакцыны супраць COVID-19.

Доктар Лакшмінараян сказаў, што ўрад Індыі, для якога ён працуе дарадцам, разглядае магчымасьць правядзеньня рэвакцынацыі, але варыянт «Дэльта» па-ранейшаму прадстаўляе значную пагрозу для Індыі, а дзьве дозы вакцыны забясьпечваюць абарону ад «Дэльты». Гэта ставіць урад перад цяжкім выбарам: засяродзіць увагу на тым, каб людзі, якія яшчэ не прышчэпленыя або прышчэпленыя часткова, атрымалі дзьве дозы вакцыны, або зрабіць бустэрную рэвакцынацыю для пажылых людзей і людзей зь цяжкімі хваробамі, каб абараніць іх ад «Омікрону».

На думку доктара Морысана, паведамленьні аб тым, што вакцыны, якія не ўтрымліваюць мРНК, забясьпечваюць слабую абарону ад «Омікрону», могуць яшчэ больш падарваць попыт на іх.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Школы грамадзкай аховы здароўя Джонса Гопкінса Толбэрт Ніенсва, які быў намесьнікам міністра аховы здароўя ў Лібэрыі падчас наймацнейшай успышкі Эболы ў гэтай краіне, кажа, што пагроза для краін на поўдні зямной кулі, дзе прымяняліся вакцыны без мРНК, сьведчыць пра няздольнасьць багатых краін падзяліцца гэтай тэхналёгіяй або дапамагчы ў стварэньні вытворчасьці ў краінах зь нізкім і сярэднім узроўнем даходаў.

Як сьледзтва, небясьпечныя варыянты каранавірусу будуць далей зьяўляцца ў раёнах зь нізкім ахопам вакцынацыяй, і пандэмія будзе працягвацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG