Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад БРСМ да палітычнай эміграцыі. Гісторыя 21-гадовай беларускі


Надзея Сядун

Удзельніца студэнцкага страйкаму яшчэ тры гады таму была актывісткай прадзяржаўнай арганізацыі, а цяпер у эміграцыі змагаецца з дэпрэсіяй, выкліканай падзеямі жніўня 2020 году.

Пасьля леташніх выбараў 21-гадовая Надзея Сядун сутыкнулася зь перасьледам, адлічэньнем з БДЭУ і вымушанай эміграцыяй. Цяпер дзяўчына жыве і вучыцца ў Познані, працягвае займацца актывісцкай дзейнасьцю. Аднак да гэтага моманту змагаецца з псыхалягічнымі траўмамі.

Надзея расказала Свабодзе пра тое, як дзякуючы публікацыям беларускіх блогераў зразумела, што ў краіне ёсьць апазыцыя. А таксама пра сваю дапамогу мэдыкам і пэнсіянэрам падчас пандэміі ковіду, удзел у пратэстах і ўнівэрсытэцкім страйкаме, валянтэрства пад Акрэсьціна і эмацыйны разрыў у камунікацыі зь людзьмі пасьля перажатага.

«Памятаю, як глядзела трансьляцыю з Дня Волі ў 2017 годзе і проста рыдала»

«Мае палітычныя погляды пачалі фармавацца ў 2015-2016 гадах, падчас расейска-ўкраінскай вайны. Я тады шмат сядзела ў твітары і аднойчы наткнулася на „РБ головного мозга“ Лосіка, публікацыі Пальчыса ды іншых блогераў. Напрыклад, мая ўлюбёнасьць у Менск пачалася з Матолькі. Адным словам, гэтыя тры чалавекі паўплывалі на мяне больш за ўсіх, — прызнаецца Надзея. — Дзякуючы сацсеткам я зразумела, што ў краіне ёсьць апазыцыя, нацыянальныя сымбалі, такія як Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг. Паступова старалася вывучаць гісторыю».

Надзея кажа, што ў пэрыяд так званай «мяккай беларусізацыі» ёй вельмі падабалася мода на адзеньне з нацыянальным арнамэнтам, асабліва так званыя «вышымайкі» зь вядомай менскай крамы Symbal.by. Яна сама неаднаразова насіла іх ня толькі ў штодзённым жыцьці, але на творчыя конкурсы. Паколькі Надзея прафэсійна сьпявае, яна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах і міжнародных фэстывалях. Дзяўчына кажа, што для яе было важна ня толькі падчас выступу быць у майцы з Пагоняй, але і выконваць песьні менавіта на беларускай мове.

Надзея Сядун
Надзея Сядун

Надзея таксама старалася па магчымасьці выказваць сваю думку ў школе. На заняткі яна хадзіла зь бел-чырвона-белай стужкай на заплечніку.

«Памятаю, як глядзела трансьляцыю Радыё Свабода з Дня Волі ў 2017 годзе і проста рыдала. Гэта быў першы момант, калі на свае вочы пабачыла, як і што адбываецца. На наступны дзень я паляцела на 2 тыдні на Мальту вывучаць ангельскую мову. І я памятаю, як нас там папрасілі расказаць пра сваю краіну», — успамінае дзяўчына.

Сядун зазначае, што яна заўсёды старалася апавядаць іншаземцам пра падзеі ў Беларусі і ўдзельнічаць у вырашэньні сацыяльных праблем.

«Калі ў школе трэба было ўступіць у БРСМ, я з гонарам скарысталася гэтай магчымасьцю, бо хацела зрабіць нешта добрае для Беларусі. Я не разумела, што ёсьць нейкія іншыя спосабы. Але, дарэчы, я сапраўды шмат чаго рабіла: хадзіла да вэтэранаў, зьбірала падарункі да 9 траўня ці для дзяцей у дзіцячыя дамы», — дзеліцца дзяўчына.

Зь цягам часу Надзея ўсё больш расчароўвалася ў БРСМ і перад парлямэнцкімі выбарамі ў 2019 годзе зь яго выйшла.

Тым ня менш падчас сваёй дабрачыннай дзейнасьці яна і потым таксама мела дачыненьне з арганізацыяй, якая супрацоўнічае зь дзяржаўным апаратам.

«Я заўсёды была чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Напрыклад, падчас ковіду я амаль што прыпыніла сваю працу і навучаньне (Надзея працавала афіцыянткай і вучылася на 2 курсе БГЭУ на спэцыяльнасьці «лягістыка». — РС), таму што была валянтэркай Чырвонага Крыжа, — кажа суразмоўца. Так, нам, вядома, даводзілася кантактаваць зь Менгарвыканкамам, гэта было вельмі крыўдна.

Аднак, нягледзячы на гэта, я сапраўды дапамагала пэнсіянэрам — купляла і заносіла ім прадукты, каб яны не выходзілі з дому. Таксама была валянтэркай «хакерспэйсу».

Надзея прызнаецца, што ў яе павышанае пачуцьцё справядлівасьці і, слухаючы аповеды мэдыкаў аб іх працы ў час эпідэміі, яна не магла нічога не рабіць, нават калі б хацела. Паводле яе, менавіта сытуацыя з ковідам выклікала вялікае абурэньне беларусаў, што ў будучыні і паўплывала на іх жаданьне зьменаў у краіне.

Падчас леташніх выбараў Надзеі было 19 гадоў, галасавала яна ўпершыню. Найбольшы давер сярод усіх незалежных кандыдатаў у яе выклікаў Віктар Бабарыка, таму дзяўчына вырашыла ўступіць у ягоную ініцыятыўную групу. Аднак яна таксама падтрымлівала Сяргея Ціханоўскага і Валера Цапкалу, таму ставіла подпісы і за іх вылучэньне на пост кіраўніка дзяржавы.

«Калі над тваёй галавой пралятае сьвятлашумавая граната, жыцьцё мяняецца»

Удзел у пратэстах у Надзеі пачаўся з затрыманьня Бабарыкі 18 чэрвеня.

«Тады ў майцы з Пагоняй я пайшла на плошчу Якуба Коласа, каб выказвацца, стаяла ў „ланцугу“, а калі на маіх вачах пачалі бегаць „людзі ў чорным“, я зразумела, што ўсё, ужо ніхто ня спыніцца — ні мы, ні яны», — кажа суразмоўца.

Надзея падкрэсьлівае, што змагалася за зьмены ў краіне ўсімі законнымі спосабамі. Напрыклад, яна ня толькі выходзіла на вуліцы, але таксама разам зь іншымі студэнтамі свайго ўнівэрсытэту запісала відэазварот для настаўнікаў, якія працуюць у выбарчай камісіі. Гэта не засталося незаўважаным у Міністэрстве адукацыі і мела свае наступствы.

«Для мяне было немагчыма 9 жніўня не пайсьці ў горад. Я была ля стэлы, таму бачыла ўсё. І скажу так: пасьля таго, як над тваёй галавой пралятае сьвятлашумавая граната, жыцьцё мяняецца».

Надзея кажа, што пасьля 10 жніўня шмат яе сяброў затрымалі.

«Памятаю, як мы выйшлі на чарговую акцыю зь сяброўкай і я сказала: „Сёньня мы ў аўтазак ці нікуды, таму што трэба заняць месцы хлопцаў“. Мы тады яшчэ не разумелі, што ліміту няма і думалі, што нас, дзяўчат, будуць менш біць».

На пратэстах у 2020-м
На пратэстах у 2020-м

На пачатку восені 2020 году Надзея ўвайшла ў страйкам унівэрсытэту, пасьля чаго ціск на яе яшчэ больш узмацніўся. Пасьля ўдзелу ў студэнцкіх пратэставых акцыях яна была адной зь першых у сьпісах на адлічэньне. Па словах Надзеі, яе амаль кожны дзень выклікалі ў дэканат пісаць тлумачальную.

Дзяўчына кажа, што пасьля пратэсту каля ўнівэрсытэту ў дзень разгону маршу пэнсіянэраў 12 кастрычніка прарэктар у выхаваўчай працы Сяргей Скрыба напісаў на яе і іншых студэнтаў заяву ў РАУС. Позвы туды ў выніку маладзёнам уручылі ў дэканаце. А за некалькі дзён да гэтага Надзея пабывала на «гутарцы» ў Мачулішчанскім аддзеле міліцыі.

Перад агульнанацыянальнай забастоўкай дзяўчыне прыйшло паведамленьне ў суд паводле артыкулу 23.34 КаАП: за сядзеньне на сходах ВНУ, якое палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам. Ужо 30 кастрычніка яе пакаралі штрафам у 15 базавых і ў той жа самы дзень адлічылі з унівэрсытэту.

«Ужо 2-3 месяцы ўжываю антыдэпрэсанты і працую з псыхіятрам і псыхатэрапэўтам»

Перасьлед Надзеі не спыняўся, аднак яна да апошняга не зьбіралася пакідаць Беларусь. 20 студзеня Надзі патэлефанаваў яе хлопец (яго таксама пакаралі паводле «народнага артыкулу», толькі ня штрафам, а 15 днямі арышту. — РС) і паведаміў пра званок са Сьледчага камітэту. Пасьля чаго запытаў Надзею, ці гатова яна пакінуць краіну. У выніку пара выехала ў Кіеў.

Яшчэ ў канцы лістапада на ўсялякі выпадак Надзея «падалася» на праграму Каліноўскага, таму ўжо празь месяц мусіла з Украіны ехаць у Кракаў на заняткі. Пасьля чарговых зьменаў у жыцьці ў дзяўчыны пачалася цяжкая дэпрэсія.

«Я апынулася ў краіне, у якой у мяне нікога не было. Магла 7 дзён не выходзіць з дому, 5 дзён ня мыць галавы, ня чысьціць зубоў, і спачатку я не разумела, што гэта не нармальна», — расказвае суразмоўца.

У асабліва цяжкім стане яна была каля 2 месяцаў. Надзея падкрэсьлівае, што перажыты досьвед пакінуў на ёй моцны сьлед.

«Здараецца, што адчуваю сябе, як нейкі дзед — бурклівая, нэрвовая. У мяне застаўся дыягназ „посттраўматычны стрэсавы разлад“ — я ўсе роўна пужаюся нейкіх гукаў, аўтамабіляў, людзей. Ужо 2-3 месяцы ўжываю антыдэпрэсанты і працую з псыхіятрам і псыхатэрапэўтам. Калі б мне хтосьці год таму сказаў, што гэта са мной здарыцца, я б ніколі не паверыла», — расказвае суразмоўца.

Паступова стан дзяўчыны паляпшаўся дзякуючы падтрымцы яе сям’і, сябрам і Задзіночаньню беларускіх студэнтаў.

Пашпарт
Пашпарт

«Нават жартуем, што мы такія „хворыя“ студэнты, эмацыйна пашкоджаныя»

Надзея прызнаецца, што большая частка яе новых сяброў прайшла на радзіме праз пратэст, гвалт, катаваньні ці проста вымушаную эміграцыю.

«Мы ўсе адзін аднаго падтрымліваем, гаварыць і паразумецца паміж сабой нам значна прасьцей, чым зь людзьмі, якія ня ўдзельнічалі ў пратэстах. Досьвед, які мы цяпер маем, некаторыя могуць не атрымаць нават за ўсё жыцьцё. Нават жартуем, што мы такія „хворыя“ студэнты, эмацыйна пашкоджаныя».

Пасьля ад’езду зь Беларусі Надзея зьмяніла месца жыхарства 10 разоў. Цяперяна здымае кватэру зь сябрамі ў Познані. Вучыцца дзяўчына ў познанскім эканамічным унівэрсытэце на першым курсе лягістыкі па праграме Каліноўскага і неўзабаве пачне атрымліваць стыпендыю ад Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сёньня Надзея працягвае сваю актывісцкую дзейнасьць, яна зьяўляецца PR-сакратаркай ЗБС. Дзяўчына не была ў Беларусі ўжо год, але кажа, што назваць Польшчу домам для яе цяжка.

«Калі бацькі пытаюцца, ці я ўжо дома, то адказваю: „Не, мой дом у Беларусі быў і будзе, вы ж ведаеце, што мяне там няма“. Дзесьці ў інстаграме я нядаўна прычатала „Жыву ў Беларусі онлайн“. Я ведаю пра нашу краіну больш, чым некаторыя людзі, якія там жывуць».

Надзея кажа, што ў будучыні хоча вярнуцца ў бясьпечную Беларусь, у якой няма гвалту, катаваньняў, сотняў палітзьняволеных, і дадае: «У тую, дзе ракой льецца шампанскае — таму што перамаглі!».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG