Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадах Украіны правяраюць гатоўнасьць сховішчаў на выпадак ваенных дзеяньняў


Указальнік на бомбасховішча ў Марыюпалі, 2021 год

Адразу ў некалькіх гарадах Украіны мясцовыя ўлады супольна са службамі ў пытаньнях надзвычайных сытуацый пачалі правяраць гатоўнасьць аб’ектаў цывільнай абароны на выпадак надзвычайных сытуацый і ваенных дзеяньняў.

Апошні раз рэвізію сховішчаў і абарончых збудаваньняў праводзілі на пачатку 2015 году. Тады амаль палову з агульнай колькасьці ва Ўкраіне 25 658 аб’ектаў цывільнай абароны прызналі немагчымымі для выкарыстаньня.

На мінулым тыдні праверкі праводзілі ў Львове, цяпер — у Кіеве. У большасьці буйных украінскіх гарадоў ужо створаныя інтэрактыўныя мапы месцаў, дзе пры неабходнасьці можна знайсьці дзейныя ўкрыцьці і бомбасховішчы.

Ратавальныя службы правяраюць іх тэхнічны стан, сыстэмы вэнтыляцыі, водазабесьпячэньня, каналізацыі і ацяпленьня, а таксама сыстэмы сувязі і апавяшчэньня.

У Кіеве дзейнічае амаль 5 тысяч сховічшаў, у тым ліку тых, якія створаныя ў падвальных памяшканьнях жылых будынкаў, падземных пераходаў, аўтапаркінгаў і мэтрапалітэну (фота можна паглядзець тут).

Улады рэкамэндуюць грамадзянам загадзя падрыхтавацца на выпадак надзвычайнай сытуацыі і вызначыць найбліжэйшыя для месца пражываньня ці працы месцы сховішчаў.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў 3 сьнежня заявіў, што Расея выкарыстоўвае ўсе магчымыя інструмэнты для дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне і для падрыхтоўкі вайсковай эскаляцыі, імавернай у канцы студзеня наступнага году.

«Наша выведка аналізуе ўсе сцэнары, уключна з найгоршымі. Яна (выведка) адзначае, што імавернасьць маштабнай эскаляцыі з боку Расеі існуе. Найбольш верагодным часам дасягненьня гатоўнасьці да эскаляцыі будзе канец студзеня. Падкрэсьліваю: эскаляцыя ёсьць імаверным, але не абавязковым сцэнарам», — паведаміў ён.

  • На тле канцэнтрацыі расейскіх войскаў на межах Украіны 7 сьнежня адбылася дзьвюхгадзінная відэаразмова прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
  • Байдэн выказаў глыбокую занепакоенасьць ЗША і іх эўрапейскіх саюзьнікаў адносна нарошчваньня Расеяй сіл вакол Украіны і дакладна даў зразумець, што ЗША і саюзьнікі адкажуць эканамічнымі і іншымі мерамі ў выпадку ваеннай эскаляцыі.
  • Прэзыдэнт ЗША таксама падкрэсьліў падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і заклікаў вярнуцца да дыпляматычных перамоваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG