Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы Дуда сустрэўся зь Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Варшава, 4 чэрвеня 2021

Сустрэча Анджэя Дуды і Сьвятланы Ціханоўскай пачалася ў 12:15 у прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве.

Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца ў Варшаве з працоўным візытам. Яна прыбыла на сустрэчу з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, каб абмеркаваць праблему палітвязьняў, у тым ліку рэпрэсаваных прадстаўнікоў польскай меншасьці Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс, дапамогу беларускім студэнтам і незалежным мэдыя, а таксама сытуацыю на мяжы Беларусі і ЭЗ, паведламілі ў прэсавай службе Ціханоўскай.

Інфармацыю пра гэта разьмясьціў і сайт прэзыдэнта Дуды.

Што бакі сказалі пасьля перамоваў

Як заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас брыфінгу па выніках сустрэчы, сярод іншага ён паінфармаваў Сьвятлану Ціханоўскую пра свой візыт на мяжу. Па яго словах, вялікая група мігрантаў знаходзіцца ў лягістычным цэнтры ў Брузгах, адкуль 10 хвілінаў пехатой да памежнага пераходу. Уначы працягваюцца спробы прарыву групамі па 20-40 чалавек, у выніку польскія службы мусяць быць напагатове 24 гадзіны за суткі.

«У сваю чаргу Сьвятлана Ціханоўская расказала, як выглядае сытуацыя ў Беларусі, што можна чакаць у будучыні. Таксама мы абмяркоўвалі рэфэрэндум — усім відавочна, што ўсе вынікі будуць сфальсыфікаваныя. Гэта тычыцца і яўкі, і вынікаў», — сказаў Анджэй Дуда.

Па ягоных словах, таксама вялася гаворка, як данесьці да ўсяго сьвету інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі, каб беларускі рэжым ня мог галаслоўна заяўляць, што нібыта «усё нармальна».

«Каб увесь сьвет ведаў, што гэта дзяржава, дзе парушаюцца ўсе дэмакратычныя нормы, дзе тысячы знаходзяцца ў зьняволеньні, дзе людзі церпяць, дзе іх запалохваюць, выганяюць з працы, прыніжаюць, увесь час працягваецца перасьлед», — адзначыў ён.

Сьвятлана Ціханоўская са свайго боку заявіла, што стратэгія апазыцыі не зьмянілася: вызваленьне ўсіх палітвязьняў і пачатак дыялёгу, які павінен прывесьці да свабодных выбараў новага прэзыдэнта.

«Мне вельмі шкада, што дыктатары не разумеюць мовы дыпляматыі, а разумеюць мову сілы, мову прымусу», — дадала яна.

На яе перакананьне, толькі адзіная пазыцыя дэмакратычных дзяржаў, далейшы ціску на беларускія ўлады і падтрымка грамадзянскай супольнасьці могуць прывесьці да зьменаў.

Пры гэтым Сьвятлана Ціханоўская выказала падзяку Польшчы, якая адна зь першых пачула голас дэмакратычнага руху Беларусі, за што церпіць ад міграцыйнага крызісу на мяжы.

Гэта ня першая сустрэча Дуды з Ціханоўскай

Раней Анджэй Дуда і Сьвятлана Ціханоўская ўжо некалькі разоў сустракаліся. Іх сустрэча ў Варшаве зноў пройдзе зь перамовамі пра падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, дыяспары і сумесныя крокі ў супрацьстаяньні з рэжымам Лукашэнкі.

«Сьвятлана Ціханоўская — лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі і прадстаўляе значную частку беларусаў. Мы ўспрымаем Ціханоўскую як чалавека, які гаворыць ад імя беларускага народу; Польшча знаходзіцца ў спрэчцы з Лукашэнкам, а не зь беларусамі», — заявіў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Якуб Кумах.

Паводле яго, сытуацыя ў Беларусі і падтрымка Польшчай дэмакратыі ў Беларусі будзе галоўнай тэмай онлайн-выступу Дуды на Саміце за дэмакратыю, які адбудзецца ў гэты дзень у Вашынгтоне.

«Сьвятлана Ціханоўская таксама будзе госьцяй Саміту за дэмакратыю. Сымбалічна, што лідэрка дэмакратычнай Беларусі будзе прамаўляць з краіны, якая аказала дапамогу дзясяткам тысяч уцекачоў зь Беларусі і падтрымлівае апазыцыю ў барацьбе за фундамэнтальнае права нацыі выбіраць свайго лідэра».

На вечар з удзелам палітыкаў заплянавана перадкалядная сустрэча зь беларусамі, якія знайшлі прытулак у Польшчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG