Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» заявіла пра атаку ўладаў на сваіх валянтэраў


Акцыя салідарнасьці ў падтрымку зьняволеных праваабаронцаў «Вясны». Вільня, 17 верасьня 2021 г.

Паводле арганізацыі, пачынаючы ад 1 сьнежня больш як у двух дзясяткаў валянтэраў Праваабарончага цэнтру «Вясна» адбыліся ператрусы. Многіх пасьля гэтага затрымалі, дапыталі, прымусілі даць падпіскі аб неразгалошваньні інфармацыі.

«Усё гэта — адвольная рэпрэсіўная рэакцыя ўладаў на мірную і адкрытую дзейнасьць па абароне, прасоўваньні і заахвочваньні правоў чалавека, у прыватнасьці — на валянтэрскую падтрымку праваабарончай дзейнасьці і назіраньне за выкананьнем стандартаў справядлівага правасудзьдзя. У сувязі з гэтым праваабаронцы „Вясны“ ўсьлед за ААН адзначаюць важную і прагрэсіўную ролю валянтэрства: добраахвотнікі ствараюць рух, арыентаваны на патрэбы людзей, з тым, каб дапамагчы будаваць лепшую будучыню для ўсіх нас», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Паводле праваабаронцаў, Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі абавязвае забясьпечыць адкрыты судовы разгляд крымінальных спраў. Выключэньні магчымыя толькі ў строгіх межах юрыдычных нормаў. У астатніх выпадках прысутныя ў адкрытым судовым пасяджэньні маюць права весьці пісьмовы запіс і гукапіс. Любыя абмежаваньні — адвольныя і незаконныя.


«Мы заяўляем пратэст у сувязі зь ціскам на арганізацыю, асуджаем парушэньне правоў чалавека ў якасьці інструмэнтаў узьдзеяньня на ўсе сэгмэнты грамадзянскай супольнасьці і пацьвярджаем гатовасьць працягваць мірную легітымную дзейнасьць па абароне і прасоўваньні правоў чалавека. Ніякія рэпрэсіі ня ў стане абмежаваць правамернае імкненьне да атрыманьня праўдзівай інфармацыі аб усіх баках жыцьця, ніякія праявы бессэнсоўнай жорсткасьці і самаўпраўнасьці не схаваюць рэакцыйныя мэтады барацьбы зь мірнымі пратэстамі і іншадумствам», — падсумоўваецца ў заяве арганізацыі.

Кіраўніца валянтэрскай службы Вясны Марфа Рабкова ўжо больш за 14 месяцаў за кратамі. За гэты час ёй некалькі разоў мянялі абвінавачаньне. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі і яе актывісты Леанід Судаленка, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч таксама зьняволеныя.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG