Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злая карыкатура на БССР. Пра што варта памятаць тым, хто шантажуе Захад стратай беларускай незалежнасьці


Рабочы страйк на плошчы Леніна. Менск, 1991 год.

30 года таму СССР дажываў свае апошнія дні. І пра гэта ўжо, здаецца, мала хто шкадаваў.

У дзень, калі разваліўся СССР, 8 сьнежня 1991 году, я радаваўся, што зь вялікімі цяжкасьцямі, адстаяўшы доўгую чаргу, удалося купіць зімовыя чаравікі. Напярэдадні ў мяне была магчымасьць выправіцца ў Віскулі, каб асьвятляць там нечаканую сустрэчу Шушкевіча, Ельцына і Краўчука (я тады працаваў журналістам у «Звяздзе»). Але дні тады стаялі марозныя, сьнежныя. А добрага зімовага абутку ў мяне не было... Вырашыў ня ехаць.

Краіна, у якой немагчыма было свабодна купіць зімовыя чаравікі (а таксама тэлевізар, канапу, каўбасу, туалетную паперу і яшчэ тысячы самых звычайных і неабходных рэчаў) наўрад ці магла выжыць. Яна дажывала свае апошнія дні. І пра гэта ўжо, здаецца, мала хто шкадаваў.

Зрэшты, пра тое, што 8-га сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы саюзная дзяржава заканчвае сваё існаваньне, большасьць савецкіх грамадзянаў ні ў той вечар, ні на наступны дзень наўрад ці здагадваліся. Памятаю, з калегамі ў рэдакцыі позна ўвечары 8-га сьнежня, адно за другім атрымліваючы афіцыйныя паведамленьні зь Віскулёў, жартавалі пра тое, як будзе называцца новая краіна. СНД напачатку ўспрынялі, як новую, больш мяккую вэрсію СССР. Калі б было іначай, калі б усе дакладна ўсьведамлялі, што іх чакае, хто ведае, можа, раніцай 9-га сьнежня былыя савецкія грамадзяне адрэагавалі б на зьнікненьне сваёй краіны па-іншаму.

Шмат разоў мне даводзілася адказваць сваім дзецям на пытаньне пра тое, якім яно было, жыцьцё ў СССР, у якім я нарадзіўся і вырас. Апрабаваўшы шмат варыянтаў адказаў, усё больш схіляюся да наступнага: жыцьцё было намнога лепшым, чым апісваюць тыя, хто СССР ненавідзіць, і значна горшым, чым расказваюць тыя, хто ад яго ў захапленьні.

Пагоршаная копія БССР

Дзіўна, калі сёньняшнюю Беларусь некаторыя расейскія аналітыкі і аглядальнікі называюць палепшанай копіяй БССР. Сёньняшняя Беларусь — злая карыкатура на БССР. Прынамсі, на той пэрыяд, у якім я жыў, які добра памятаю і разумею. БССР пэрыяду Машэрава ў параўнаньні зь цяперашнім рэжымам Лукашэнкі — росквіт лібэралізму.

У той БССР дзяржаўныя выдавецтвы стотысячнымі накладамі выдавалі кнігі Васіля Быкава. А самога яго ўлады ўганаравалі найвышэйшымі савецкімі ўзнагародамі і званьнямі. (Так, гэта не азначае, што Васіль Быкаў не цярпеў ад савецкай цэнзуры, але параўнайце тую цэнзуру зь цяперашнім стаўленьнем рэжыму, напрыклад, да Сьвятланы Алексіевіч, якую толькі эміграцыя выратавала ад арышту і турмы).

У той БССР кіраваць тэлевізіяй быў пастаўлены Генадзь Бураўкін — чалавек, адданы Беларусі і беларушчыне. Навіны, тэатральныя пастаноўкі, дзіцячыя праграмы — тэлеэфір паступова запаўняўся беларускай мовай. (Так, цэнзура існавала і ня ўсё залежала ад Бураўкіна. Але немагчыма нават уявіць, каб на БТ 80-х гадоў гучала нешта падобнае на лаянку і бруд, што льюцца зь дзяржаўных тэлеканалаў сёньня.)

Нават самыя высокапастаўленыя чыноўнікі ў БССР жылі на тых жа вуліцах, у тых жа шматкватэрных дамах, што і многія іншыя шараговыя грамадзяне. Верх намэнклятурнага шыку і бляску ў 1980-я — кватэра на вуліцы Пуліхава ў Менску. Сёньняшні лукашэнкаўскі міністар, які жыве ў асабняку ў Драздах, толькі іранічна ўсьміхнецца, пабачыўшы тыя савецкія прывілеі. (Так, тады таксама не было поўнай сацыяльнай роўнасьці, але маштабы маёмаснага расслаеньня і чыноўніцкага нахабства і прагнасьці проста несувымерныя).

Тая БССР адрозьніваецца ад сёньняшняй Рэспублікі Беларусь гэтак жа, як мяккі і інтэлігентны Машэраў ад жорсткага і безапэляцыйнага Лукашэнкі. І наўрад ці выпадкова апошні так упарта і пасьлядоўна імкнецца сьцерці ў афіцыйнай гісторыі памяць пра першага.

Апошні аргумэнт міністра Макея

У канцы мінулага тыдня пасьля нарады АБСЭ ў Стакгольме Уладзімер Макей прыгразіў Захаду:

«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасьць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца. Хаця мы зробім усё, каб такога ня здарылася, а Эўрапейскі зьвяз назаўжды страціць Беларусь. І я думаю, што гэта абсалютна не ў інтарэсах Эўропы». І нават апэляваў да аўтарытэту Зянона Пазьняка.

Адразу ўспомнілася, як восем месяцаў таму ён жа, міністар Макей (і таксама ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню) пагражаў Захаду:

«Любое далейшае ўзмацненьне санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць перастане існаваць...».

І пагроза цалкам ажыцьцёўлена: «трэці сэктар» у Беларусі, як і абяцаў міністар, зьнішчаны, грамадзкія актывісты — у турмах ці на эміграцыі.

Ці азначае гэта, што рэжым зробіць зь незалежнасьцю тое ж, што з грамадзянскай супольнасьцю? І чым яны хочуць напалохаць Захад — ператварэньнем РБ у кіраваную з Масквы копію БССР?

А ці можна ўвогуле лічыць незалежнасьцю і сувэрэнітэтам тую сыстэму, якая створана ў Беларусі сёньня? Што ў нас засталося ад дзяржаўнасьці, якой можна было б ганарыцца? Ад вяршэнства закону і Канстытуцыі? Ад непарушнасьці нашых межаў? Ад гонару за нашы гістарычныя сымбалі? Што беларускага ў нашых школах, на дзяржаўнай тэлевізіі, у дзяржаўных газэтах? Калі сувэрэнітэт зьвёўся да поўнай свабоды ГУБАЗіКу рабіць усё, што яму ўздумаецца, з палітычнымі апанэнтамі рэжыму? Калі міліцэйскі генэрал можа прымаць якія заўгодна рашэньні і ня несьці за іх адказнасьці? Калі начальнік РАУС можа загадаць схапіць любога, пабіць, кінуць за краты, і аргумэнту «Ён ня любіць Лукашэнку» будзе дастаткова для любога суду...

Такі сувэрэнітэт можна лічыць каштоўнасьцю? Можа, давайце спытаем пра гэта ў тых, хто цяпер асабістай свабодай разьлічваецца за тое, што хацеў бачыць сваю краіну вольнай і дэмакратычнай? У Ігара Лосіка, Ірыны Леўшынай, Марыны Золатавай, Андрэя Аляксандрава, Дзьмітрыя Наважылава, Андрэя Скурко, Анджэя Пачобута і яшчэ ў дзевяці соцень палітвязьняў. Лёсам якіх цяпер спрабуе гандляваць рэжым Лукашэнкі, шантажуючы апошнім, што ў яго засталося і што яму не належыць...

Усё ж хочацца думаць, што нейкі інстынкт самазахаваньня ў гэтага рэжыму застаецца. Бо калі яны і сапраўды зробяць тое, чым шантажуюць і палохаюць, то міністрам чаго тады стане сам Макей і прэзыдэнтам чаго застанецца Лукашэнка? Міністэрства замежных спраў у структуры расейскіх фэдэральных акругаў не прадугледжана. Як і пасады прэзыдэнта, дарэчы.

Зрэшты, і ў цяперашнім сваім выглядзе пасады і міністраў, і генэралаў, і прэзыдэнта выглядаюць у сёньняшняй Беларусі таксама як злая карыкатура.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG