Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР»: усе жыхары атрымаюць расейскія пашпарты


Дзяніс Пушылін

Так званы кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што ўсе жыхары кантраляваных падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі тэрыторый Данецкай вобласьці краіны атрымаюць расейскія пашпарты.

Па словах Пушыліна, які выступіў у нядзелю ў Маскве, зараз грамадзянства Расеі атрымалі больш за 350 тысяч жыхароў так званай «ДНР». «Атрымаюць усе» — сказаў аб пашпартах лідэр сэпаратыстаў.

Сам Пушылін напярэдадні на зьезьдзе партыі «Адзіная Расея» атрымаў з рук лідэра партыі, намесьніка старшыні Савета бясьпекі Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева партыйны білет. Відавочцы адзначылі, што разам зь ім партбілеты атрымалі кіраўнікі шэрагу расейскіх рэгіёнаў.

Расея фармальна па-ранейшаму лічыць кантраляваныя з 2014 году сэпаратыстамі тэрыторыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях тэрыторыяй Украіны — у адрозьненьне ад анэксаванага Крыма, які Масква лічыць расейскай тэрыторыяй. Аднак, акрамя падтрымкі сэпаратыстаў, Расея зрабіла шэраг крокаў, якія фактычна ўключаюць так званыя «ДНР» і «ЛНР» у сваю арбіту.

Яна пачала прызнаваць выдаваныя сэпаратыстамі дакумэнты, а вясной 2019 году істотна спрасьціла прадастаўленьне расейскага грамадзянства жыхарам гэтых тэрыторый. Многія зь іх сёлета прынялі ўдзел у галасаваньні на выбарах у Дзярждуму, для чаго ў Растоўскай вобласьці каля мяжы былі створаны спэцыяльныя ўчасткі.

  • Нядаўна быў падпісаны таксама ўказ, які фактычна прыраўноўвае «ЛНР» і «ДНР» да расейскіх рэгіёнаў з пункту гледжаньня эканамічных сувязей. У адказ на пратэсты Ўкраіны і краінаў Захаду ў Маскве адказваюць, што гэта робіцца з гуманітарных меркаваньняў.
  • Заява Пушыліна прагучала на фоне новага рэзкага абвастрэньня сытуацыі на расейска-ўкраінскай мяжы, дзе, паводле зьвестак выведкі, нарошчваецца групоўка расейскіх войскаў. У Кіеве і на Захадзе не выключаюць вайсковага ўдару Расеі па Ўкраіне. У Маскве сьцьвярджаюць, што толькі адказваюць на дзеяньні Ўкраіны, якая нібы рыхтуе апэрацыю супраць сэпаратыстаў. Пушылін у нядзелю заявіў, што не выключае аднаўленьня шырокамаштабных ваенных дзеяньняў, сказаўшы пры гэтым, што сэпаратысты маюць намер «абараняцца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG