Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» пасьля ўвядзеньня санкцый страціла палову паветраных суднаў


Але ў кампаніі мяркуюць, што гэта не паўплывае на ўжо заплянаваныя палёты.

У заяве авіякампаніі ад 3 сьнежня адзначаецца, што ў сувязі з увядзеньнем абмежаваньняў яна вымушана скараціла парк паветраных суднаў да 15 (да нядаўняга часу ў флёце кампаніі было 29 самалётаў — іх пералік да гэтага часу прыводзіцца ў разьдзеле «Парк паветраных суднаў».

Але гэтага, паводле авіякампаніі, «цалкам дастаткова для выкананьня ўсіх заплянаваных рэйсаў у зімовым сэзоне — як рэгулярных, так і чартэрных», а да летняга сэзону «Белавія» плянуе папоўніць флёт за кошт набыцьця самалётаў і заключэньня дамоваў лізінгу з кампаніямі, якія не зьяўляюцца рэзыдэнтамі Эўразьвязу.

«Ня варта хвалявацца: уведзеныя абмежаваньні не паўплываюць на магчымасьці выкананьня палётаў, якія ўжо заплянаваныя ў бягучым раскладзе. Вы можаце сьмела плянаваць адпачынак на зімовых канікулах. Рызыкі затрымацца ў чужой краіне няма. Дзяржавы, у якія зараз выконваюцца палёты, адкрытыя для „Белавія“, новыя абмежаваньні не паўплываюць на іх даступнасьць, рэйсы будуць выконвацца ў адпаведнасьці з раскладам», — пераконвае авіякампанія.

Таксама ў «Белавіі» паабяцалі, што новыя санкцыі не паўплываюць на зьмяненьне коштаў на пералёты, аднак у цэлым «кошт на авіябілеты зьмяняецца дынамічна і залежыць ад бягучай і прагназуемай загрузкі рэйсаў, попыту на авіяперавозкі па канкрэтным кірунку і іншых фактараў».

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG