Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне ByPol: Лукашэнку «падарылі» 31 адзінку эксклюзіўнай тэхнікі на мільёны даляраў


Лімузін з аўтапарку Лукашэнкі. 2020 год.

Ініцыятыва былых сілавікоў ByPol абнародавала вынікі расьсьледаваньня пра тое, хто канкрэтна адорваў Аляксандра Лукашэнку раскошнымі аўтамабілямі, фактычна падкупляючы яго дарагой рухомай маёмасьцю.

Паводле зьвестак ByPol, здабытых з дапамогай «Кібэрпартызанаў», стала вядома: толькі за апошнія 5 гадоў фізычныя і юрыдычныя асобы «бясплатна і добраахвотна» падарылі Лукашэнку 31 транспартны сродак на 6 мільёнаў 181 тысячу даляраў.

Аляксей Алексін.
Аляксей Алексін.

Паводле ByPol, на першым месцы сярод такіх дарыльшчыкаў набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксей Алексін. Ад яго Лукашэнка атрымаў адразу цэлы гараж з аўтамабіляў і матацыклаў агульным коштам звыш 2,5 мільёна даляраў:

  • Два «Майбахі 62S» 2011 і 2012 гадоў выпуску ($810 тыс. кожны)
  • Рэтра-аўтамабіль «ВСС Вінтаж» 2018 году ($340 тыс.)
  • «Рэндж Ровэр» 2019 году ($140 тыс.)
  • Рарытэтны «Шэўрале Імпала» 1958 году ($175 тыс.)
  • «Дэдж Рам 1500» 2016 году ($100 тыс.)
  • «Аўдзі Q7» 2009 году ($52 тыс.)
  • Два «ГАЗ 69», 1960 і 1967 гадоў ($30 тыс. і $26 тыс. адпаведна)
  • Двухмесны «Рэно Твайзі» 2013 году ($18 тыс.)
  • Матацыкл «Харлей Дэвідсан» 2017 году ($60 тыс.)
  • Матацыкл «Ява 350» 1969 году ($10 тыс.)
  • Трыцыкл «Спайдэр» 2015 году ($21 тыс.)
Аляксандар Лукашэнка і зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў на сустрэчы ў Палацы незалежнасьці ў Менску. 2019 год.
Аляксандар Лукашэнка і зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў на сустрэчы ў Палацы незалежнасьці ў Менску. 2019 год.

Другую пазыцыю ў сьпісе шчодрых дабрадзеяў заняла Айжан Кененбаева. Гэта жонка Максіма Бакіева, старэйшага сына беглага экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Пасьля перавароту на радзіме сям’я атрымала прытулак у Беларусі.

  • Гэта іхным знакам удзячнасьці за ігнараваньне патрабаваньняў аб выдачы праваахоўным органам Кіргізстану стаў прадстаўнічы лімузын «Мэрсэдэс Майбах С600 Пулман Гард» цаной звыш 1,5 мільёна даляраў.
  • Таксама ад Бакіевых праз Айжан Кененбаеву лукашэнкаўскі мотапарк папоўніўся матацыклам «Харлей Дэвідсан» 2018 году за 26 тысяч даляраў.
Беларускі бізнэсоўца Мікалай Варабей.
Беларускі бізнэсоўца Мікалай Варабей.

Паводле ByPol, замыкае тройку лідэраў у сьпісе хабарнікаў бізнэсовец Мікалай Варабей зь нібыта падораным Іланам Маскам (Uh no!) электрамабілем «Тэсла Модэл С». Гэта электракар 2017 году за 110 тысяч даляраў.

Акрамя таго, дзякуючы яму ў аўтапарку Лукашэнкі зьявіўся рарытэтны «ЗІС 110» 1947 году за 460 тысяч даляраў.

Юры Чыж.
Юры Чыж.

Некалі аблашчаны ўвагай бізнэсовец Юры Чыж трапіў у няміласьць, але памяць пра яго жыве ў Драздах — у рэдкіх аўтамабілях «Ролс Ройс Фантом» 2008 году за 500 тысяч даляраў і «Пантэра Каліста» 1998 году за 23 тысячы даляраў.

Прадпрымальнік Сяргей Цяцерын, удзельнік усіх «пасяўных» і «ўборачных» у лукашэнкаўскай рэзыдэнцыі, аддзячыў за высокі давер рарытэтным аўтамабілем «Ролс Ройс Сілвэр» 1954 году за 225 тысяч даляраў.

Намагаюцца ў трапіць у кола набліжаных і ня надта публічныя асобы. Напрыклад, гендырэктар гандлёвага дому «Белтэхніка» Аляксандар Кругленя. Ад яго Лукашэнка атрымаў элітны «Ролс Ройс Гоўст» 2014 году за 205 тысяч даляраў.

Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што дарагі падарунак у якасьці аўтамабіля змагла сабе дазволіць нават асабістая лекарка Сьвятлана Канашэнка, прыпісаная да рэзыдэнцыі. Гэта «Бэнтлі Кантынэнталь» 2010 году за 190 тысяч даляраў. Аўтамабіль ёй дасталося ад расейскага бізнэсоўца Ўладзіміра Трапачкіна, але ў асабістым гаражы не затрымаўся.

Нехта Анатоль Бялоў вырашыў, што ролс-ройсаў зашмат не бывае і проста падарыў Лукашэнку аднайменную люксавую вэрсію 1954 году за 100 тысяч даляраў.

Зрабіў свой унёсак у лукашэнкаўскі аўтапарк і скандальны хакейны функцыянэр, абкладзены міжнароднымі санкцыямі, а цяпер «сэнатар» Дзьмітры Баскаў. Ад яго імя туды трапіў савецкі паваенны аўтамабіль «ГАЗ 20» 1949 году за 50 тысяч даляраў.

Завяршае топ-10 хабарадавальнікаў дырэктар гандлёвага дому БАТЭ Васіль Савін. Ён адзначыўся падарункам у выглядзе трыцыкла «Багі Бамбардзір» 2013 году за 20 тысяч даляраў.

Ініцыятыва ByPol падкрэсьлівае, што гэта ня ўсе транспартныя сродкі з гаражу Лукашэнкі, паколькі многія экзэмпляры апынуліся там не «добраахвотна», у знак падзякі за спрыяньне ў вырашэньні бізнэс-пытаньняў, а былі і канфіскаваныя.

Дзяржаўныя закупкі Рэспублікі Беларусь, плян закупак машын для Лукашэнкі. 2018 год
Дзяржаўныя закупкі Рэспублікі Беларусь, плян закупак машын для Лукашэнкі. 2018 год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG