Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Белмэдпрэпаратах» расказалі, навошта закупляюць катоў і што зь імі будуць рабіць


Каты, ілюстрацыйнае фота

1 сьнежня РУП «Белмэдпрэпараты» разьмясьціла на сайце дзяржзакупак тэндэр на закупку лябараторных жывёл: 300 трусоў, 240 марскіх сьвінак і 60 катоў.

На закуп жывёлаў, паводле тэндэру, плянуюць выдаткаваць агулам 14 140 рублёў (9000 рублёў — на 300 трусоў, 3700 рублёў — на 240 марскіх сьвінак, 1440 рублёў — на 60 катоў). Калі да правядзеньня досьледаў на грызунах шмат хто ўжо звык, то каты ў гэтым шэрагу шмат для каго выглядаюць дзіка.

Карэспандэнт Zerkalo.io патэлефанавала супрацоўніку, адказнаму за закуп, як звычайная жыхарка, неабыякавая да лёсу катоў, каб даведацца, якія дасьледаваньні могуць праводзіць на катах і што адбываецца з жывёламі пасьля іх.

Там званку зьдзівіліся, але растлумачылі: на жывёлах будуць праводзіць досьледы, у тым ліку ўваходны кантроль субстанцыі (якасьць кампанэнтаў). Таксама сказалі, што на іх будуць правяраць «пару» лекавых прэпаратаў.

На пытаньне, ці небясьпечна гэта для жывёл, супрацоўнік адказаў:

«Вядома, небясьпечна. Але іншага выйсьця няма, на некім жа трэба [правяраць прэпараты]. Гэта як лябараторныя жывёлы, гэта даўно ўжо выкарыстоўваецца. Мы ў асноўным выкарыстоўваем бадзяжных катоў, як правіла, больш-менш дарослых, — адказалі ў аддзеле забесьпячэньня прадпрыемства. — Магчыма, потым гэтых жывёл усыпляюць, але мы ня ведаем — мы проста пастаўляем на завод».

Якія менавіта прэпараты будуць даваць жывёлам, высьветліць не ўдалося. Таксама суразмоўца не адказаў, якія прэпараты зьбіраюцца выпрабоўваць — для людзей ці для жывёл (прадпрыемства выпускае і вэтэрынарныя прэпараты).

Лябараторныя дасьледаваньні на катах праводзяць ня толькі ў Беларусі. Паводле Амэрыканскага таварыства супраць вівісэкцыі (AAVS), катоў звычайна выкарыстоўваюць у нэўралягічных дасьледаваньнях для вывучэньня пашкоджаньняў сьпіннога мозгу, праблем, зьвязаных са зрокам, сном і слыхам, хваробы Паркінсана, раку, генэтычных парушэньняў, а таксама для дасьледаваньняў у галіне ВІЧ/СНІД, хоць гэта праблематычна, бо хваробы ў гэтых жывёл і ў людзей працякаюць па-рознаму.

Працэдуры, празь якія каты праходзяць падчас дасьледаваньняў, часта зьнясільваючыя, таму пасьля іх заканчэньня жывёл могуць усыпляць. Зоаабаронцы па ўсім сьвеце патрабуюць спыніць падобныя экспэрымэнты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG