Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: жанчыну з кляўстрафобіяй хочуць пасадзіць, страйкоўца катуюць холадам


Ігар Повараў падчас суду

На 2 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ў Беларусі 888 чалавек.

У Гомлі пракурор запрасіў 2 гады калёніі для жанчыны з кляўстрафобіяй

Жыхарку Гомля Ларысу Кузьменка пракурор запрасіў пакараць двума гадамі калёніі. Яе вінавацяць у тым, што схапіла за руку амапаўца на маршы пратэсту, чым перашкодзіла яму працаваць, паведамляе «Вясна».

Ларыса Кузьменка ў судзе 2 сьнежня
Ларыса Кузьменка ў судзе 2 сьнежня

49-гадовую Ларысу Кузьменка 4 месяцы трымаюць у СІЗА. Жанчына пакутуе ад псыхічнага разладу — кляўстрафобіі і дэпрэсіі.

Справу разглядае судзьдзя Сяргей Салоўскі суду Цэнтральнага раёну Гомля. Пракурор — Сідоранка.

Кузьменка абвінавачваюць у гвалце ў адносінах да супрацоўніка АМАПу (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі) на нядзельным маршы пратэсту 27 верасьня мінулага года ў Гомлі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі сьлезацечны газ і сьветлашумавыя гранаты.

Жанчына віну не прызнала і адмовілася даваць паказаньні.

Страйкоўца са Жлобіна катуюць холадам

Жлобінскага палітвязьня Ігара Поварава катуюць холадам у наваполацкай калёніі.

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», былога працаўніка Жлобінскага мэталюргічнага завода Ігара Поварава на 6 месяцаў зьмясьцілі ў адзіночную камэры ў памяшканьні камэрнага тыпу. Гэта можна параўнаць з умовамі ўтрыманьня ў калёніі строгага рэжыму. Фортка камэры заўсёды наўмысна адчыненая, тэмпэратура ў памяшканьні — практычна, як на вуліцы.

Поварава прызналі вінаватым у тым, што БМЗ панёс шкоду ў выглядзе 1088 рублёў за страйк на заводзе. На судзе завод ня меў прэтэнзій да работніка, бо ён кампэнсаваў усю шкоду.

Ігару Повараву 31 год. Ужо больш за год ён у зьняволеньні. Мужчыну асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG