Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Макей знаходзяцца ў Стакгольме. З кім яны сустракаюцца


Cьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Беларусі Макей знаходзяцца зь візытам у Стакгольме, дзе праходзіць паседжаньне рады МЗС АБСЭ.

Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Маргарэтай Седэрфэлт, генсакратаром ПА АБСЭ Рабэрта Мантэла і бюро АБСЭ.

Падчас сустрэчы яна выказалася пра ўдзел чыноўнікаў зь Менску ў імпрэзах АБСЭ і падкрэсьліла, што гэты ўдзел рэжым успрымае як фармальны і ігнаруе заклікі да спыненьня гвалту і рэпрэсій, вызваленьня палітвязьняў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Таксама Ціханоўская распавяла, як менавіта АБСЭ можа выкарыстоўваць свой уплыў – як пляцоўка, якая аб'ядноўвае мноства краін:

  • Падтрымаць падрыхтоўку да перамоваў паміж дэмакратычнымі сіламі і рэжымам у Беларусі.
  • Запускаць абмеркаваньні дыялёгу аб беларускім крызісе, увесь час запрашаць і Расею, заклікаючы яе да адказу і прапаноўваючы ёй пазбавіцца ад асацыяцыі з ізаляваным рэжымам.
  • Польшчы падчас будучага старшынства – актыўна садзейнічаць таму, каб менавіта АБСЭ стала плятформай для пасярэдніцтва ў нацыянальным дыялёгу ў Беларусі.
  • Прызначыць спэцыяльнага пасланца, які ўзначаліць у АБСЭ ўсе папярэднія кансультацыі перад перамовамі. Правесьці канфэрэнцыю з фокусам на перамовах.
  • Абʼяднаць усе структуры АБСЭ, у прыватнасьці, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), для наданьня трох тыпаў дапамогі беларусам: 1. маніторынг судовых працэсаў у Беларусі; 2. рэгулярнае наведваньне турмаў і праверка ўмоваў утрыманьня; 3. прававыя агляды заканадаўчых актаў, якія прапануе рэжым, каб адсочваць траекторыю крызісу ў Беларусі і ціснуць на рэжым па канкрэтных рашэньнях.
  • Таксама БДІПЧ можа далучыцца да Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы ў прадстаўленьні юрыдычнага заключэньня па канстытуцыйнай рэформе, а таксама можа надаваць дапамогу праваабаронцам у іх працы.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з новым прэм'ер-міністрам Швэцыі Магдаленай Андэрсан.

Акрамя гэтага Сьвятлана Ціханоўская разам з Магдаленай Андэрсан 1 сьнежня прыняла ўдзел у запісе апошняга эпізоду папулярнай скандынаўскай тэлепраграмы Skavlan у Стакгольме. Гасьцямі перадачы зьяўляюцца топавыя сусьветныя палітыкі, аўдыторыя складае 1,5 мільёна гледачоў.

Тым часам міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей перад пачаткам пасяджэньня кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў сустрэўся і зь міністрам замежных спраў Швэцыі Ан Ліндэ.

Да гэтага ён прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-сябраў АДКБ: яны абмеркавалі каардынацыю дзеяньняў на пляцоўцы АБСЭ, а таксама «сумесныя намаганьні па супрацьдзеяньні нэгатыўным тэндэнцыям і навязваньню асобнымі краінамі непрымальнага парадку дня», паведаміла беларускае МЗС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG