Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расеі трэба гарантыі, што NATO не прасунецца на ўсход


Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква «ў дыялёгу са Злучанымі Штатамі і іх саюзьнікамі» будзе дамагацца выпрацоўкі нейкіх «канкрэтных дамоўленасьцей, якія выключаюць любыя далейшыя прасоўваньні NATO на ўсход», а таксама разьмяшчэньне ў непасрэднай блізкасьці да тэрыторыі Расеі сыстэм зброі, якія ў Маскве лічаць пагрозай.

Выступаючы на цырымоніі ўручэньня даверчых лістоў пасламі 20 краін, у тым ліку краін NATO — Гішпаніі, Італіі і Славаччыны, — Пуцін паўтарыў выказаную ім некалькі дзён таму думку, што трэба, каб Захад даў Расеі нейкія «гарантыі бясьпекі». Пры гэтым Пуцін згадаў, што некаторыя краіны «нагнятаюць напружанасьць» каля расейскіх межаў.

Паводле Пуціна, Расеі патрэбныя «менавіта прававыя, юрыдычныя гарантыі», бо, як ён выказаўся, «заходнія калегі ня выканалі ўзятыя на сябе адпаведныя вусныя абавязаньні», у тым ліку аб тым, што NATO ня будзе пашырацца на ўсход.

Раней Пуцін неаднаразова выказваўся па гэтай тэме, сьцьвярджаючы, што такія вусныя гарантыі прадстаўнікі Захаду давалі былому савецкаму прэзыдэнту Міхаілу Гарбачову. Прадстаўнікі NATO адмаўляюць, што аб нейкіх такіх гарантыях захадзіла гаворка. Згодна з дамоўленасьцямі паміж Расеяй і NATO Масква ня мае права вэта на ўступленьне іншых краін у Паўночнаатлянтычны альянс. Альянс, у сваю чаргу, узяў на сябе шэраг абавязаньняў, у тым ліку — не разьмяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі новых краін NATO.

Заявы Пуціна прагучалі на фоне новага абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны. Кіеў і краіны Захаду сьцьвярджаюць, што Расея сканцэнтравала войскі каля межаў з Украінай, і выказваюць асьцярогі, што Масква можа пачаць ваенную апэрацыю супраць суседняй краіны. Сытуацыю абмеркавалі на сустрэчы ў Рызе міністры замежных спраў краін NATO.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг па яе выніках заявіў, што «любое будучае ўварваньне або агрэсія ў адносінах да Ўкраіны будзе мець высокую цану» для Расеі, у тым ліку «эканамічныя і палітычныя наступствы». Пры гэтым ён адзначыў, што на Ўкраіну, якая не знаходзіцца ў NATO, не распаўсюджваюцца гарантыі калектыўнай бясьпекі ў адпаведнасьці з Паўночнаатлянтычнай дамовай.

Столтэнбэрг адпрэчыў ідэю «сфэр уплыву» ў Эўропе, заявіўшы, што ў Масквы няма права вэта на ўступленьне Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны зьвяз, а ў NATO падтрымліваюць пляны Кіева ўступіць у NATO, бо такая воля ўкраінскага народу. Пры гэтым ён зазначыў, што пакуль Украіна не дасягнула неабходных стандартаў для ўступленьня ў NATO, а калі гэта адбудзецца, усе 30 краін-сябраў альянсу разгледзяць яе заяўку.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы ў Рызе, заявіў, што ў Расеі няма права перашкаджаць Украіне ўмацоўваць адносіны з NATO, і назваў «неправамернымі» любыя прапановы Расеі наконт перамоваў з Захадам аб гарантыях непашырэньня NATO.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG