Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню апублікавалі прозьвішчы чэкістаў, датычных да сталінскіх расстрэлаў на Аршаншчыне


Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы». 2018 год.

Грамадзкая ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» абнародавала сьпіс супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія мелі дачыненьне да зьнішчэньня людзей, пачынаючы ад сярэдзіны 1930-х да пачатку 1950-х гадоў.

З таго часу, як Беларусь здабыла незалежнасьць, аршанскія актывісты зьбіраюць зьвесткі і дакумэнты ня толькі пра рэпрэсаваных на Аршаншчыне, але і пра тых, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады.

На сайце ініцыятывы ўпершыню апублікавалі сьпіс супрацоўнікаў Аршанскага аддзелу НКВД, задзейнічаных у рэпрэсіях сталінскага пэрыяду.

Некаторыя са згаданых у сьпісе за перавышэньне ўлады і беспадстаўную жорсткасьць былі пакараныя і нават расстраляныя, а іншыя дажылі да глыбокай старасьці.

Сярод іншага ўдалося высьветліць, што адзін са сьледчых у 1938 годзе дапытваў і катаваў Залмана Шыфрына — бацьку вядомага расейскага гумарыста Яфіма Шыфрына.

Ворша — трэці па колькасьці расстраляных у сталінскія часы горад Беларусі, афіцыйна тут вядомыя імёны прынамсі 2 тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Яшчэ ў 1982 годзе савецкія ўлады прызналі, што ў Воршы ў двух месцах адбываліся масавыя расстрэлы — за 6 гадоў да таго, як пракуратура БССР распачала «курапацкую» справу. Гаворка пра Кабыляцкую гару і Харкаўскі лес. У памяць пра першае месца паўстала ініцыятыва, якую так і назвалі — «Кабылякі».

Кабыляцкая гара.
Кабыляцкая гара.

Кабыляцкая гара сёньня — гэта лес у раёне «Цагельны», дзе вакол заводу жалезабэтонных вырабаў і канструкцый вырасла прамысловая зона. У 1982 годзе да заводу пракладалі чыгунку, і экскаватар разам зь пяском выкапаў парэшткі 50 чалавек. Выканкам прыпыніў будаўніцтва і сабраў камісію.

«Жыхары пацьвярджаюць, што расстрэлы савецкіх людзей праводзіліся ў 1937–1939 гадах органамі НКВД, — было напісана ў акце дасьледаваньня. — У гэты пэрыяд лес на так званай „Кабыляцкай гары“ быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей».

Час расстрэлаў вызначылі па абутку. На савецкіх ботах ставілі штамп з датай і месцам вырабу. Амаль усе боты датаваныя 1937–1938 гадамі. Датычнасьць НКВД вызначылі па стрэлах у патыліцу, бо немцы звычайна стралялі ў цела.

Аршанскія курапаты: што важна ведаць

  • У 1982 годзе, калі будавалі чыгунку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, знайшлі чалавечыя парэшткі. Створаная ў Воршы адмысловая камісія афіцыйна прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Кабыляцкая гара была прызнана месцам масавых расстрэлаў упершыню ў Беларусі — раней за менскія Курапаты.
  • Першы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьявіўся тут у 1990 годзе, яшчэ ў часы СССР. Паводле распараджэньня тагачасных уладаў Воршы тут паставілі стандартную жалезную «тумбачку» — сапраўдны помнік меліся зрабіць пазьней.
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, усталяваны ў 1990г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, усталяваны ў 1990г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)
  • У 1994 годзе на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка замест помніка на Кабыляцкай гары паставілі камень-валун, а на ім — шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Неўзабаве шыльду скралі вандалы, сьледам за ёй і наступную.
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
  • Пасьля 1994 году мясцовыя ўлады забыліся на помнік. Чыноўнікі сюды не зьяўляліся ні разу, але грамадзкія актывісты штогод зьбіраліся на Дзяды і займаліся добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін. У сярэдзіне 1990-х тут пачаў стыхійна стварацца самаробны мэмарыял: нашчадкі рэпрэсаваных пачалі ставіць крыжы і помнікі ў памяць пра сваіх родных.
Самаробны мэмарыял у лесе
Самаробны мэмарыял у лесе
  • Кабыляцкая гара — не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў, вядомае аршанцам. Старажылы кажуць, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе каля магілёўскай шашы, і ў мясцовай турме, якую зрабілі ў мурах езуіцкага калегіюму. Нашчадкі рэпрэсаваных і мясцовыя актывісты хочуць паставіць памятныя знакі і ў гэтых месцах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG