Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольнага функцыянэра Ўладзіміра Базанава выслалі з Чэхіі і анулявалі Шэнгенскую візу

абноўлена

Уладзімір Базанаў (справа) на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, 2018. Архіўнае фота

Кіраўніка футбольнай асацыяцыі Беларусі затрымалі разам з жонкай у Чэхіі за парушэньне супрацьэпідэмічных мер, выслалі з Чэхіі і анулявалі іх шэнгенскія візы, выдадзеныя іншай краінай.

Паліцыя Чэхіі абвінаваціла Базанава і ягоную жонку ў тым, што яны прыехалі ў краіну на матч паміж чэскай і беларускай жаночымі камандамі, парушыўшы правілы знаходжаньня іншаземцаў у краіне, у тым ліку правілы, устаноўленыя Міністэрствам аховы здароўя. Як паведамляе сэрвэр Deník N, футбольны чыноўнік быў затрыманы разам з жонкай у адным з паліцэйскіх участкаў Мараўска-Сьлезскага краю.

«Мы можам пацьвердзіць, што ў рамках плянавай праверкі месца жыхарства былі затрыманыя двое замежных грамадзян, якія падазраюцца ва ўезьдзе і знаходжаньні ў Чэхіі з парушэньнем дзейных захадаў Міністэрства аховы здароўя. Мы таксама высьвятляем законнасьць іх знаходжаньня на нашай тэрыторыі ў адпаведнасьці з Законам аб пражываньні замежнікаў», — паведаміла Паўла Іроўшкава, прэс-сакратар мараўска-сьлезскай паліцыі.

Базанаў, былы вайсковец, знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах краін Балтыі. У адрозьненьне ад Кіпру, дзе Базанаў з жонкай пабываў напярэдадні, Чэхія гэтыя сьпісы падтрымлівае.

Базанава з жонкай выслалі з Чэхіі і анулявалі іх шэнгенскія візы, выдадзеныя іншай краінай, паведамляе Deník N.

Супраць яго затрыманьня выступілі УЕФА і Беларуская асацыяцыя футболу, якія падкрэсьлілі, што Базанаў прыехаў у Чэхію на матч паміж беларускімі футбалістамі і беларускай камандай у якасьці спартовага прадстаўніка, а не палітыка ці прадстаўніка рэжыму Лукашэнкі.

«УЕФА і Беларуская асацыяцыя футболу ўжо зьвярнуліся ў Чэскую футбольную асацыяцыю з просьбай аб дапамозе, улічваючы, што Ўладзімір Базанаў прыехаў у Чэхію ў якасьці старшыні спартовага таварыства, а не ў якасьці палітычнага прадстаўніка», — сказаў прэс-сакратар FACR Міхал Юрман.

Сёлетні матч чэскай і беларускай жаночых зборных адмянілі і перанесьлі на 2022 год, бо ў беларусак выявілі пазытыўны тэст на каранавірус. Каманда вярнулася ў Менск.

Некаторыя чэскія палітыкі адрэагавалі на затрыманьне Базанава, напрыклад, намесьнік старшыні Палаты дэпутатаў Ян Бартошак. «Прыхільнікам дыктатара Лукашэнкі ў Чэхіі няма чаго рабіць! Мы ня будзем цярпець тых, хто ўдзельнічае ў рэжыме, які саджае і катуе апазыцыю, сваіх уласных грамадзян, якія прагнуць свабоды або выкарыстоўвае бежанцаў як жывы шчыт», — напісаў ён. Twitter і падзякаваў паліцыі за працу.


Гэтак жа адрэагаваў на дэпартацыю Базанава міністар замежных справаў Чэхіі Якуб Кулганэк: «Таму, хто падтрымлівае Лукашэнку, няма чаго шукаць у Чэскай рэспубліцы», — сказаў ён.

  • Сілавікі на чале спартовых арганізацый Беларусі — традыцыйная палітыка дзяржавы апошніх гадоў. Нацыянальны алімпійскі камітэт цяпер узначальвае сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, зьвязаны зь ягонай службай бясьпекі, Міністэрствам спорту кіруе былы супрацоўнік гэтай жа службы, выпускнік Адэскай артылерыйскай вучэльні Сяргей Кавальчук; на чале Фэдэрацыі футболу яшчэ адзін прадстаўнік артылерыі, Уладзімер Базанаў; 30 лістапада старшынём Беларускай фэдэрацыі шахмат стаў палкоўнік Сяргей Сычук, колішнія або дзейныя супрацоўнікі сілавых ведамстваў таксама ў кіраўніцтве шэрагу іншых спартовых арганізацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG