Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікрабіёляг пра аптымістычны і пэсымістычны сцэнар са штамам «Омікрон»


Кандыдат біялягічных навук, мікрабіёляг, супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту Вікторыя Дароніна падсумоўвае, што цяпер вядома і невядома навукоўцам пра новы штам каранавірусу «Омікрон», як хутка можна зрабіць эфэктыўную вакцыну супраць яго.

Навукоўца тлумачыць, як правільна аналізаваць каранавірусную статыстыку, чаму новыя штамы ўзьнікаюць у супольнасьцях зь нізкім узроўнем вакцынацыі, і выказваецца наконт абавязковай вакцынацыі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Пакуль уся інфармацыя, што маем, пра маладых людзей, якія ў лёгкай форме хварэюць каранавірусам гэтага штаму.
  • Цягам некалькіх месяцаў можна будзе распрацаваць новую вакцыну, і для яе ня трэба будзе праходзіць усе стадыі клінічных выпрабаваньняў, бо гэта будзе практычна тая самая вакцына зь невялікімі зьменамі для гэтага штаму.
  • Чаму ў Расеі ня выяўлены новы штам? Тут ня толькі нізкая колькасьць вакцынаваных, але трэба яшчэ мець навукоўцаў, якія назіраюць за гэтымі варыянтамі. Таму, што насамрэч «ходзіць» у Расеі і Беларусі, ніхто ня ведае.
  • Можна спыніць тэставаньне, і акажацца, што ніякай захворвальнасьці, уласна, няма. Калі ў афрыканскіх краінах паказана малая колькасьць захворваньняў, то гэта не малая распаўсюджанасьць вірусу, а гэта малая колькасьць тэстаў.
  • Няважна, чым дыхае на вас чалавек бяз маскі ў транспарце — зыходны гэта штам, «Дэльта» ці «Омікрон», — калі вы трымаеце дыстанцыю, носіце маску і прышчапіліся.


«Незразумела, ці хварэюць мацней, ці будзе большая сьмяротнасьць ад гэтага штаму»

— Давайце падсумуем самае галоўнае, што вядома і што невядома навукоўцам пра новы штам каранавірусу.

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

— У Паўднёвай Афрыцы, ня толькі ў дзяржаве, але і ў рэгіёне, адбываецца выцясьненьне штамам «Омікрон» усіх штамаў, што былі да яго, уключаючы «Дэльту» (дамінуючы варыянт у Эўропе). «Омікрон» распаўсюджваецца хутчэй, чым «Дэльта». Праз гэта на яго зьвярнулі ўвагу і прысвоілі яму ўласную літару, якая азначае, што ён выклікае асьцярогі.

Вядомы ягоны геном, і вядома, што ў ім ёсьць многія мутацыі, якія ўжо ёсьць у вядомых дрэнных штамаў, напрыклад «Дэльты». Гэтыя мутацыі спрыяюць распаўсюду вірусу, заражэньню клетак, таму гэты варыянт выклікае насьцярожанасьць. Акрамя гэтага, у «Омікрона» ёсьць яшчэ і ўласныя мутацыі, якія, як лічаць, могуць яшчэ больш узмацніць эфэкт, але ніхто ня ведае, што яны робяць.

Было выканана кампутарнае мадэляваньне штаму, у якім было паказана, што, магчыма, наяўныя антыцелы супраць зыходнага штаму ня будуць эфэктыўна да яго далучацца. Сытуацыя няпэўная, хутка мяняецца. Самае важнае — незразумела, ці хварэюць мацней, ці будзе большая сьмяротнасьць ад гэтага штаму.

«Можа, гэта ўсё будзе бурай у шклянцы вады»

— У Чэхіі, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Радыё Свабода, ёсьць першы пацьверджаны выпадак новага штаму, яго прывезла з Намібіі грамадзянка Чэхіі, яны была вакцынаваная, і хвароба працякае ў лёгкай форме. Наколькі абараняюць ад «Омікрону» дзейныя вакцыны? Ці не спатрэбіцца новая вакцына, і наколькі хутка яна можа быць створаная?

— Пакуль уся інфармацыя, якую маем, пра маладых людзей, якія хварэюць у лёгкай форме на каранавірус гэтага штаму. Я глядзела інтэрвію зь лекарам, якая зьвярнула ўвагу на новыя, нетыповыя сымптомы — сухі, рыпучы кашаль, невялікая тэмпэратура. Але гэта ўсе былі маладыя мужчыны, якія звычайна пераносяць каранавірус у лёгкай форме. Невядома, як ён узаемадзейнічае з імуннай сыстэмай, як ён узаемадзейнічае з прышчэпкамі. Можа, гэта ўсё будзе бурай у шклянцы вады. Зыходны штам, зь якога «Омікрон» атрымаўся ў Паўднёвай Афрыцы, гэта штам «Бэта». У Брытаніі ён не атрымаў распаўсюду, адрозна ад «Дэльты». Чаму цяпер закрылі большасьць авіярэйсаў паміж Эўропай і Афрыкай? Зразумела, што новы штам ужо недзе ў Эўропе распаўсюджваецца, што гэты варыянт распаўсюджваўся да таго, як яму прысвоілі нейкую літару, але пытаньне ў ягонай колькасьці, у колькасьці носьбітаў.

Ці трэба мадыфікаваць дзейныя прышчэпкі? Яшчэ незразумела. Ці будуць дзейнічаць дзейныя прышчэпкі супраць гэтага варыянту? Ён распаўсюджваецца там, дзе вельмі шмат людзей ня мелі прышчэпак. Кампанія Moderna заявіла, што ўжо пачала выпрабаваньні вакцыны супраць гэтага штаму. Тэхналёгія дазваляе памяняць вакцыну такім чынам. Самы дрэнны сцэнар — калі гэты штам цалкам пазьбягае імунітэту і дзейнічае зусім як новы. Гэта малаверагодна, звычайна нейкі перакрыжаваны імунітэт ёсьць, але дапусьцім, што так.

Цягам некалькіх месяцаў можна будзе распрацаваць новую вакцыну, і для яе ня трэба будзе праходзіць усе стадыі клінічных выпрабаваньняў, бо гэта будзе практычна тая самая вакцына зь невялікімі зьменамі менавіта для гэтага штаму. Вытворцы «Спутника», найбольш распаўсюджанай вакцыны ў Беларусі, казалі, што ў іх ёсьць вакцына супраць штаму «Дэльта», але яна не спатрэбілася, бо дзейная вакцына добра дзейнічала супраць яго. Гэта азначае, што яны будуць здольныя вырабіць «Спутник-Омега» ці як яшчэ назавуць, калі гэта спатрэбіцца. А вытворчы цыкль вакцыны займае некалькі месяцаў. Праблема ня ў тым, каб распрацаваць вакцыну, а ў тым, каб людзі былі гатовыя ёй прышчапляцца.

«Штам „Омікрон“, як мяркуецца, зьявіўся ў чалавека з аслабленай імуннай сыстэмай»

— Новы штам узьнік у Афрыцы, дзе мала вакцынаваных людзей. Наколькі вялікая небясьпека ўзьнікненьня новых штамаў у супольнасьцях зь нізкім узроўнем вакцынацыі?

— Людзі, якія выступаюць супраць прышчэпак, кажуць, што менавіта вакцынацыя спрыяе таму, што зьяўляюцца новыя варыянты. Гэта ня так. У краінах, дзе вакцынаваная вялікая колькасьць насельніцтва, як напрыклад у Вялікай Брытаніі, не зьяўляецца новых варыянтаў, такіх сур’ёзных, якія выклікаюць асьцярогі ў навукоўцаў. Калі мы маем нізкі ўзровень вакцынацыі (20–30%), то не нашмат скарачаецца колькасьць людзей, сярод якіх ён можа бесьперашкодна множыцца. Гэта значыць, 20% вакцынаваных — гэта мінус 20%, а 80% застаюцца ў небясьпецы. Менавіта так адбіраюцца варыянты, якія абыходзяць імунную сыстэму. Гэта эвалюцыйны ціск на гэтыя вірусы.

Брытанскі штам «Альфа», які зьявіўся да таго, як пачалася вакцынацыя, як і гэты штам «Омікрон», як мяркуецца, зьявіўся ў чалавека з аслабленай імуннай сыстэмай. Чалавек захварэў, ня можа перамагчы вірус як здаровы чалавек. Ён яго інкубуе, чалавека лечаць, ён выздараўлівае, потым вірус праходзіць яшчэ цыкль рэплікацый, і чалавек ня можа вызваліцца ад гэтага вірусу, а вірус працягвае шукаць шляхі, як яму распаўсюдзіцца на іншых людзей.

Чаму ў Расеі, дзе параўнальны з Паўднёвай Афрыкай працэнт вакцынаваных, ня выяўлены новыя штамы? Мы ня ведаем. Тут ня толькі нізкая колькасьць вакцынаваных, але трэба яшчэ мець навукоўцаў, якія назіраюць за гэтымі варыянтамі. Таму, што насамрэч «ходзіць» у Расеі і Беларусі, ніхто ня ведае.

«Трэба глядзець на колькасьць шпіталізацый і колькасьць людзей, якія паміраюць з дыягназам каранавірус»

— Цяпер у заходніх краінах, дзе даволі шмат людзей зрабілі прышчэпкі, назіраецца вялікая колькасьць захварэлых на каранавірус. Ковід-дысыдэнты выкарыстоўваюць агульныя лічбы захварэлых, каб даказаць свае тэзісы супраць вакцынацыі. Чаму важна ўважліва вывучаць актуальную каранавірусную статыстыку? Пра што яна сьведчыць?

— Людзі, якія выступаюць супраць вакцынацыі, увесь час падвышаюць патрабаваньні. Яны патрабуюць вакцыну, якая б цалкам спыніла вірус. Гэтага не адбываецца. Яны кажуць: паглядзіце, колькасьць захварэлых не зьмянілася. Што мы маем на ўвазе пад «захварэлымі»? Калі людзі проста са станоўчым тэстам, але ў іх няма ніякіх сымптомаў, ці можна іх лічыць хворымі? Не. Гэта носьбіты вірусу. Трэба глядзець на колькасьць шпіталізацый і колькасьць людзей, якія паміраюць з дыягназам каранавірус.

Давайце разгледзім Вялікую Брытанію, дзе шмат вакцынаваных і шмат выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, каля 40 тысяч на суткі станоўчых тэстаў. Гэтыя 40 тысяч трымаюцца зь сярэдзіны лета, калі скасавалі ўсе абмежаваньні і людзі сталі жыць нармальным жыцьцём. Мінулай зімой да вакцынацыі пры такой жа колькасьці людзей са станоўчымі тэстамі памірала 1–2 тысячы чалавек штодня.

Вакцынацыя дазволіла разбурыць непасрэдную сувязь паміж станоўчым тэстам, колькасьцю людзей, якія трапілі ў шпіталь, і колькасьцю памерлых ад каранавірусу. Цяпер ад каранавірусу ў сярэднім штодня памірае каля 150 чалавек, а не 2 тысячы. Я не лічу, што трэба называць захварэлымі людзей са станоўчым тэстам, але без сымптомаў. Колькасьць станоўчых тэстаў расьце ў тым ліку з прычыны тэставаньня дзяцей, якія зьяўляюцца бессымптомнымі носьбітамі. Раней гэтага не рабілася.

Цяпер людзей заахвочваюць тэставацца двойчы на тыдзень. Калі ў дзіцяці станоўчы тэст, то тэстуецца ўся кляса. Пры гэтым ніхто ніякіх сымптомаў не адчувае. Настаўнік прышчэплены. Гэта ўсё ўплывае на статыстыку. Ізноў жа, студэнтаў у Брытаніі заахвочваюць рабіць тэсты. Брытанскае насельніцтва аказалася законапаслухмяным. Людзі масава тэстуюцца. Можна спыніць тэставаньне, і будзе падавацца, што ніякай захворвальнасьці, уласна, няма. Трэба разумець, што калі ў афрыканскіх краінах паказана малая колькасьць захворваньняў, то гэта не малая распаўсюджанасьць вірусу, а гэта малая колькасьць тэстаў. У іх няма магчымасьці тэставаць.

«Не лічу абавязковую вакцынацыю добрай ідэяй»

— Аўстрыя першай зь лютага пераходзіць на абавязковую вакцынацыю і, як і многія іншыя краіны, зрабіла локдаўн для невакцынаваных. Ваша думка пра абавязковую вакцынацыю супраць каранавірусу? Ці магчыма заканчэньне пандэміі бяз масавай вакцынацыі ўсяго чалавецтва?

— Не лічу абавязковую вакцынацыю добрай ідэяй. Чым больш дзяржава цісьне на людзей, тым менш яны схільныя ёй падпарадкоўвацца, тым больш грамадзкая думка настроена супраць гэтых захадаў. Магчыма, каб я жыла ў Аўстрыі і бачыла жахлівую сытуацыю, якая там мае месца, я б зьмяніла сваю думку. Мне пашанцавала, што я знаходжуся ў краіне, дзе насельніцтва сумелі пераканаць і большасьць прышчапілася, і няма неабходнасьці ўводзіць абавязковую вакцынацыю. Аднак ёсьць выключэньні для пэўных катэгорый людзей. Напрыклад, тых, што працуюць у дамах для састарэлых — калі не прышчэплены, ня можаш працаваць. Гэта апраўдана.

«Захварэць і памерці можна ад штаму „Дэльта“ ці ад зыходнага штаму»

— Што можа азначаць для беларусаў новы штам? Як хутка ён можа трапіць у краіну і быць выяўлены? Наколькі ён будзе небясьпечны пры дзейных мерах прафіляктыкі і ўзроўні вакцынацыі?

— На месцы беларусаў я б яшчэ некалькі тыдняў ці месяц пачакала. Будзе больш пэўнай інфармацыі пра гэты штам. Безумоўна, вірус перасячэ мяжу Беларусі, але з улікам таго, што ёсьць праблемы зь перасячэньнем беларускай мяжы, ён прыйдзе пазьней. І тады ўжо будзе ясна, што з гэтым рабіць.

— Як вы мяркуеце, у выніку гэтай пандэміі з чым чалавецтву давядзецца ўжо жыць заўсёды?

— Я ня веру, што гэта назаўсёды. Разгледзім самы аптымістычны варыянт — увесь сьвет прышчапіўся. Цяпер у Афрыцы 20% вакцынаваных, праз год 40%, потым 60%, і так далей. Урэшце ня будзе розьніцы, дзе вы жывяце. Людзі хварэюць на грып і лётаюць у розныя краіны. На жаль, бліжэйшыя год-два ня варта чакаць, як выглядае. Цяпер у многіх краінах, пасьля таго як былі скасаваныя абмежаваньні, іх зноў уводзяць. Магчыма, празь месяц-другі, калі будзе зразумела, што «Омікрон» не такі небясьпечны, як асьцерагаюцца, усё вернецца да таго, як было. На маю думку, прышчэпачны статус пры падарожжах за мяжу будуць правяраць год ці два, як мінімум. Брытанія вярнулася да нармальнага жыцьця. Але гэта жыцьцё з умовамі.

Што да пэсымістычнага сцэнару, то чым болей новых штамаў будзе ўзьнікаць, тым большая верагоднасьць, што яны будуць горшымі, чым тыя, што маем цяпер. І тады будзем вяртацца да локдаўну. Пакуль пагроза вірусу не адступіць, гэтыя захады будуць у запасе ва ўрадаў. Да гэтага трэба быць гатовымі. Пакуль што завяршэньня гэтай гісторыі ня бачна. Прынамсі, я ня бачу.

Па вялікім рахунку, зусім ня важна, чым дыхае на вас чалавек, які стаіць бяз маскі ў транспарце — ці гэта зыходны штам, ці «Дэльта», ці «Омікрон». Калі вы трымаеце дыстанцыю, самі носіце маску, калі вы прышчапіліся, вы зьмяншаеце імавернасьць таго, што вы будзеце хварэць, што будзеце хварэць у цяжкай форме, што перанесяце гэты вірус на тых, хто будзе хварэць цяжка. Рэкамэндацыі тыя самыя — выкананьне санітарна-эпідэміялягічных мераў і прышчэпкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG