Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі асудзілі на 3,5 года калёніі сьвятара, які наклаў анатэму на Пуціна


Схіігумен Сергій

Схіігумена Сергія (Раманава), адлучанага ад РПЦ пасьля рэзкай крытыкі расейскіх уладаў і патрыярха Кірыла, асудзілі на 3,5 года калёніі. Суд прызнаў яго вінаватым у схіленьні манашак заснаванага ім манастыра да самагубства, у самаўпраўнасьці і ў перашкодзе працы рэлігійнай арганізацыі.

На думку суду, як перадае ТАСС, Раманаў «самавольна пражываў у манастыры», «незаконна зьдзяйсьняў царкоўныя абрады» і «перашкаджаў праходу на тэрыторыю манастыра прадстаўнікоў Екацярынбурскай япархіі». Акрамя таго, лічыць суд, манах выклікаў раскол у Расейскай праваслаўнай царкве, зьвязаўшы вакцынацыю з чыпаваньнем.

Схіігумен адмаўляе абвінавачаньні і настойвае, што заклікаў толькі да гатоўнасьці ахвяраваць жыцьцём, як Ісус Хрыстос, шлях якога ён хацеў бы паўтарыць. Раманаў — аўтарытэтны сярод часткі ультракансэрватараў у РПЦ манах і сьвятар зь Екацярынбургу. Яго называлі адным зь лідэраў так званых царабожнікаў — групы прыхаджан і духавенства РПЦ, якія асабліва шануюць апошняга каранаванага расейскага імпэратара Мікалая II і яго сям’ю. Яны амаль не кантралююцца япіскапам і часта стаяць у апазыцыі да РПЦ.

Шырока вядома пра сьвятара стала вясной 2020 году, пасьля таго як ён уступіў у адкрытую канфрантацыю з царкоўнымі і сьвецкімі ўладамі. Ён адмовіўся спыніць набажэнствы ў кантраляваных ім парафіях, выгнаў з манастыра ляяльную РПЦ ігуменьню і пачаў выступаць з казанямі, у якіх аддаваў анатэме кіраўнікоў расейскай дзяржавы, уключна з Уладзімірам Пуціным. Ён выступаў супраць усенароднага апытаньня аб папраўках у Канстытуцыю.

За гэта яму спачатку забаранілі служыць і пазбавілі сану, а затым адлучылі ад царквы. Нягледзячы на гэтыя рашэньні царкоўнага кіраўніцтва, ён захоўваў кантроль над манастыром аж да арышту. АМАП узяў манастыр штурмам. Пасьлядоўнікаў Сергія выселілі з манастыра ў красавіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG