Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Стрымаць мігрантаў, не дапусьціць пажараў». Як праходзілі вучэньні ў пяці памежных зь Беларусьсю абласьцях Украіны


Міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што цягам спэцыяльных вучэньняў «Палесьсе», якія з 23 лістапада праходзяць у пяці памежных зь Беларусьсю абласьцях Украіны, спэцыяльныя сілы адпрацавалі некалькі магчымых сцэнараў стварэньня міграцыйнага крызісу на ўкраінскай мяжы.

«У часе вучэньняў мы пабачылі, што ўсе падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных спраў — сапраўды кулак, які можа забясьпечыць унутраную бясьпеку Ўкраіны. Некалькі тыдняў таму тут была зусім іншая сытуацыя», — сказаў Дзяніс Манастырскі, наведваючы адну зь лякацый вучэньняў у Валынскай вобласьці.

Паводле яго, дзякуючы адпрацаванай каардынацыі спэцыяльныя сілы Ўкраіны змогуць адрэагаваць на магчымыя правакацыі на мяжы цягам 30–60 хвілін пасьля атрыманьня адпаведнай інфармацыі ад выведнікаў.

«Пасьлядоўнасьць будзе такая — атрыманьне інфармацыі ад выведных органаў, накіраваньне сілаў і сродкаў на месцы імавернага перасячэньня мяжы мігрантамі, першымі будуць памежнікі, далей далучацца сілы Нацпаліцыі і Нацгвардыі, якія абсалютна гатовыя даць адпор», — заявіў міністар унутраных спраў Украіны.

Спэцыяльныя сілы адпрацоўвалі навыкі супрацьдзеяньня вялікай колькасьці мігрантаў, якія, паводле легенды, маглі прарвацца і праз пункты пропуску, і па-за імі, пашкодзіўшы інжынэрныя перашкоды. Апроч таго, сілавікі трэнаваліся затрымліваць малыя і блякаваць вялікія групы мігрантаў, якія прарваліся і заглыбіліся на тэрыторыю Ўкраіны, а таксама ліквідоўваць наступствы пажараў.

У сваю чаргу, старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка паведаміў, што памежная выведка не назірае актыўнасьці мігрантаў.

З 23 лістапада Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супольна зь сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Ўзброенымі сіламі на мяжы зь Беларусьсю праводзяць спэцыяльную апэрацыю «Палесьсе», каб не дапусьціць перамяшчэньня мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Цяпер на мяжы на магчымых напрамках прарыву працуюць узмоцненыя памежныя нарады. У ахове мяжы задзейнічаныя авіяцыя, бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы, а таксама тэхнічныя сродкі назіраньня.

Апроч гэтага, у межах кантраляваных памежных раёнаў выставілі дадатковыя пасты на аўтамабільных дарогах, правяраюць аўтобусныя і чыгуначныя станцыі, а мясцовых жыхароў заклікаюць паведамляць пра ўсіх падазраваных незнаёмых асобаў.

Што папярэднічала

Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла пра намер узмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх магчымае масавае знаходжаньне мігрантаў.

Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам заявіў, што міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе.

19 лістапада міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краін у любы момант можа абвастрыцца. Ён паведаміў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG