Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы пасьлядоўна рыхтуюць Беларусь для таго, каб дзейнічаць супольна». Як Менск можа дапамагчы Маскве ў канфлікце з Украінай


Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях «Захад-2021». 12 верасьня 2021

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не застанецца ў баку, калі Захад «разьвяжа вайну» ў Данбасе або на мяжы з Расеяй.

«Яны выдатна разумеюць: калі яны зноў разьвяжуць вайнушку ў Данбасе або дзесьці на мяжы з Расеяй, Беларусь у баку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з вайскоўцамі.

Ігар Раманенка, ваенны экспэрт, былы намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, расказаў «Настоящему времени», наколькі патэнцыйная падтрымка Лукашэнкі крытычная для ўкраінскага войска.

— Наколькі, паводле вашых зьвестак, беларускае войска здольнае на нешта без расейскага?

— А чаму трэба разглядаць без расейскага? Пытаньне ў тым, што яно, як і дзяржава, амаль увайшло ў склад Саюзнага войска, то бок Пуцін ужо фактычна кіруе Лукашэнкам, бо той у поўнай залежнасьці — гэта зразумела. Таму ўзброеныя сілы Беларусі дастаткова аснашчаныя і боегатовыя, іх трэба разглядаць як своеасаблівую, але ўжо амаль як бы частку Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі.

Перад гэтым за два гады былі ўжо падпісаныя дакумэнты, юрыдычна далей паглыбіліся, пашырыліся ў выпадку падпісаньня 28 вядомых дакумэнтаў паміж Пуціным і Лукашэнкам аб тым, што тэрыторыю Беларусі можна выкарыстоўваць расейскім узброеным сілам у поўным аб’ёме як і сваю. Там фармуецца авіяцыйная база, база для навучаньня, але яна фактычна ёсьць базай расейскіх узброеных сіл. Неабходнае ўзбраеньне там закладзена было яшчэ загадзя, калі праводзіліся вучэньні, фармальна пачынаючы ад вучэньняў супрацьпаветранай абароны два гады таму і ў далейшым. Гэта значыць, расейцы пасьлядоўна рыхтуюць тэрыторыю Беларусі і ўзброеныя сілы для таго, каб дзейнічаць супольна, а калі больш дакладна, то ў складзе Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі.

Увесь беларускі генэралітэт навучаўся ў акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Таму шмат у чым там усё гатова. Прапаганду, якая арганізуецца, мы бачым, што пасьля так званых перавыбараў Лукашэнкі быў абноўлены прапагандысцкі і ідэалягічны апарат расейскімі прадстаўнікамі, і яны праводзяць, натуральна, крайнюю прарасейскую пазыцыю, рыхтуюць асабліва ўзброеныя сілы і ў цэлым народ Беларусі.

У расейскім войску адноўлена палітычнае ўпраўленьне для працы з асабовым складам. Усе гэтыя падыходы пераведзеныя на апрацоўку асабовага складу беларускіх узброеных сіл, таму асаблівых ілюзій мець ня трэба. І тая карта, якая была прадстаўленая амэрыканцамі і іншымі заходнімі сродкамі масавай інфармацыі, паказвае на бягучы момант папярэдняе разьмяшчэньне сіл на нашых межах — гэта пакуль да 40 батальённых тактычных груп. Зь іх чатыры мяркуюцца з поўначы. Менш — могуць быць. Больш, з пункту гледжаньня прымяненьня, — складана, там лясістая мясцовасьць. Але пры жаданьні ўсё гэта можна знайсьці. Падчас Другой сусьветнай вайны гэтыя пытаньні ў апэрацыі «Багратыён» адпрацоўваліся. І цяпер пагроза для Ўкраіны мае месца, пачынаючы з поўначы і заканчваючы паўднёвым захадам у Прыднястроўі, дзе разьмяшчаецца таксама кантынгент Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. Гэта робіцца для таго, каб калі нанесьці ўдары адначасова, а гэта вельмі праблемнае вядзеньне баявых дзеяньняў для ўзброеных сіл Украіны. Гэта значыць, будуць расьцягвацца войскі. Пакуль з той групоўкай, якая ствараецца, яны роўныя, але для таго, каб пасьпяхова прасоўвацца, будуць стварацца канцэнтрацыі на галоўных напрамках, а для гэтага спатрэбіцца і нанесены з поўначы ўдар, і ўдар з паўночнага ўсходу — гэта мяжа непасрэдна паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Ўкраінай.

— Ці можна сказаць, што які-небудзь зь пералічаных вамі участкаў самы небясьпечны?

— Трэба разумець, што такое «самы небясьпечны». Мы гаворым пра тое, што разьмясціліся такім чынам 40 батальённых тактычных груп. Я вам скажу, што чатыры — з поўначы, з паўночнага ўсходу на мяжы Ўкраіны і Расіі — восем. На Данбасе — 15, гэта кажа пра тое, што, хутчэй за ўсё, там будзе галоўны ўдар. Затым, з Крыму — 12 непасрэдна і адна батальённая тактычная група ў рэзэрве. Разам гэта 40.

Таму галоўныя ўдары і мэты ставяцца — гэта як мінімум аднаўленьне так званых рэспублік у межах абласьцей і захоп сухапутнага калідора — выхад да вады з Азову на Крым. А далей — як пойдуць дзеяньні. Максымальныя амбіцыі ёсьць ледзь не да Дняпра. Але гэта рэалістычна адпрацаваныя варыянты Генэральным штабам Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, і такі варыянт не адзін — у залежнасьці ад той сытуацыі, якая будзе складацца па ходзе дзеяньня.

— Ці здольная Украіна стрымліваць гэтую агрэсію бязь зьнешняй дапамогі?

— На зьнешнюю дапамогу ў сэнсе войскаў нам разьлічваць асабліва не даводзіцца. Заявы ад брытанцаў, швэдаў, канадцаў не істотныя, але вельмі важныя, таму сілы найперш будзем выкарыстоўваць свае. Для таго, каб праводзіць абаронную апэрацыю, сілы ў нас ёсьць. Але пытаньне так ня вырашыцца. Калі шырокамаштабна, то наогул наступствы — надоўга і сур’ёзна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG