Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здаецца, гэтым пакараньням няма канца». Навіны з калёніі ад палітзьняволенай Вольгі Класкоўскай


Вольга Класкоўская

Палітзьняволеная Вольга Класкоўская правяла тры месяцы ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу) у Гомельскай жаночай калёніі №4.

Пра гэта яна паведаміла маці Людміле Класкоўскай.

У сьнежні мінулага году Вольгу Класкоўскую асудзілі на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму праз абвінавачаньне ў грубым парушэньні грамадзкага парадку — за перакрыцьцё руху ў менскай Серабранцы 13 кастрычніка. У судзе Класкоўская адмовілася даваць паказаньні і не прызнала сваёй віны. На пачатку сакавіка Вольгу этапавалі для адбыцьця пакараньня ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.

«За гэты час мы прайшлі там усе ступені зьдзеку — агулам 40 дзён ШЫЗА і тры месяцы ПКТ, — кажа маці палітзьняволенай Людміла Класкоўская. — За гэты час я змагла ёй адвезьці ў Гомель толькі адну перадачу. На днях Вольга нарэшце выйшла з турэмнай камэры, і амаль праз 4 месяцы я змагла ёй адправіць другую пасылку. Якім жа шчасьцем для мяне быў яе адзіны званок пасьля такога тэрміну».

Паводле маці, цягам трох месяцаў Вользе забаранялі пасылкі, тэлефанаваньні і спатканьні, яна магла атаварвацца ў калёніі толькі на адну базавую велічыню ў месяц.

«Я ўжо не кажу пра карцар для маладой жанчыны — голыя лаўкі, адсутнасьць усяго, што лічыцца для чалавека элемэнтарнымі нормамі ўтрыманьня, — кажа Людміла. — У Вольгі цяпер букет хваробаў, падае зрок, ацёкі ног, боль у хрыбце, гарманальныя збоі. Дзякуючы таму, што я дасылаю патрэбныя лекі, яна можа трымацца ў больш-менш адносным стане».

Людміла спадзяецца на спатканьне з дачкой да яе вызваленьня.

«Раней Вольга пісала, што ў сьнежні ёсьць надзея на спатканьне. І мы зьбіраліся з унучкай яе наведаць. Плянавалі ўсё — ад цягніка да гатэля і харчоў. І вось тэлефанаваньне пасьля ПКТ: спатканьня ня будзе.

Яна сказала: „Увогуле, матуля, мне здаецца, што гэтым пакараньням няма канца“. Яна не дагаварыла, бо такія тэлефанаваньні абрываюцца пасьля 5 хвілін, часам ты не пасьпяваеш нават крыкнуць: „Бывай, я цябе люблю і чакаю, мая дачушка“. Мы чакаем вас усіх, нашы любыя дзеці!» — кажа Людміла.

Больш званкоў ад Вольгі не было, яна прыслала паштоўку, датаваную 19 лістапада.

«Матулечка любая, вялікі дзякуй за цудоўную пасылку, проста супэр, няма словаў, каб выказаць сваю падзяку. Усе такое смачнае і прыгожае, я ўжо і забылася пра многія ласункі. Я цябе вельмі люблю, беражыце сябе, мае родныя!»

Вольга піша, што ў калёніі «штодзённая шэрасьць і ніякіх навінаў».

«Але хачу данесьці да вас, што, нягледзячы на ўсё, я імкнуся быць на пазытыве, бо вы мяне чакаеце і нас памятае неабыякавы люд Беларусі, — піша Вольга. — Увогуле я тут зь цяжкасьцю ўсьведамляю, як карысталася мабільным тэлефонам і калі змагу. Адсюль гэта здаецца такім далёкім і недасяжным, як і многія іншыя рэчы».

Вольга піша, што ёй часта сьняцца Бялынічы, бабуліна хата і горка, дзе бавіліся ў дзяцінстве.

«Ты мне расказала пра раскопкі там, і выявілася, што гэта старажытныя могілкі, дзе пахаваныя манахі. Я хачу пасьля напісаць аб гэтым адрэзку часу, чаму ўсё гэта зьнікла і зруйнавалася і было выцертае зь людзкой памяці, — піша Вольга. — Жыцьцё ўвогуле вельмі цікавая штука, але кароткае і крохкае, як і сам чалавек. Шмат недарэчнасьцяў нас атачае, шмат выпадковасьцяў і трагічных момантаў. Мама, а як ты думаеш, чаго ў сьвеце ўсё ж такі болей — дабра ці зла? І добрых людзей ці кепскіх? Чалавек, чалавечая натура не мяняецца: які ён быў дзьве тысячы гадоў назад, такая яго натура і засталася. Ня вучыцца чалавек на гістарычных памылках».

Таксама Вольга піша, што ёй сьніцца прапрадзед Вацлаў, які адседзеў 20 гадоў у сталінскіх лягерах за тое, што пакрытыкаваў калгасны лад.

«Але ж я яго ніколі ня бачыла! А ён прыходзіць да мяне ў снах і суцяшае, кажа, што ўсё будзе добра. А мы, нашчадкі, выйшлі праз столькі гадоў, каб абараніць сваё права на свой гонар і выбар і, як казаў Янка Купала, „людзьмі звацца“ — і апынуліся за кратамі, — піша Вольга. — Прыкра, што ўвесь час дабро павінна абараняцца ад зла. Ці можна цалкам выкараніць зло з плянэты? Ня думаю, што гэта магчыма, і тут выйсьце толькі адно — рабіць людзям як мага болей дабра і памнажаць яго на плянэце».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG