Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі ўпершыню асабіста зьявіўся перад судом у Тбілісі


Міхэйл Саакашвілі ў судзе

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэйл Саакашвілі, арыштаваны ў пачатку кастрычніка пасьля свайго вяртаньня ў краіну, 29 лістапада ўпершыню асабіста стаў перад судом у Тбілісі.

Яго даставілі ў суд са шпіталя на тэрыторыі вайсковай базы ў горадзе Горы. Там ён праходзіць лячэньне пасьля выхаду з галадоўкі, якую больш за месяц трымаў у турме.

Саакашвілі быў зьмешчаны ў турму, паколькі раней быў завочна асуджаны да пазбаўленьня волі. Цяпер суд разглядае новую справу супраць яго. Саакашвілі абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай у сувязі з разгонам акцыі пратэсту 7 лістапада 2007 году і канфіскацыяй маёмасьці бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі. Былы прэзыдэнт не прызнае віну. Як паведамляе Грузінская служба Радыё Свабода, перад пачаткам слуханьняў Саакашвілі заявіў, што не прызнае пракуратуру і судовую сыстэму Грузіі, а суд над ім назваў камэдыяй з загадзя вызначаным вынікам.

Пры гэтым Саакашвілі настойваў на тым, каб асабіста прымаць удзел у судовых слуханьнях. Раней улады адмаўляліся даставіць яго ў суд, спасылаючыся на меркаваньні бясьпекі, аднак уступілі патрабаваньням, якія выказвалі, у тым ліку, і прадстаўнікі краін Захаду.

Перад будынкам суду ў Тбілісі сабраліся прыхільнікі Саакашвілі. Яны перакрылі дарогу каля будынку суду. Адбыліся сутычкі з паліцыяй, ёсьць затрыманыя.

Адзіным сродкам масавай інфармацыі, дапушчаным у суд, быў Першы канал Грамадзкай тэлерадыёкампаніі.

  • Саакашвілі прыйшоў да ўлады пасьля так званай «рэвалюцыі ружаў» і ўзначальваў Грузію да 2012 году. Затым ён зьехаў за мяжу. Новыя ўлады Грузіі пазбавілі яго грамадзянства і распачалі супраць яго крымінальныя справы. Саакашвілі, будучы грамадзянінам Украіны, удзельнічаў у палітычным жыцьці гэтай краіны. У Грузію ён вырашыў вярнуцца, каб падтрымаць сваіх прыхільнікаў перад мясцовымі выбарамі, якія, аднак, завяршыліся перамогай супернікаў Саакашвілі. У краіну ён прыехаў інкогніта і быў затрыманы празь некалькі дзён пасьля перасячэньня мяжы. Галадоўку Саакашвілі спыніў пасьля таго, як улады пагадзіліся перавесьці яго ў шпіталь за межамі турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG