Беларускія экіпажы былі заяўленыя ў грузавым заліку пад бартавымі нумарамі 502, 507 і 517, але цяпер іх ужо няма ў стартавым лісьце.
Паводле расейскага тэлеканалу «Матч ТВ», беларуская каманда атрымала забарону на ўдзел у ралі «Дакар» ад арганізатараў гонкі. Паводле крыніцы каналу, знаёмай з сытуацыяй, грузавікі ўжо накіроўваліся ў Марсэль на паром, які з гоначнай тэхнікай праз некалькі дзён возьме курс на Саудаўскую Арабію, але каманду не пусьцілі. Іншая крыніца «Матч ТВ» дапусьціла, што такое рашэньне можа быць зьвязана з санкцыямі ў дачыненьні да заводу.
Арганізатары самага вядомага ў сьвеце ралі і беларуская каманда пакуль ніяк не камэнтуюць падзеі.
«Дакар-2022» пройдзе 2-14 студзеня наступнага году ў Саўдаўскай Арабіі. «МАЗ-СПОРТаўта» рэгулярна ўдзельнічаў у гонцы з 2012 году, апошнім часам змагаючыся за прызавыя месцы. Лепшымі вынікамі зьяўляюцца срэбра і бронза лідэра каманды Сяргея Вязовіча ў 2018 і 2020 гадах адпаведна.
Сёлета ў ліпені Эўразьвяз увёў чацьвёрты пакет санкцый супраць Беларусі, акрамя шэрагу чыноўнікаў і бізнэсоўцаў пад абмежаваньні трапілі і некалькі прадпрыемстваў, уключна зь Менскім аўтазаводам. Кіраўніцтва прадпрыемства падало позву да Рады Эўразьвязу на «беспадстаўнае рашэньне», аднак плёну гэта не прынесла.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com