Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны тэрмінова выдзеліў грошы на ўзмацненьне ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю


Украінскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю

Кабінэт міністраў Украіны выдзеліў з рэзэрвовага фонду 214 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і павелічэньне абароназдольнасьці краіны.

«Разумеючы няпростую сытуацыю на беларуска-польскай мяжы, працягваем узмацняць бясьпеку краіны. Нельга выключаць, што міграцыйны дэстабілізацыйны праект можа быць распаўсюджаны і на ўкраінска-беларускую мяжу. Таму маем падрыхтавацца да любага сцэнару», — заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль на пасяджэньні ўраду.

Большую частку сродкаў (175 мільёнаў грыўняў) атрымаюць структуры Міністэрства ўнутраных спраў — Дзяржаўная памежная служба і Нацыянальная гвардыя, іншыя — Міністэрства абароны. Прадугледжваецца, што частку гэтых фінансаў накіруюць на закуп калючага дроту для ўсталяваньня на мяжы.

«Мы назіраем абвастрэньне сытуацыі на беларускай мяжы. Сёньняшняе рашэньне ўраду дазволіць апэратыўна ўзмацніць уразьлівыя ўчасткі мяжы і папярэдзіць патокі нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Бясьпека грамадзян, абарона тэрыторый і забесьпячэньне сталага разьвіцьця краіны застаюцца ключавымі прыярытэтамі ўраду», — цытуе прэсавая служба ўраду першага віцэ-прэм’ер-міністра Ўкраіны Вольгу Сьвірыдэнку.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны супольна зь сіламі Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і Ўзброенымі сіламі на мяжы зь Беларусьсю з 23 лістапада праводзяць спэцыяльную апэрацыю «Палесьсе», каб не дапусьціць перамяшчэньня мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Што папярэднічала

Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла прра намер узмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх магчымае масавае знаходжаньне мігрантаў.

Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 15 лістапада на брыфінгу ў Брусэлі па выніках сустрэчы зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам заявіў, што міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе.

19 лістапада міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краін у любы момант можа абвастрыцца. Ён паведаміў, што на ахову мяжы дадаткова накіраваныя 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG