Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Ціханоўскаму, Статкевічу, Лосіку абвесьцяць 14 сьнежня


Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Прысуд палітвязьні пачуюць на тэрыторыі СІЗА ў Гомлі.

Абвяшчэньне прысуду Міколу Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Уладзімеру Цыгановічу і Дзьмітрыю Папову адбудзецца 14 сьнежня ў 14.00 на тэрыторыі СІЗА. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

16 лістапада суд над імі аднавіўся пасьля перапынку, абвешчанага 4 лістапада.

Працэс ідзе ад 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы. Адвакаты далі падпіску аб невыдаваньні, таму пра акалічнасьці працэсу нічога не вядома.

Усім шасьці фігурантам справы пагражае да 12–15 гадоў пазбаўленьня волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты справы ўжо больш як год у СІЗА.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG