Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйная служба Ўкраіны расказала пра колькасьць беларускіх уцекачоў і «злоўжываньні» імі ўкраінскім заканадаўствам


Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны

Кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Наталія Навуменка заявіла, што няма анамальнага павелічэньня колькасьці беларусаў, якія ўцякаюць ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу за ўдзел ў акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Нягледзячы на тое, што пастаянна абмяркоўваецца тэма гіпатэтычнага павелічэньня колькасьці грамадзян Беларусі на тэрыторыі Ўкраіны, на сёньня ні Дзяржаўная міграцыйная служба, ні адміністрацыя Памежнай службы ўвогуле не назіраюць перавышэньня ўезду грамадзян Беларусі над іхным выездам. Фактычна маем такія ж лічбы, як у 2019 і 2020 гадах», — заявіла Натальля Навуменка, выступаючы на міжкамітэцкіх слуханьнях у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны аб абароне правоў грамадзян Беларусі, якія шукаюць абароны ва Ўкраіне.

Паводле яе, за 9 месяцаў 2021 году на тэрыторыю Ўкраіны ўехалі 199 тысяч грамадзян Беларусі, а выехалі — 197 тысяч.

«У той жа час сапраўды цікавая статыстыка пра тое, што мы назіраем павелічэньне колькасьці дазволаў грамадзянам Беларусі на працаўладкаваньне і працягу дзеяньня такіх дазволаў. Калі ў 2019 годзе такіх дазволаў выдалі ўсяго 935, то за дзевяць месяцаў 2021 году — 1 122», — удакладніла кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

Натальля Навуменка паведаміла, што назіраецца «пэўная тэндэнцыя» да павелічэньня колькасьці зваротаў па статус уцекача або па атрыманьне дадатковай абароны дзяржавы Ўкраіны.

«Калі ў 2019 годзе ў нас такіх зваротаў было ўсяго 10, то за 10 месяцаў 2021 году — 79. У нас таксама павялічылася колькасьць пазытыўных рашэньняў на карысьць грамадзян Беларусі, якія ўдзельнічалі ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны на ўсходзе і тых, хто пацярпеў ад перасьледу пасьля жніўня 2020 году. Калі ў 2019 годзе мы прызналі ўцекачамі толькі двух грамадзян, то ў 2021-м ужо 7. Дадатковую абарону ў 2019 годзе атрымала адна асоба, а ў 2021 — 5. Шмат гэта ці мала, мы яшчэ ня можам сказаць і будзем аналізаваць гэтыя лічбы», — удакладніла яна.

Некаторыя ўцекачы «злоўжываюць»

У той жа час Натальля Навуменка паведаміла, што сярод гэтай колькасьці ёсьць такія грамадзяне, якія «злоўжываюць працэдурай вызначэньня статусу ўцекача».

«У нас зьявілася такая тэндэнцыя, калі, напрыклад, сёньня грамадзянін Беларусі зьвяртаецца да міграцыйнай службы, атрымлівае даведку аб звароце аб абароне (а ўсе міграцыйныя органы арыентаваныя на тое, каб гэта было максымальна хутка ў дачыненьні да грамадзян Беларусі), а заўтра ён зьвяртаецца з заявай аб спыненьні разгляду ягонай заявы аб статусе ўцекача. Гэтая тэндэнцыя нас спачатку насьцярожыла, а потым мы даведаліся, што грамадзяне Беларусі такім чынам легалізуюцца для таго, каб падаць дакумэнты ў амбасаду Польшчы на атрыманьне візы», — патлумачыла кіраўніца міграцыйнай службы.

16 беларусаў выдварылі з Украіны

Камэнтуючы выпадкі выдварэньня грамадзян Беларусі (паводле праваабаронцаў з пачатку году з Украіны выдварылі 16 грамадзян Беларусі. — РС), Натальля Навуменка паведаміла, што міграцыйная служба рэкамэндавала праваахоўным і спэцыяльным органам Украіны ўзгадняць зь міграцыйнай службай усе рашэньні аб дэпартацыі, каб пазьбягаць выпадкаў выдварэньня тых грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах.

Сёлета ў ліпені беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заявілі аб новай вялікай хвалі міграцыі грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад перасьледу, і заклікалі ўлады Ўкраіны стварыць умовы для іхнай легалізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG