Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прапанавалі пашырыць паўнамоцтвы ўнутраных войскаў, у тым ліку ў дачыненьні да жанчын і дзяцей


Унутраныя войскі на пратэстах 2020 году ў Менску.

Савет Міністраў унёс на разгляд у Палату прадстаўнікоў папраўкі ў Закон «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». Дакладныя даты разгляду законапраекту пакуль невядомыя.

У артыкуле 2 закону, у якім пералічаныя задачы ўнутраных войскаў, са сьпісу задач у праекце прыбралі пункт «аказаньне садзейнічаньня органам унутраных спраў у ахове грамадзкага парадку, забесьпячэньні грамадзкай бясьпекі, рэжыму надзвычайнага становішча, ваеннага становішча», піша Zerkalo.io.

У артыкуле 7, які рэглямэнтуе кіраўніцтва і кіраваньне ўнутранымі войскамі, у выпадку прыняцьця паправак міністар унутраных спраў зможа самастойна выдаваць як нарматыўныя, так і ненарматыўныя прававыя акты.

Можа зьмяніцца таксама артыкул 25 аб гарантаваньні бясьпекі вайскоўцаў, асобаў цывільнага пэрсаналу ўнутраных войскаў і іх блізкіх. У новай рэдакцыі ў артыкул дадалі паняцьце «цывільнага пэрсаналу». Гэта значыць, што ўнутраныя войскі будуць абавязаныя абароняць ад замахаў ня толькі сваіх вайскоўцаў і іхныя сем’і, але і цывільны пэрсанал вайсковых аб’ектаў. Калі папраўкі прымуць, закон будзе гарантаваць вайскоўцам, іхным блізкім і цывільным супрацоўнікам дзяржаўную абарону ў выпадку пагрозы замаху на жыцьцё, здароўе і маёмасьць.

Абавязкі службоўцаў унутраных войскаў хочуць зьмяніць — у выпадку прыняцьця законапраекту пашырыцца артыкул 16. У ім за вайскоўцамі замацуюць абавязкі браць удзел ня толькі «ў забесьпячэньні рэжыму надзвычайнага становішча, ваеннага становішча», але і «прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі».

Артыкул 21 Закону аб унутраных войсках апісвае правілы прымяненьня імі зброі (правоў стане больш). У цяперашняй рэдакцыі гэта дазваляецца толькі «калі іншыя спосабы і сродкі дзеля забесьпячэньня іх выкананьня аказаліся неэфэктыўнымі», а ў выпадку прыняцьця законапраекту такога абмежаваньня ня будзе.

Зброю можна будзе прымяняць і ў дачыненьні да асобы, якая спрабуе незаконна трапіць на тэрыторыю аб’ектаў (ці пакінуць яе), якія ахоўваюць унутраныя войскі, калі ня будзе іншай магчымасьці спыніць чалавека.

Яшчэ адна прапанаваная папраўка ў гэтым артыкуле: пашырыць сфэру прымяненьня зброі супраць жанчын, людзей з інваліднасьцю і непаўналетніх. Пакуль унутраныя войскі могуць страляць у такіх людзей толькі ў тым выпадку, калі яны «ажыцьцяўляюць збройны ці групавы напад».

Як кажа былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер сябра Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Арцём Праскаловіч, прапанаваным законапраектам гэтая забарона фактычна здымаецца: зброю супраць гэтых груп насельніцтва можна будзе выкарыстоўваць і пры зьдзяйсьненьні «іншых дзеяньняў, якія пагражаюць жыцьцю або здароўю грамадзян», што фактычна азначае любую канфліктную сытуацыю.

Для спыненьня масавых беспарадкаў хочуць дазволіць выкарыстоўваць вайсковую тэхніку. У артыкул 22, дзе апісваюцца правілы яе прымяненьня, урад прапануе дадаць, што яго можна выкарыстоўваць для «спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку або дзеяньняў, накіраваных на разбурэньне і (або) зьнішчэньне маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG