Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісаў, што зьдзелкі з сумленьнем недапушчальныя». Знаёмыя і калегі пра асуджанага студэнта Ўладзіслава Марціновіча


Ілюстрацыйнае фота. Падчас адной з акцый пратэсту ў Менску, жнівень 2020 году

15 лістапада 21-гадоваму студэнту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ўладзіславу Марціновічу прысудзілі 4 гады турмы нібыта за адміністраваньне тэлеграм-каналу «Белые халаты».

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Хлопца амаль год трымаюць на «Валадарцы» — у СІЗА-1. Мы паразмаўлялі зь ягонымі калегамі і знаёмымі.

«Ён быў адным з найлепшых студэнтаў унівэрсытэту»

Уладзіслава затрымалі 19 лістапада, у той жа дзень, што і журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, і лекара Арцёма Сарокіна. Хлопец вучыўся на чацьвёртым курсе лячэбнага факультэту БДМУ.

«Ён быў старастам, адным з найлепшых студэнтаў унівэрсытэту, пісаў навуковыя працы, удзельнічаў у канфэрэнцыях і атрымліваў дыплёмы I і II ступені. Адну зь ягоных прац нават адзначылі на Рэспубліканскім конкурсе ў 2019 годзе», — кажуць ягоныя знаёмыя і калегі (інфармацыя была прадстаўленая Задзіночаньню беларускіх студэнтаў).

Пасьля затрыманьня Ўлад трапіў на Акрэсьціна на некалькі сутак, потым яго перавялі на «Валадарку». Спачатку яму выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), але праз 6 месяцаў гэтую справу закрылі і адкрылі новую паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу.

«У першых лістах Улад пісаў, што знаходзіцца ў мэдычнай камэры і „праходзіць курс псыхатэрапіі“, што, магчыма, было намёкам на мэтады карнай псыхіятрыі або іншага ўплыву на псыхіку».

На Ўладавым кампутары знайшлі доступ да акаўнта ў тэлеграме, якім карысталася некалькі людзей.

«На судзе летам адвакат зьвярнуў увагу, што ў матэрыялах справы файлы, выгружаныя з кампа Ўлада, датуюцца 16 лістапада, днём, калі ён яшчэ ня быў затрыманы. Наконт акаўнта, згодна з паказаньнямі Ўлада, ён займаўся там стварэньнем мэдычнай супольнасьці „Нездарма“. У яго знайшлі статут і іншыя арганізацыйныя дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі, у тым ліку зьвесткі аб сплаце пошлін для рэгістрацыі».

Паводле абвінавачваньня, Уладзіслаў Марціновіч у жніўні 2020 году «стварыў тэлеграм-канал „Белыя халаты“, распаўсюджваў матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі, штучнае нагнятаньне напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве, прапаганду ідэалёгіі экстрэмізму, а таксама паслабленьне пачуцьця патрыятызму». Улад абвяргае ўсе абвінавачаньні на свой адрас.

«Са жніўня Ўлад не атрымлівае ні лістоў, ні тэлеграмаў, але бачыцца з адвакатам. Па словах бацькоў, увесь гэты час ён знаходзіцца ў камэры не з палітычнымі, а са звычайнымі вязьнямі».

«Улад сапраўды хацеў, каб у нашай краіне мэдработнікі былі больш абароненыя»

Яшчэ адзін знаёмы Ўлада падзяліўся з намі інфармацыяй пра хлопца.

«Улад вельмі інтэлектуальны чалавек, і гэта адразу прыкметна. Ён часта піша пра тое, як спрабуе самаразьвівацца, як шукае магчымасьці вывучаць нешта новае і ня падае духам. Часта яго лісты падымаюць настрой і ўсяляюць надзею. Ён неяк так іх піша, што літаральна натхняе верай у лепшае».

Знаёмы апавядае: пасьля затрыманьня Ўлад вельмі спадзяваўся, што яму дазволяць перадаваць кнігі па мэдыцыне і ангельскай мове, але можна было карыстацца толькі тымі, якія ёсьць у бібліятэцы СІЗА.

«Але і тады ён змог нешта для сябе знайсьці. Ён пісаў, што самаўдасканальваецца, нешта вывучае. Я ведаю, што ён ніколі не сумняваўся ў рашэньні пайсьці ў мэдычны, гэта яго нязьменнае жаданьне. Ён таксама цікавіўся нэўрахірургіяй».

Знаёмы Ўлада адзначае, што хлопец хацеў стварыць грамадзкае аб’яднаньне.

«Яно павінна было зьвязаць мэдыкаў, людзей без адукацыі, якія могуць і хочуць аказваць першую дапамогу пры неабходнасьці, тых, хто толькі асвойвае нейкую мэдычную прафэсію, і проста неабыякавых да сыстэмы аховы здароўя людзей. Пра гэта і на судзе ішла гаворка. Улад быў вельмі неабыякавы да гэтай працы. Ён сапраўды хацеў, каб у нашай краіне і мэдработнікі былі больш абароненыя, і каб у іх пацыентаў была магчымасьць мець лепшую мэдычную дапамогу. Ён пісаў ня раз, што ўсё абавязкова зьменіцца да лепшага».

Лістоў ад Улада няма з самага лета, кажа знаёмы.

«Яны перасталі прыходзіць напярэдадні судовага працэсу, але ён ведаў, што адбываецца. Ён глядзеў тэлевізар, праўда, гэта былі дзяржаўныя каналы, але ён адэкватна і крытычна ўспрымаў інфармацыю. Зьдзіўляўся хлусьні пра самога сябе. Гісторыя пра грошы, якія ён нібыта атрымаў, яго вельмі абурыла, мне нават здалося, што наўпрост абразіла, бо пісаў ён пра яе вельмі эмацыйна, што гэта ўсё няпраўда і ў іх ня можа быць ніякіх доказаў, што грошай не было. А галоўнае — завяршыў гэтыя словы клічнікамі, хоць звычайна ён стрыманы ў праяўленьні пачуцьцяў», — расказвае малады чалавек.

«Ён пісаў, што зьдзелкі з сумленьнем недапушчальныя, бо потым з падобным немагчыма жыць. Ён ніколі ня падаў духам, і, я спадзяюся, за час судовага працэсу гэта не зьмянілася. Вельмі спадзяюся, што яму цяпер аддадуць усе лісты і ён даведаецца, што яго не забывалі», — кажа сябар асуджанага Ўлада Марціновіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG