Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ставяцца да мігрантаў? Што кажуць сацапытаньні


Мігранты ў Менску

Адказ на гэтае пытаньне даюць вынікі сацыялягічных апытаньняў, праведзеныя рознымі дасьледнымі цэнтрамі ў розныя гады

У разгар мінулага мігранцкага крызісу ў Эўропе (сьнежань 2015 году і сакавік 2016 году) беларускі сацыялягічны цэнтар НІСЭПД задаваў рэспандэнтам пытаньне: «Апошнія месяцы краіны ЭЗ перажываюць востры крызіс, зьвязаны з плыньню мігрантаў з афрыканскіх і азіяцкіх краінаў. Зь якой думкай наконт гэтага крызісу Вы згодныя ў большай ступені?» з варыянтамі адказу «Трэба высылаць уцекачоў назад, не пускаць да сябе — гэтыя людзі чужыя Эўропе» і «Трэба прымаць гэтых людзей — яны бягуць ад войнаў і галечы, ім трэба дапамагчы».

Сытуацыя, якую сацыёлягі прасілі тады рэспандэнтаў ацаніць, падобная да цяперашняй — вялікая колькасьць мігрантаў тады імкнулася прарвацца ў ЭЗ. Тады, праўда, не праз Беларусь, але памежныя згароды ў краінах паўднёвай Эўропы мігранты і тады спрабавалі зносіць.

Апытаных пыталіся тады не пра іх асабістыя адносіны да мігрантаў, а пра выбар, які, зь іх пункту гледжаньня, павінная зрабіць Эўропа.

Першы варыянт адказу — «не пускаць» — выбралі ў сьнежні 2015 году 52% апытаных беларусаў, у сакавіку 2016 года — 60%. Процілеглы выбар — «пускаць» — рабілі адпаведна 33% рэспандэнтаў у 2015 годзе і 27% у 2016 годзе.

«Палітыка ЭЗ у гэтым пытаньні нават у недатычных выклікае нэгатыўную ці зьдзіўленую рэакцыю, у якой аказваюцца салідарнымі міністар замежных справаў У. Макей і партыя БНФ» — адзначалі тады сацыёлягі НІСЭПД. «Драматычныя падзеі ў навагоднюю ноч у Кёльне і іншых гарадах Эўропы, мяркуючы па ўсім, падлілі алею ў агонь гэтых пачуцьцяў» — так яны тлумачылі рост долі адказаў «не пускаць» за 4 месяцы.

Пераканаўчая большасьць беларусаў тады лічыла, што Эўропе ня трэба пускаць мігрантаў да сябе.

Цікава, што структура адказаў на гэтае пытаньне не вельмі моцна залежала ад палітычных поглядаў і геапалітычных перавагаў апытаных.

У сакавіцкім 2016 годзе апытаньні, адказваючы на пытаньне аб міграцыйным крызісе ў ЭЗ, сярод тых, хто давярае А.Лукашэнку, опцыю «не пускаць» выбралі 58% («пускаць» — 26%), сярод тых, хто не давярае А.Лукашэнку, адказы разьмеркаваліся ў прапорцыі 63%: 25%.

Сярод прыхільнікаў інтэграцыі Беларусі з Расеяй суадносіны ацэнак складалі 65%:22%, сярод прыхільнікаў эўраінтэграцыі краіны 58%:32%.

Такім чынам, прыхільнікі ўлады былі тады крыху лібэральней у гэтым пытаньні, чым іх апанэнты, «эўрабеларусы» — крыху больш лібэральныя, чым «беларосы», але адрозьненьні былі ня вельмі значныя.

Незалежна ад палітычных поглядаў беларусы большасьцю выказваліся супраць палітыкі «адчыненых дзвярэй» у дачыненьні да міграцыйнай плыні ў ЭЗ,

Адной з прычын гэтага было стаўленьне да саміх мігрантаў. На працягу некалькіх гадоў той жа НІСЭПД задаваў рэспандэнтам пытаньне аб стаўленьні да прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў.

Пытаньне прадугледжвала 5 варыянтаў адказу «Гатовы парадніцца», «Гатовы разам працаваць», «Гатовы жыць па-суседзтву», «Гатовы жыць у адным горадзе», «Гатовы жыць у Беларусі».

Адказы год ад году крыху мяняліся, але структура іх заставалася нязьменнай. Самым блізкім этнасам былі расейцы, наступныя за імі — украінцы і палякі, потым народы краінаў Эўропы, амэрыканцы і габрэі.

А далей — прорва, апытаньні дэманстравалі гіганцкую сацыяльную дыстанцыю з выхадцамі з Азіі і Афрыкі, і адным з самых далёкіх беларусам этнасаў былі арабы, якія складаюць значную долю цяперашняй мігранцкай плыні, якая ідзе праз Беларусь.

Парадніцца з расейцамі ў 2015 годзе былі гатовыя 39% апытаных, з украінцамі — 23%, з арабамі — 2%.

Гэтыя дадзеныя апытаньняў НІСЭПД пацьвярджаюцца дасьледаваньнем сацыялягічнага цэнтру Pew, праведзенага ў 2015-2017 гадах у 34 краінах Эўропы, у тым ліку і ў Беларусі.

Сярод іншых задавалася пытаньне, ці гатовыя рэспандэнты парадніцца з мусульманамі. Адказы на гэтае пытаньне, магчыма, не апісваюць усе аспэкты стаўленьня да гэтай канфэсійнай групы, але гэта — індыкатар, асабліва ў міжнародным параўнаньні.

І аказалася, што беларусы ў гэтым пытаньні — адна з самых неталерантных нацый Эўропы. Толькі 16% беларусаў сказалі, што гатовы парадніцца з мусульманамі (мець іх зяцямі, нявесткамі, сьвякрухамі і сьвёкрамі, цешчамі і цясьцямі).

Для параўнаньня: у Галяндыі на чальца сям’і — мусульманіна ці мусульманку — былі гатовыя 88% апытаных, у Расеі — 34%, у Польшчы — 33%, у Літве — 16%.

І нарэшце — дадзеныя міжнароднага апытаньня «Эўрапейскае дасьледаваньне каштоўнасьцяў», праведзенага ў 2017 годзе ў 26 эўрапейскіх краінах.

Там задавалася некалькі пытаньняў аб стаўленьні рэспандэнтаў да мігрантаў у іх уласнай краіне, аб ацэнках іх уплыву на жыцьцё грамадзтва прымаючай краіны.

Згодна з гэтым дасьледаваньнем, беларусы вельмі востра ўспрымалі пагрозу канкурэнцыі на рынку працы з боку мігрантаў. Па іншых аспэктах — пагроза росту злачыннасьці, пагроза культурнай ідэнтычнасьці — беларусы дэманстравалі сярэднія па Эўропе ацэнкі.

Сумарна беларусы ў адносінах да мігрантаў у сваёй краіне апынуліся ў вялікім клястэры разам з Польшчай і Літвой — з не наймацнейшым адчуваньнем пагрозы з боку мігрантаў, але і не з самым слабым.

4 апісаныя дасьледаваньні дазваляюць зрабіць выснову, што стаўленьне беларусаў да мігрантаў з далёкіх краін, мякка кажучы, стрыманае — і да мігрантаў у Беларусі, і да абавязкаў Эўропы іх прымаць.

Самых сьвежых дасьледаваньняў на гэтую тэму няма, але такое экзістэнцыйнае, каштоўнаснае стаўленьне не мяняецца хутка нават пад уплывам агрэсіўнай прапаганды.

І таму можна меркаваць, што міграцыйны наступ на Эўропу, зладжаны зараз беларускай уладай, не знаходзіць шырокай грамадзкай падтрымкі.

І не толькі таму, што зараз невялікая сама па сабе грамадзкая падтрымка ўлады і любых яе пачынаньняў, але і таму, што міграцыйная атака супярэчыць глыбінным і масавым уяўленьням беларусаў.

У 2015-2016 гадах антымігранцкія настроі панавалі і сярод прыхільнікаў улады. Аргумэнты наконт таго, што Эўропа павінная прымаць гэтых няшчасных людзей, тады прымалі толькі нямногія зь іх.

Цяпер у іх кагнітыўны дысананс. З аднаго боку, калі ўлада так робіць, значыць, гэта правільна. З іншага боку, базавыя каштоўнасныя ўстаноўкі падказваюць, што нешта тут не так, што калі вугорскія і грэцкія памежнікі дзейнічалі ў 2015 годзе правільна, стрымліваючы паток мігрантаў, то правільна дзейнічаюць і зараз іх польскія і літоўскія калегі.

Але, магчыма, што беларускай уладзе народная думка пра яе палітыку, у тым ліку і меркаваньне яе прыхільнікаў, ужо абыякавая.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG