Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І тады беларуская эканоміка канчаткова ляжа». Экс-кіраўнік МЗС Украіны пра тое, як Эўропа можа адолець крызіс на мяжы


Павел Клімкін

Крызіс на межах — гэта вынік «сумеснай апэрацыі» Расеі і Беларусі, лічыць экс-міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін.

Паводле яго слоў, у беларускай амбасадзе ў Турэччыне курдам з Іраку выдаюць візы, зарабляючы на гэтым «вар’яцкія грошы», — па 2 тысячы даляраў з чалавека. Для параўнаньня: у беларускай амбасадзе ў Бэрліне за візу і гатэль у Менску бяруць 3 тысячы даляраў, пісала Deutsche Welle.

«Спадар Лукашэнка такім чынам хоча адпомсьціць Польшчы і Літве за пасьлядоўную пазыцыю падчас пратэстаў [пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году], — сказаў Клімкін у эфіры „Настоящего времени“. — Ну, а Пуцін тузае за ніткі і спрабуе стварыць дадатковы ціск на Эўразьвяз — калі хочаце, міграцыйны шантаж на фоне энэргетычнага крызісу, які ён ужо стварыў. Ён лічыць, што такім чынам узмацняе сваю пазыцыю».

Ці ёсьць шанец, што Лукашэнка перакрые пастаўкі расейскага газу ў Эўропу?

11 лістапада Лукашэнка нагадаў, што праз тэрыторыю Беларусі праходзіць трубаправод «Ямал-Эўропа» і што несправядліва, калі Беларусь «абагравае» краіны блёку, у той час як Польшча хоча закрыць межы.

«Гэтая пагроза нерэальная, але гэта таксама сумесная гульня з Расеяй, — працягвае Клімкін. — Паглядзіце лічбы прапампоўваньня газу яшчэ некалькі дзён таму: па нашай [украінскай] сыстэме фактычна палова, і цяпер Расея падняла перапампоўку да нармальных 109 млн кубічных мэтраў у суткі. 11 лістапада яны падалі 27 млн празь Беларусь. Пагроза Лукашэнкі — гэта пустое месца, а пагроза Пуціна — абсалютна рэальная».

Ці ёсьць рашэньне ў крызісу на межах?

«Вельмі простае. Я лічу, што трэба жорстка размаўляць з Лукашэнкам. Сказаць, што калі практыка выдачы візаў у амбасадах, у прыватнасьці ў Анкары (ёсьць сьведчаньні, што яны хочуць выдаваць візы ў іншых амбасадах), працягнецца і яны будуць ганяць людзей чартэрамі і потым гнаць на мяжу як жывёлу, абсалютна цынічна, дык санкцыі, якія будуць на Беларусі, — гэта забарона любога транзыту праз тэрыторыю Беларусі. І тады беларуская эканоміка канчаткова ляжа».

Што рабіць зь людзьмі, якія застаюцца на межах?

«У мяне вельмі баліць сэрца, бо зь імі паступаюць як з быдлам: іх прымаюць, выдаюць візы, забіраюць у іх грошы, а потым гоняць на межы. Яны выкарыстоўваюць жаданьне гэтых людзей вярнуцца да нармальнага жыцьця, знайсьці сваю мару. Гэта адштурхоўвае. Таму Лукашэнка разумее выдатна, што трэба знайсьці нейкае рашэньне, калі Пуцін прыме рашэньне пераарыентаваць уцекачоў на нашу [ўкраінскую] мяжу.

Урэшце, ствараць лягеры на сваёй тэрыторыі Беларусь ня будзе, і Лукашэнка будзе шантажаваць: «Давайце лягеры на маёй тэрыторыі, і вы мне плаціце грошы і пачынайце са мной размаўляць». Калі Эўрапейскі Зьвяз пачне так рабіць, то можна лічыць, што зьнешняя палітыка ЭЗ скончылася.

  • Улады Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам адмаўляюць сваю ролю ў перакідваньні мігрантаў з паўднёвых краін на мяжу з Эўразьвязам і заяўляюць, што ў іх няма грошай, каб стрымліваць іх паток. Раней Лукашэнка казаў, што яго краіна служыла бар’ерам на шляху перакіданьня нелегальных мігрантаў і наркотыкаў у Літву, а зараз: «Будзеце самі іх есьці і лавіць».
  • Дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі» Дзьмітрый Мезенцаў заявіў 9 лістапада, што Менск «вытрымана і прафэсійна адказвае на апошнія падзеі на мяжы Беларусі і Эўразьвязу».
  • 12 лістапада авіякампанія «Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэна на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG