Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўзмацняе спэцтэхнікай сваю мяжу зь Беларусьсю празь міграцыйны крызіс


Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году.

Украіна не выключае, што міграцыйныя праблемы, зь якімі цяпер сутыкаюцца эўрапейскія краіны на мяжы зь Беларусьсю, могуць закрануць і ўкраінскую тэрыторыю.

«Украінскія межы падрыхтаваныя да такіх правакацый. Ужо пралічаныя магчымыя кірункі, якімі мігранты могуць дабрацца да Ўкраіны», — сказаў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Яўген Енін у камэнтары ўкраінскім СМІ.

Паводле яго, цяпер мяжа цалкам кантралюецца і адначасова ўзмацняецца яе ахова.

«Ажыцьцяўляем захады па інжынэрным абсталяваньні ўчастка дзяржаўнай мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю. Органы аховы дзяржаўнай мяжы Ўкраіны будуць узмоцненыя асабовым складам, тэхнікай і спэцыяльнымі сродкамі, у тым ліку бесьпілотнікамі і службовымі сабакамі», — удакладніў намесьнік міністра.

Як стала Свабодзе, сёньня ў другой палавіне дня адбудзецца пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны на чале з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Удзельнікі пасяджэньня абмяркуюць сытуацыю на паўночнай мяжы (якраз той участак, дзе Ўкраіна мяжуе зь Беларусьсю. — РС), а таксама ў энэргетычным сэктары.

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба паведаміў, што 10 лістапада ў Вашынгтоне на пасяджэньні камісіі стратэгічнага партнэрства Украіна—ЗША таксама будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі ў кантэксьце бясьпекі.

"На ўсіх сустрэчах будуць тры скразныя тэмы. Першая: бясьпека Украіны, асабліва ў кантэксьце напружанасьці, якую мы бачым на ўсходзе і ў Беларусі. Другая: энэргетычная бясьпека Ўкраіны як неад’емная частка больш шырокага кантэксту бясьпекі. Мы таксама абмяркуем "Паўночны паток-2".Трэцяя: эканамічнае разьвіцьцё Ўкраіны, прыцягненьне амэрыканскіх інвэстыцый, павелічэньне гандлю паміж нашымі краінамі", — сказаў Дзьмітро Кулеба журналістам у Вашынгтоне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG