Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты працэс у выніку нічога ня дасьць». Павал Латушка аб падпісаньні Пуціным і Лукашэнкам дэкрэту «саюзнай дзяржавы»


Павал Латушка

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падпісалі дэкрэт «саюзнай дзяржавы». Дакумэнт папярэдне завізаваў Пуцін. Лукашэнка падпісаў яго 4 лістапада падчас паседжаньня Вышэйшай дзяржрады, якое праходзіла ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.

«Калі вы ня супраць, я падпішу дэкрэт. Але адказваць будзем усе, ня толькі я», — сказаў Лукашэнка, падпісваючы дэкрэт.

Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка лічыць, што падпісаны дакумэнт будзе чакаць выкананьня гадамі, а «саюзная дзяржава» — непатрэбны інстытут. Сваю думку ён выказаў у эфіры тэлеканалу «Настоящее время».

— Раней Лукашэнка заяўляў, што менавіта гэтая сустрэча стане нейкім рашучым крокам інтэграцыі. На ваш погляд, ці стала яна такой?

— Я думаю, што гэта стала чарговым працэсам, які вядзе ў нікуды. Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на тры моманты: у нас адзіная пазыцыя ўсіх дэмсілаў Беларусі, якая палягае ў тым, што нелегітымнасьць спараджае нікчэмнасьць. Нелегітымнасьць Лукашэнкі нараджае нікчэмнасьць пагадненьняў, якія ён падпісвае. Гэта значыць юрыдычны факт не наступіў, якога б зьместу ні былі б гэтыя пагадненьні.

Другое: мы зыходзім з таго, што міжнародныя партнэры не ўспрымаюць такі інстытут, як «саюзная дзяржава», і не ўспрымаюць ніводнага з дакумэнтаў, што прымаецца ў рамках «саюзнай дзяржавы» і будзе мець якое-небудзь значэньне для зьнешніх партнэраў. Таму ёсьць поўнае непрызнаньне і такой структуры.

Трэцяе: толькі беларускі народ зьяўляецца крыніцай улады, і толькі пасьля фармаваньня менавіта беларускім народам легітымных органаў улады могуць падпісвацца якія б там ні былі міжнародныя пагадненьні і міжнародныя праграмы.

І гэтага ў дадзены момант няма ў Беларусі, таму гэта ня воля беларускага народу, гэта воля ўзурпатара Лукашэнкі, які ўтрымлівае сілай уладу.

Чацьвёрты момант: я хацеў бы выказаць чарговы раз расчараваньне пазыцыяй Расейскай Фэдэрацыі. Нягледзячы на тое, што ўсе апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што большасьць беларусаў выступае супраць так званай «саюзнай дзяржавы» і лічыць, што Лукашэнка павінен адысьці ад функцыянальнага выкананьня ўлады, тое, што прэзыдэнту Расеі трэба было б устанавіць кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, якія прадстаўляюць большасьць беларускага грамадзтва, — гэтага не адбываецца.

Гэта стратэгічная памылка Расеі — рашэньне, якое было прынята 9 жніўня мінулага году. І яна толькі паглыбляецца і пагаршаецца. Таму ўсё гэта працэс, але працэс, які нічога ня дасьць. Настане той час, калі ўсе гэтыя пагадненьні будуць перагледжаныя, і мы будзем заключаць, калі будзем заключаць, якія б там ні было пагадненьні, з усімі партнэрамі тады, калі будзе адпаведная ўлада прызнаная і легітымная.

— А ўсё ж да «саюзнай дзяржавы» вы як ставіцеся? Усё ж такі дагавор быў заключаны яшчэ ў 1999 годзе, гэта цяпер мы бачым нейкае разьвіцьцё, больш паглыбленую інтэграцыю, а той самы дагавор як яго аснова, да яго вы як ставіцеся?

— Як юрыст, які мае спэцыялізацыю ў галіне міжнароднага права, як беларускі дыплямат, грамадзянін Беларусі я лічу, што ў нас дастаткова прававых інструмэнтаў, якія б дазволілі заключаць нам пагадненьні ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва без пабудовы штучных органаў і штучных інстытутаў, якія на сёньняшні дзень не запатрабаваныя беларускім грамадзтвам і беларускім народам.

Я не гатовы судзіць аб думках расейцаў наконт гэтай структуры, але я думаю, зноў жа, як палітык, які прытрымліваецца дэмакратычных прынцыпаў, падобныя рашэньні могуць быць прынятыя толькі ў рамках рэфэрэндуму, які будзе праведзены з захаваньнем усіх дэмакратычных стандартаў.

— Спачатку «саюзная дзяржава», цяпер саюзныя праграмы, гэтая паглыбленая інтэграцыя. А што далей, як думаеце?

— Я памятаю, што яшчэ ў 2017 годзе пачаліся нейкія першыя актыўныя кантакты Пуціна і Лукашэнкі, калі Лукашэнка лятаў у Сочы. Я памятаю ягонае інтэрвію, як ён доўга апраўдваўся ў аэрапорце пра тое, што ён нічога не прадаў, нікога ня здрадзіў. Таму гэта ўжо пяць год рыхтуецца. Зыходзячы з гэтага, гэта будзе 5-10 гадоў і выконвацца. А на мой погляд, ніколі і ня будзе выканана. Бо сам пункт 4, здаецца, гэтага дакумэнта, як я па фатаграфіі з палаца ўзурпатара прачытаў, гаворыць пра тое, што тыя напрамкі, якія ня ўключаныя ў гэтыя мерапрыемствы, 28 картаў, прапанавана ўрадам унесьці прапанову да 31 сьнежня 2022 году — уносіць прапановы па тых напрамках, якія не ўвайшлі ў гэтыя карты. Ну калі гадамі ўносіць прапановы, гадамі іх абмяркоўваць, потым дзесяцігодзьдзямі іх выконваць — гэта абсалютна не патрэбны інстытут. Ёсьць зусім іншыя, больш эфэктыўныя, раўнапраўныя, узаемапаважлівыя спосабы разьвіцьця адносін у інтарэсах беларусаў і ў інтарэсах расейцаў.

Дыпляматыя — гэта заўсёды кампраміс, але кампраміс у інтарэсах свайго боку, я прытрымліваюся такога прынцыпу. Але тут кампрамісу ня можа быць у адным: мы не дазволім гандляваць ні незалежнасьцю, ні сувэрэнітэтам, ні правам беларусаў вырашаць свой лёс.

— У гэтых дакумэнтах ёсьць цікавы момант: беларускія нафтавыя кампаніі ж знаходзяцца пад санкцыямі, і пры гэтым Лукашэнка і Пуцін аб’яўляюць аб абʼяднаньні рынку нафты і газу. На практыцы што гэта будзе?

— Я думаю, што цяпер неабходна чакаць другасных санкцый Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія ў адпаведнасьці з выканаўчым указам Байдэна ад 9 жніўня 2021 года павінны ўступіць у сілу 9 сьнежня 2021 году. І тады ўжо другасныя санкцыі будуць істотна ўплываць на партнэраў, якія падтрымліваюць адносіны зь беларускімі кампаніямі, якія трапілі пад амэрыканскія санкцыі.

Гэта пагражае ня толькі блякаваньнем такіх адносін, ня толькі прамымі санкцыямі — гэта ў тым ліку пагражае часта і па правілах ЗША, калі, вядома, гэта тычыцца рэзыдэнтаў ЗША і крымінальнай адказнасьцю, і штрафамі ў памеры да 1 мільёна даляраў. Гэта рэпутацыйныя рызыкі, іміджавыя рызыкі.

Я думаю, любы бізнэсовец, калі яго пугай ня будуць заганяць і яшчэ дубінкай зьверху па галаве біць, ніхто ня пойдзе на падпісаньне такіх кантрактаў ці пагадненьняў, рызыкуючы сваім бізнэсам. Толькі сілай і адміністрацыйным рычагом можна гэта зрабіць.

Я ўвогуле не разумею абсурднасьць гэтай палітыкі, якая праводзіцца зараз з боку ўсходняга суседа. Бо абсалютна нармальна, на ўзаемапаважлівых асновах можна весьці дыялёг, можна падтрымліваць менавіта меркаваньне беларусаў, пазыцыю беларусаў, а не ўзурпатара. Навошта гандляваць з узурпатарам? Значыць, няма даверу — давер падарваны, гэты давер падарваны на многія гады. Як яго будзем аднаўляць? Будзем думаць, як будзем узнаўляць, гэта будзе вельмі складана. Мусіць, гэта будзе звышзадача. Але гэтую праблему зараз ствараем ня мы, не дэмакратычныя сілы, а менавіта наш партнэр.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG