Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы сталі кібэрпартызанамі, і іх ня вельмі спалохаеш». Як працуе «Белсат», прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем»


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» тэлеканал «Белсат» — а менавіта «групу грамадзянаў, аб’яднаных праз інтэрнэт-рэсурсы» «Белсата».

Кіраўнік інфармацыйнай рэдакцыі «Белсату» Дзьмітрый Ягораў расказаў «Настоящему времени», як працуе тэлеканал ва ўмовах татальнай забароны і прызнаньня па-за законам і ці баяцца людзі цяпер глядзець навіны.

— Раскажыце, ці плянуе цяпер «Белсат» працягваць працаваць у Беларусі, захоўваць там нейкую карэспандэнцкую сетку? Калі так, дык якім чынам?

— Безумоўна, мы плянуем працаваць далей. У гэтым сэнс нашага існаваньня, нашага тэлеканалу. Мы плянуем далей несьці незалежную інфармацыю для ўсіх, каму яна патрэбная ў Беларусі. А апошнім часам мы бачым, што запыт на такую інфармацыю вельмі вялікі, нягледзячы на ўсе гэтыя спробы забараніць і пакараць нават тых, хто падпісаны ці дзеліцца нашым матэрыялам.

— Як фізычна могуць вашыя журналісты знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі — здымаць, запісваць камэнтары людзей на вуліцах і гэтак далей?

— Я не магу раскрываць усіх сакрэтаў, але магу сказаць, што мы будзем працягваць працу. Мы дагэтуль атрымліваем ад нашых калегаў зь Беларусі здымкі, відэа. Акрамя таго, нас ратуюць нашыя гледачы, якія таксама дасылаюць сваю інфармацыю, як тэкставую, гэтак і відэа, гэтак і фота. І пакуль што мы з гэтага жывём, хоць разумеем, што кожны, хто выйдзе з тэлекамэрай на вуліцу, — я маю на ўвазе незалежных журналістаў, — хутчэй за ўсё, такі выхад скончыцца адседкай. І дай Бог, калі гэта будзе 15 сутак, а ня некалькі гадоў.

— Вы разумееце, як гэта ў Менску зараз адбываецца? Любы чалавек са здымачнай апаратурай прыцягвае ўвагу міліцыі?

— Так, абсалютна. Нават быў такі выпадак, калі прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі запрашала замежных тэлежурналістаў ужо пасьля пратэстаў, і яны паспрабавалі зрабіць вулічнае апытаньне і былі на працягу 15–20 хвілін схопленыя беларускай міліцыяй, пракаціліся ў аўтазаку і трапілі ў пастарунак. Але потым іх адпусьцілі.

Што ж тычыцца нас, то зараз проста ніхто не рызыкуе выходзіць з прафэсійнай тэлекамэрай. На шчасьце, ёсьць смартфоны, ёсьць айфоны з добрымі камэрамі, якія даюць карцінку ня горшую. А з улікам таго, што смартфон ёсьць у кожнага беларуса цяпер, практычна кожны можа быць журналістам «Белсату».

— Што тычыцца рызыкаў для вашай аўдыторыі. Чалавек, які глядзіць, напрыклад, ваш тэлеканал па спадарожніку дома, — яму нешта пагражае?

— Цяжка сказаць. Тыя, хто глядзіць праз спадарожнік, іх ня так шмат, бо яшчэ да гэтага беларускія ўлады арганізавалі цэлую кампанію па выкарчоўваньні спадарожнікавых талерак, у каго зь беларусаў яны былі. Гэта перш за ўсё малыя гарады і вёскі. Галоўным чынам нас глядзяць праз інтэрнэт. Як могуць караць нашых гледачоў — сказаць цяжка. Цяпер чапляюцца да людзей, якія падпісаныя на тэлеграм-канал ці іншыя сацыяльныя сеткі. Але ў той жа час я хачу падкрэсьліць, што калі ў таварыша маёра будзе задача кагосьці ўпекчы за краты за тое, што ён экстрэміст, нават ня трэба быць падпісаным на «Белсат» ці любы іншы «экстрэмісцкі» СМІ. Дастаткова, калі міліцыянэр забярэ тэлефон і на працягу 30–40 сэкундаў падпішацца на любы з гэтых каналаў, перашле якому-небудзь знаёмаму кантакту, і ён ужо распаўсюдзіць вось такую забароненую інфармацыю, а гэта ўжо як мінімум 15 сутак.

— Гледачы неяк адрэагавалі на прызнаньне тэлеканалу экстрэмісцкім? Вы ўбачылі, што губляеце аўдыторыю, ці, наадварот, яна пачала павялічвацца?

— З аднаго боку, мы назіраем некаторы спад колькасьці падпісчыкаў. Але, зь іншага боку, мы бачым хвалю салідарнасьці ад нашых гледачоў і чытачоў. Справа ў тым, што беларусы за гэты год пратэстаў і жахлівых рэпрэсій сталі нагэтулькі кібэрпартызанамі. Цяпер вельмі шмат хто ўмее карыстацца VPN, двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй, нейкае падвойнае дно ў тэлефоне, падвойная сыстэма — усе шыфруюцца. Гэта ня так проста. Беларусы зьдзейсьнілі моцны рывок тэхнічнай падкаванасьці. І зараз гэтым ня вельмі спалохаеш. Як я казаў раней, калі нават ты ня будзеш ні на што падпісаны, а міліцыі ці спэцслужбам захочацца цябе ўзяць і пасадзіць, яны проста гэта зробяць без твайго ведама.

  • «Белсат» — спадарожнікавы тэлеканал, створаны на падставе дамовы МЗС Польшчы і TVP (Польскага грамадзкага тэлебачаньня) у 2007 годзе. Вяшчае ў асноўным на беларускай мове. Канал актыўна асьвятляў пратэсты ў Беларусі, за гэта шмат журналістаў тэлеканалу неаднаразова судзілі і арыштоўвалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG