Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі і яе мужа арыштавалі на 15 сутак за нібыта захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў»


Ірына Слаўнікава і Аляксандар Лойка, архіўнае фота

Суд Першамайскага раёну Менску пакараў затрыманых 30 кастрычніка афіцыйную прадстаўніцу тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку.

Абаіх абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Сужэнцы расказалі, што іх затрымалі на пашпартным кантролі, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж.

Як высьветлілася падчас працэсу, Ірыне Слаўнікавай і Аляксандру Лойку інкрымінавалі захоўваньне на сваіх старонках у Facebook матэрыялаў, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Справу Аляксандра Лойкі разглядаў судзьдзя Першамайскага раёну Менску Максім Трусевіч. Мужчыну абвінавацілі ў «захоўваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай дэманстрацыі». Зафіксавалі тры эпізоды, якія датуюцца 2017, 2018 і 2019 гадамі.

Ніякія аргумэнты на судзьдзю не паўзьдзейнічалі, вырак — 15 сутак арышту.

Наступнай пачалі разглядаць справу Ірыны Слаўнікавай, судзіў яе таксама Максім Трусевіч. Ад падсуднай стала вядома, што затрымлівалі іх супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яе абвінавацілі ў захоўваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сваёй старонцы ў Facebook: артыкулы з сайта «Белсату» і ягоных «люстраў». Усе матэрыялы разьмешчаныя да таго, як сайты былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Судзьдзя Трусевіч ня ўзяў гэта пад увагу і пакараў прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі 15 суткамі арышту.

Сужэнцаў спынілі ў ноч на 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце, калі яны вярнуліся з адпачынку ў Эгіпце. Калі сваякі не дачакаліся родных, памежнікі ды мытнікі заявілі, што «нікога не затрымлівалі».

Пасьля гэтага бацька Ірыны прыехаў у Савецкі РУУС Менску, каб падаць заяву аб зьнікненьні дачкі. Толькі там яму паведамілі, што дачку і зяця затрымалі міліцыянты Першамайскага РУУС за «адміністрацыйнае правапарушэньне».

Пазьней стала вядома, што іх зьмясьцілі да суду ў ізалятар на Акрэсьціна. Як расказаў падчас працэсу Аляксандар Лойка, ён быў у камэры на дваіх, дзе агулам было 10 чалавек. Спаць мусіў на падлозе. Па яго словах, міліцыянты хацелі запісаць зь ім «пакаяльнае відэа», ён адмовіўся.

Ірына Слаўнікава — афіцыйная прадстаўніца тэлеканалу «Белсат» у Беларусі, намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Хутка год, як у зьняволеньні знаходзяцца журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG